Міністэрства аховы здароўя Беларусі 27 сакавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: 32 пацыенты «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні».
Днём раней Мінздароўя не публікавала актуальнай статыстыкі. Два дні таму Мінздароўя паведамляла пра 86 выпадкаў — за два дні выявілі 8 новых. Колькасьць «актыўных выпадкаў» за два дні павялічылася на 5.
Што яшчэ расказалі на прэс-канфэрэнцыі:
- Яшчэ ня выпісалі, але «рыхтуюцца да выпіскі» і могуць быць выпісаныя неўзабаве 7 чалавек.
- У жанчыны з Жыткавічаў канчатковы вынік тэстаў на COVID-19 адмоўны, хоць першы даў станоўчы вынік.
- Мінздароўя сьвядома выбрала тактыку «нештодзённага інфармаваньня» пра COVID-19, бо, як сказала намесьніца міністра Алена Богдан, «нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца». Як відаць са статыстыкі Сусьветнай арганізацыі здароўя, практычна ўсе іншыя краіны Эўропы даюць статыстыку штодзень.
- Пацыентаў на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх цяпер няма. Пацыентка, якая была пад інтэнсіўным назіраньнем, мае станоўчую дынаміку.
- Захваральнасьць COVID-19 Мінздароўя называе «спарадычнай» — «у некаторых рэгіёнах адзінкавай».
- Мэдыкаў, якія кантактуюць з інфікаванымі SARS-CoV-2, назіраюць штодзень, апытваюць, тройчы на дзень мераюць тэмпэратуру, тэстуюць на першы і трынаццаты дзень працы.
- На дабрачынны рахунак Мінздароўя на 9 раніцы паступіла 551 949 рублеў і 37 капеек, 16 122 эўра і 47 эўрацэнтаў. Грошы ў першую чаргу накіруюць на ахоўнае адзеньне мэдыкаў, стварэньне запасаў тэставых сыстэмаў і лекаў.
- Сытуацыя з мэдыцынскімі маскамі, антысэптыкамі ды іншымі сродкамі «пад кантролем». Ужо наладзілія вытворчасьць рэсьпіратараў на прадпрыемстве, якое прастойвала з 2015 году; нарошчваюць вытворчасьць антысэптыкаў.
- Каля РНПЦ «Маці і дзіця» будуюць не часовы шпіталь для інфікаваных, а анастэзіёляга-рэанімацыйны корпус і корпус для неданошаных дзяцей.
- У лячэбных установах вольнае 2221 месца для шпіталізацыі кантактных асобаў з інфікаванымі каранавірусам, «перапаўненьня» няма, а служба «хуткай дапамогі» працуе ў звычайным рэжыме.
- Прыцягваньне сілавых структураў для прымусу да выкананьня загадаў Мінздароўя пакуль не разглядаюць — іх прыцягваюць толькі ў кантролі самаізаляцыі тых, хто прыбыў з краінаў зь «неспрыяльным эпідэміялягічным становішчам». З-пад карантыну яшчэ ніхто не ўцякаў.
- Тэсты на COVID-19 на мяжы здаюць ня ўсе, хто перасякае мяжу, бо «незалежна ад вынікаў дасьледаваньня» кожны мусіць быць 14 дзён у рэжыме самаізаляцыі. Чальцы іх сем’яў не абавязаныя ізалявацца, але ім «варта назіраць за ўласным здароўем».
- На пытаньне пра тое, як хутка пацыенты мусяць атрымаць вынікі тэстаў на COVID-19, на прэс-канфэрэнцыі не адказалі. Раней сьцьвярджалася, што вынікі маюць быць гатовыя цягам 4–24 гадзінаў, але шэраг пацыентаў заяўлялі, што не атрымліваюць вынікі па тры дні і даўжэй.
- У месцах пазбаўленьня волі «няма каранавіруснай інфэкцыі».
- «Самы небясьпечны прадмет — гэта нашы рукі», іх ва ўмовах пандэміі трэба часта і правільна мыць.
Чаму ў Беларусі ня так шмат выпадкаў, як у іншых краінах?
У Эўропе Беларусь зьяўляецца адной з краінаў, найменш інфікаваных новым каранавірусам. На 27 сакавіка менш выпадкаў фіксавалі толькі ў Грузіі (81), Чарнагорыі (70) і часткова прызнаным Косаве (71), а таксама ў мікрадзяржавах — Ліхтэнштэйне (56), Манака (33) і Ватыкане (4).
У адрозьненьне ад усіх суседніх краінаў, Беларусь не закрывала межаў. Але ад 26 сакавіка ўсіх, хто прыбывае з краінаў, дзе былі ўспышкі COVID-19 (а гэта амаль увесь сьвет — акрамя некалькіх краінаў у Афрыцы і Азіі, а таксама некалькіх астраўных дзяржаваў), адпраўляюць на абавязковую 14-дзённую самаізаляцыю.
Прадстаўніцы Мінздароўя сьцьвярджаюць, што ў Беларусі выпадкі COVID-19 ня ўтойваюць.
На пытаньне аб надзвычай нізкай колькасьці выпадкаў і надзвычай добрым ачуньваньні прадстаўніцы Мінздароўя адказалі, што «мы робім усё, каб не было, як у некаторых краінах Эўропы», «робім усе захады для спакойнага жыцьця ў краіне», «сытуацыя спакойная і абсалютна кантраляваная», «хоць сьвет гарыць вакол».
«На шчасьце, захавалася сыстэма аховы здароўя, рэсурс якой разьлічваўся на такія сытуацыі, — заявіла галоўная санітарная лекарка Натальля Жукава. — Таму ў нас пакуль ня так. Спадзяёмся, што і далей мы зможам захаваць сытуацыю кіраванай».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.