Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя з пандэміяй пагоршылася, але ўлады ўзмацнілі рэжым сакрэтнасьці


Менская клінічная інфэкцыйная лякарня, ілюстрацыйнае фота
Менская клінічная інфэкцыйная лякарня, ілюстрацыйнае фота

Мэдычная сыстэма ў Беларусі, апроч асноўнай задачы ратаваньня людзей, выконвае важную палітыка-ідэалягічную функцыю. Яна павінна падтрымліваць прапанаваны Лукашэнкам міт пра пандэмію як псыхоз.

Сьцісла:

  • Здаецца, што стратэгія ўладаў лякалізаваць асяродкі заражэньня сіламі толькі Міністэрства аховы здароўя не спрацоўвае.
  • Аб’ём інфармацыі зрабіўся адваротна прапарцыйны маштабу захворваньняў.
  • Кіраўнікі мэдычных установаў і дактары фактычна пераведзеныя на рэжым сакрэтнасьці, яны запалоханыя так, што баяцца даваць любую інфармацыю.
  • Што тычыцца стаўленьня да грамадзтва, дык тут улады дзейнічаюць па звыклай лёгіцы: калі вы нам ня верыце, то мы вас прымусім.

Мяркуючы па ўсім, у сытуацыі з каранавірусам у Беларусі адбыўся якасны зрух. Нават калі кіравацца афіцыйнымі лічбамі, то за трое сутак колькасьць хворых вырасла з 94 да 152. Яшчэ ў нядзелю дзяржаўныя тэлеканалы са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя паведамлялі, што за ўвесь час пандэміі ў краіне праведзена 24 тысячы тэстаў на каранавірус. А ў панядзелак ужо назвалі лічбу ў 30 тысяч тэстаў.

Сёньня 31 сакавіка Лукашэнка адзначыў, што, паводле ягоных адчуваньняў, Беларусь знаходзіцца на піку захворваньняў. Але факты сьведчаць якраз пра хуткі рост.

Пандэмія пайшла ў рэгіёны. Калі раней асяродкамі заражэньня, акрамя Менску, былі Віцебск (які становіцца галоўным асяродкам), Горадня, Гомель, то ўжо ў панядзелак зьявіліся паведамленьні пра захворваньні на гэты вірус у Лельчыцах, Іўі, Капылі. Гэта малыя райцэнтры.

Здаецца, што стратэгія ўладаў лякалізаваць асяродкі заражэньня сіламі толькі Міністэрства аховы здароўя не спрацоўвае. Вірус вырваўся за акрэсьленыя межы. Мяркуючы па ўсім, сытуацыя выходзіць з-пад кантролю.

І вось тут адбыўся другі якасны зрух, зьвязаны з інфармацыйнай палітыкай уладаў. Зрух, на які зьвярнулі ўвагу ў заяве БАЖ і звароце рэдакцыі TUT.BY. Абʼём інфармацыі зрабіўся адваротна прапарцыйны маштабу захворваньняў.

А як прыгожа ўсё пачыналася! У першыя дні зьяўленьня каранавірусу ў Беларусі Міністэрства аховы здароўя было ўзорам інфармацыйнай адкрытасьці і празрыстасьці. Падрабязна апавядалі пра ізаляцыю іранскага студэнта, комплекс захадаў па нэўтралізацыі вірусу сярод студэнтаў БНТУ. Гэта было вельмі нязвыкла. Думалася — няўжо ўлады нарэшце зразумелі, што падчас падобных крызісаў чым больш інфармацыі, тым больш даверу да ўлады і тым менш чутак?

Першае сумненьне зьявілася пасьля заявы Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства інфармацыі, скіраванай супраць палітычных апанэнтаў і незалежных мэдыя. І хутка ўсё стала на свае месцы.

Мой калега Віталь Цыганкоў два тыдні таму пісаў у сваім блогу: «У мяне асабіста расьце ўражаньне, што на пэўным этапе ўлады не пазьбегнуць спакусы паспрабаваць падмануць зь лічбамі. Калі прынята стратэгія „ў нас усё спакойна, нічога страшнага не адбываецца“, то маніпуляцыі зь лічбамі могуць адбывацца нават без званка зьверху, проста ад адчуваньня чыноўнікамі пазыцыі кіраўніка дзяржавы».

Здаецца, гэтыя прагнозы збываюцца. Афіцыйныя мэдыі даюць толькі пазытыўную інфармацыю пра вялізныя перавагі беларускай сыстэмы аховы здароўя ў параўнаньні з эўрапейскімі краінамі. Паведамленьні Мінздароўя зьяўляюцца ўсё радзей і нагадваюць, які пішуць журналісты, рэбусы. Кіраўнікі мэдычных установаў і дактары фактычна пераведзеныя на рэжым сакрэтнасьці, яны запужаныя так, што баяцца даваць любую інфармацыю.

Пару гадоў таму Лукашэнка казаў пра настаўнікаў, што яны ў Беларусі выконваюць важную палітычную функцыю. Ён меў на ўвазе іхнюю ролю падчас выбараў.

Вось цяпер высьвятляецца, што і дактары ў Беларусі, апроч асноўнай задачы — ратаваньня людзей, выконваюць важную палітыка-ідэалягічную функцыю. Яны павінны падтрымліваць прапанаваны Лукашэнкам міт пра пандэмію як усясьветны псыхоз, пра Беларусь як выспу бясьпекі ад каранавірусу, пра дзяржаўную мудрасьць кіраўніка дзяржавы, які адзін ідзе супраць усяго сьвету.

Можна казаць, што аўтарытарныя рэжымы па-іншаму дзейнічаць і ня могуць, бо такая іх прырода. І яна асабліва выяўляецца ў такія крызісныя моманты.

Але вось падобны рэжым у Кітаі дзейнічаў па-іншаму. Няхай і са спазьненьнем. Праўда, у яго ёсьць апраўданьне. Кітай быў першай краінай, якая зазнала такі ўдар, і спачатку не да канца была зразумелай уся небясьпека каранавірусу. Дый у Расеі ўлады паводзяць сябе па-іншаму.

Учора, 30 сакавіка, Лукашэнка правёў нараду на тэму пагрозы з боку НАТО. Гэта лішні раз пацьвердзіла, што краіна і яе кіраўнік жывуць у розных рэальнасьцях.

Што тычыцца стаўленьня да грамадзтва, дык тут улады дзейнічаюць паводле звыклай лёгікі: калі вы нам ня верыце, то мы вас прымусім. Лукашэнка даручыў КДБ разабрацца зь «нягоднікамі, якія ўкідваюць гэтыя фэйкі». А 27 сакавіка ён канстатаваў, што зьявіліся людзі, якія спрабуюць хайпануть у інтэрнэце на тэме каранавірусу, але «мы пачалі адлоўліваць такіх і пытацца». Хутчэй за ўсё, ён мае на ўвазе затрыманьне галоўнага рэдактара незалежнай інтэрнэт-газэты «Ежедневник» Сяргея Сацука.

Хто яшчэ сумняецца ў праўдзівасьці і дакладнасьці афіцыйнай інфармацыі? Падыміце рукі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

31.03.2020 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG