Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэдсёстры баяцца там працаваць, плачуць». Расказ супрацоўніцы шпіталя, дзе ляжаў хворы з каранавірусам


Паводле інфармацыі БелаПАН, два трэнэры гомельскай СДЮШАР № 4 захварэлі на пнэўманію «з папярэднім станоўчым тэстам на каранавірус». Як стала вядома Свабодзе, адзін з трэнэраў, якому 47 гадоў, цяпер у рэанімацыі. Да таго, як выявілі каранавірус, ён праходзіў лячэньне з пнэўманіяй у гарадзкім шпіталі № 1.

Афіцыйна паведамляецца, што «праведзена шпіталізацыя кантактаў першага ўзроўню, арганізавана іх лябараторнае абсьледаваньне». За кантактамі другога ўзроўню арганізавана мэдычнае назіраньне.

Як стала вядома Свабодзе, да кантактаў першага ўзроўню аднесены 68 чалавек, другога — 84. Кантакты першага ўзроўню даставілі ў шпіталь на вуліцы Цыялкоўскага. Раней там было анкалягічнае аддзяленьне. Цяпер яго перапрафілявалі пад інфэкцыйнае.

Трэнэр трапіў з пнэўманіяй у гарадзкі клінічны шпіталь № 1. Там тры корпусы, аддзяленьні тэрапіі, кардыялёгіі, рэўматалёгіі, траўматалёгіі, паталёгіі цяжарнасьці і апёкавы цэнтар.

Гомельскі гарадзкі клінічны шпіталь № 1
Гомельскі гарадзкі клінічны шпіталь № 1

Пасьля таго як у трэнэра выявілі каранавірус, яго перавялі ў інфэкцыйны шпіталь.

«Але ён жа кантактаваў з нашымі мэдыкамі, мэдсёстрамі... Цяпер у нашым шпіталі вэрхал нейкі. Апёкавы цэнтар працуе, ён у асобным корпусе, але іншыя аддзяленьні „забітыя“ пнэўманіямі. І гэта не цяпер пачалося — яшчэ два тыдні таму, дакладна. І кардыялёгія была „забітая“ пнэўманіяй. Праўдзівай інфармацыі нам ня кажуць, але ў галоўным корпусе і прыёмным аддзяленьні мэдыкі цяпер ходзяць у „скафандрах“. Супрацоўнікам апёкавага цэнтру, ня ўсім, я так разумею, дазволілі сёньня браць адпачынкі за свой кошт», — сказала на ўмовах ананімнасьці адна з працаўніц шпіталя.

Гарадзкі клінічны шпіталь № 1
Гарадзкі клінічны шпіталь № 1

Яна кажа, што мэдсясьцёр зь фізіятэрапэўтычнага аддзяленьня адпраўлялі на дапамогу ў прыёмнае аддзяленьне.

«Яны баяліся ісьці туды. У тым жа корпусе быў пацыент з каранавірусам. Але кіраўніцтва загадала. Адна мэдсястра сядзела і плакала, баялася туды ісьці, а потым пайшла туды, у прыёмнае, дапамагаць. Казала, што там „вэрхал поўны“. Як нашы мэдсёстры будуць хадзіць у той „заразны“ корпус? Яны ж таксама там могуць нешта падчапіць і заразіцца? У галоўным корпусе ізалююць лекараў, якія кантактавалі з хворым трэнэрам», — сказала працаўніца шпіталя.

На шпіталі № 1 вечарам 1 красавіка была вывешана абвестка: «Наведваньні абмежаваныя, масачны рэжым». Насустрач карэспандэнту выйшла супрацоўніца шпіталя ў ахоўным гарнітуры. Яна забараніла фатаграфаваць і абурылася: «Чаму такі ажыятаж паднялі вакол нашага шпіталя?» Таксама выйшлі іншыя супрацоўнікі шпіталя № 1 і прапанавалі па ўсю інфармацыю зьвяртацца ў прэсавую службу аблвыканкаму.

На пытаньне, чаму ў прыёмным аддзяленьні людзі ў ахоўных гарнітурах, адказалі: «На ўсялякі выпадак, каб не заразіцца, невядома, хто прыходзіць у шпіталь».

Іншыя супрацоўнікі неафіцыйна патлумачылі, што некаторыя аддзяленьні сапраўды перапрафіліравалі для хворых з вострымі рэсьпіратарнымі віруснымі інфэкцыямі і пнэўманіямі.

«Але звычайнымі віруснымі захворваньнямі, а не каранавірусам», — падкрэсьлілі супрацоўнікі шпіталя.

Паводле іх, шпіталь паўпусты, пацыентаў мала. Тое, што ён перапоўнены хворымі з пнэўманіяй, — «лухта».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG