Аналітыкі Bank of America пагоршылі прагноз цэнаў на нафту эталённых гатункаў на бягучы і наступны год, перадае Reuters.
Прагноз цэнаў на нафту маркі Brent зьніжаны да 37 даляраў за барэль у 2020 годзе і да 45 даляраў у 2021-м. Цэны на нафту WTI, згодна з абноўленым прагнозам, складуць 32 і 42 даляры за барэль адпаведна.
Пры гэтым экспэрты не выключаюць, што цана абедзьвюх марак можа часова апускацца ніжэй за 20 даляраў за барэль у красавіку з прычыны недахопу вольнага месца ў нафтасховішчах.
Аналітыкі таксама пагоршылі прагноз сусьветнага попыту на нафту, чакаючы рэкорднага падзеньня спажываньня. Яны лічаць, што попыт упадзе на 12 млн барэляў у суткі ў другім квартале 2020 году і на 4,5 млн барэляў у сярэднім за год.
Цана ф’ючэрса на нафту Brent з пастаўкай у чэрвені пасьля істотнага падзеньня паднялася на 2,12% да 26,98 даляра за барэль. Травеньскія ф’ючэрсы на WTI дадалі 5,67%, да 21,23 даляра.