Сьцісла:
- Расея робіць крокі ў тым жа кірунку мераў антыпандэмічнай бясьпекі, у якім крочыць увесь сьвет
- Абвешчаныя Пуціным тыднёвыя выходныя — фактычна той жа карантын, які так не называецца
- Хіба толькі адзін кіраўнік дзяржавы ў сьвеце ўпарта чапляецца за сваю відавочна неадэкватную рыторыку
- Іншыя дзяржаўныя чыноўнікі сваімі дзеяньнямі фактычна абвяргаюць кіраўніка дзяржавы
- Сёньняшні зварот Пуціна стане моцны чыньнікам, які будзе прымушаць беларускія ўлады памяняць прынамсі рыторыку
- Калі здаецца, што звар’яцелі літаральна ўсе, акрамя аднаго, напрошваецца натуральная гіпотэза — а можа ня ўсё ў парадку як раз з гэтым адным?
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў з адмысловым зваротам з нагоды пандэміі каранавірусу. Ён абвясьціў тыдзень выходных для ўсіх расейцаў, каб зьменшыць тэмп распаўсюду хваробы, а таксама перанёс на няпэўны тэрмін усенароднае галасаваньне па папраўках у Канстытуцыю.
Відавочны кантраст паміж палітыкай і рыторыкай расейскага і беларускага лідэраў. Расея робіць крокі ў тым жа кірунку мераў антыпандэмічнай бясьпекі, у якім крочыць увесь сьвет, у прыватнасьці, уся Эўропа. Пры гэтым меры, пра якія абвясьціў прэзыдэнт Расеі, значна больш мяккія, чым тыя, якія прынятыя ў краінах Эўропы. У Расеі не абвяшчаецца ані агульнанацыянальны карантын, ані локдаўн — спыненьне ўсіх сфэраў эканомікі, акрамя тых, якія забясьпечваюць наўпроставую жыцьцядзейнасьць грамадзтва.
Карантын пад псэўданімам
Выходныя — гэта выходныя, ня трэба толькі на працу хадзіць, можна па горадзе пагуляць, зь сябрамі сустрэцца, у рэстарацыю пайсьці. Гэта ня тая самаізаляцыя, да якой даволі строга заклікаюць грамадзянаў урады многіх краінаў Эўропы. Пуцін у сваім звароце, праўда, таксама сказаў расейцам: Лепш вам заставацца дома.
Абвешчаныя ім тыднёвыя выходныя — фактычна той жа карантын, які так не называецца.
Ці прынясе ён карысьць, ці спыніць ён распаўсюд хваробы, ці ня лепш былі б больш жорсткія меры і прынамсі больш працяглы фактычны карантын — гэта пытаньне складанае.
Ужо шмат разоў сказана пра тое, што пандэмія стварае жахлівую дылему паміж выжываньнем людзей і выжываньнем эканомікі, якая таксама ёсьць умовай выжываньня людзей. Вялікабрытанія на гэтым тыдні прыняла больш жорсткія меры супраць пандэміі, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў прынамсі пра тое, што зробіць гэтыя меры крыху больш мяккімі.
Але адно пытаньне — жорсткасьць практычных мераў, і іншае — усьведамленьне, асэнсаваньне, прызнаньне небясьпекі. У апошнім пытаньні і Пуцін салідарны зь лідэрамі іншых дзяржаваў. І хіба толькі адзін кіраўнік дзяржавы ў сьвеце ўпарта чапляецца за сваю відавочна неадэкватную рыторыку: маўляў, гэта псыхоз, выпіце гарэлкі і як рукой здыме, гэта такая ж лухта і пудзіла, як колішнія птушыныя і іншыя грыпы.
Псыхоз - рыторыка і рэальнасьць
Ну відавочна ж, што не такая ж. І дзяржава, іншыя яе зьвёны, сваімі дзеяньнямі абвяргаюць кіраўніка дзяржавы. Ну ня ставілі ўсю мэдыцыну краіны фактычна ў вайсковы шыхт падчас птушыных і іншых групаў, а цяпер — паставілі. Не дастаўлялі тады хворых у шпіталі ў адмысловых камэрах, не дастаўлялі іх мэдыкі, апранутыя як супраць атакі біялягічнай зброяй.
Паўтаруся, наколькі адэкватныя меры, якія прымаюцца ў Беларусі — спрэчнае пытаньне. Але рыторыка ўжо абсалютна неадэкватная, неадэкватныя сыгналы, якія грамадзтва атрымлівае ад найвышэйшай улады. Ганна Севярынец дала горкае апісаньне, як у школах фактычна цкуюць дзяцей, якія ня ходзяць на заняткі ці прыходзяць на іх у масцы. Чаму? Найвышэйшае ўказаньне — бяз панікі, ніякай эпідэміі няма.
Сяргей Дубавец распавёў, што на яго ў масцы глядзелі ў краме, як на варʼята. Іронія сытуацыі палягала ў тым, што маскай Сяргей абараняў не сябе (яна ня надта абараняе яе носьбіта), а іх, тых, хто ўсьміхаўся ці паціскаў плячыма на ягоны выгляд. Ізноў жа — чаму? Дык каманды не было, а каманда была — «Ціха, ціха, нічога няма, журналюгі і тэлеграм-каналы ўсё выдумалі».
І рыторыка аказваецца прамой перашкодай уратаваньню людзей. Чаму за яе Лукашэнка чапляецца? Ня думаю, што сапраўды верыць у тое, што пандэмія — гэта лухта, «псыхоз». Але ёсьць страх — а раптам паніка? Ну і «залежнасьць ад каляіны»: Я сказаў — лухта, значыць, так будзе заўсёды.
Палітыкі ў сьвеце мяняюць падыходы, а не стаяць на аднойчы занятай пазыцыі.
Беларускае рэха звароту Пуціна
Мяркую, што сёньняшні зварот Пуціна стане моцны чыньнікам, які будзе прымушаць беларускія ўлады памяняць прынамсі рыторыку. Для многіх беларусаў Расея — кропка адліку, узор, для немалой часткі Пуцін — аўтарытэт. Ну ладна Кітай, там многа людзей захварэлі, таму там усё па-сурʼёзнаму было. А ў нас — несурʼёзна і пандэміі няма. Ну ладна ў Эўропе, Італіі ці Гішпаніі — у нас усё па-іншаму, там сотні памерлых, а ў нас ніводнага, прынамсі, афіцыйна. Так што пандэміі няма.
І вось гаворыць Пуцін — бяда, пагроза, пераносіць на няпэўны час рэфэрэндум па любімых папраўках у Канстытуцыю, абвяшчае тыднёвыя выходныя, якія, здаецца, ніколі ў расейскай гісторыі не абвяшчаліся. І гэта пры тым, што ў Расеі адносная да колькасьці насельніцтва лічба хворых афіцыйна пакуль невялікая, параўнальная з беларускай. А Пуцін абвяшчае пра экстраардынарныя, беспрэцэдэнтныя меры. Атрымліваецца, што і ён паддаўся псыхозу, і ён зварʼяцеў? Калі здаецца, што зварʼяцелі літаральна ўсе, акрамя аднаго, напрошваецца натуральная гіпотэза — а можа ня ўсё ў парадку як раз з гэтым адным?
Не, Лукашэнка не варʼят. Ён проста стаў закладнікам уласнай рыторыкі. Трэба выйсьці з гэтага закладу, не чапляцца за ўласныя заявы, якія сталі відавочна неадэкватнымі.
Гэта зьменіць прынамсі абсалютна нездаровую атмасфэру абмеркаваньня пандэміі, спыніць цкаваньне людзей, якія ратуюцца ад яе. Наўрад ці ў выніку беларусы кінуцца разьмятаць туалетную паперу ці рабіць нешта падобнага кшталту.
Проста, як мінімум словы, разуменьне сытуацыі, прыйдуць у адпаведнасьць зь ёй, адбудзецца вяртаньне ў рэальнасьць. А гэта ўжо нямала.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.