Падчас брыфінгу ў Белым доме, прысьвечанага барацьбе з пандэміяй, Дональд Трамп выказаў сваю галоўную мэту — аслабіць карантын ужо да Вялікадня, які каталікі і пратэстанты сьвяткуюць сёлета 12 красавіка.
Трамп заявіў, што Белы дом «настойліва працуе» над тым, каб рэалізаваць абяцаньне аслабіць патрабаваньні сацыяльнага дыстанцыяваньня к Вялікадню.
«Маім прыярытэтам заўсёды застаюцца здароўе і бясьпека амэрыканскага народу. Мы працягваем ацэньваць дадзеныя і прымаем рашэньні на падставе таго, што лепш за ўсё адпавядае інтарэсам нашай краіны», — падкрэсьліў прэзыдэнт.
Дональд Трамп заявіў, што ўступленьне ў сілу закону аб абароннай вытворчасьці паслужыць дастатковым «рычагом», каб прымусіць кампаніі пачаць вытворчасьць мэдыцынскіх расходных матэрыялаў.
У ЗША зарэгістравана больш за 52 000 выпадкаў інфікаваньня каранавірусом, ад якога загінулі прыкладна 680 чалавек. За мінулыя суткі ахвярамі COVID-19 сталі 139 асобаў, што зьяўляецца найбольшай колькасьцю сьмерцяў ад пачатку ўспышкі.
Найбольшую занепакоенасьць выклікае сытуацыя ў Нью-Ёрку і яго прыгарадах, заявіла Дэбара Біркс, якая ўваходзіць у склад апэратыўнай групы Белага дому.
«Каля 56% усіх выпадкаў заражэньня зарэгістраваныя ў гэтай зоне, 60% новых выпадкаў захворваньня прыпадаюць на раён Вялікага Нью-Ёрку», — падкрэсьліла яна, дадаўшы, што 31% усіх сьмяротных выпадкаў таксама зарэгістраваныя ў раёнах, прылеглых да Нью-Ёрку.
Спэцыялістка выказала занепакоенасьць, што ў апошнія дні мноства людзей пакінулі найбуйнейшы горад краіны, адправіўшыся ў іншыя раёны. Многія зь іх могуць быць носьбітамі вірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ