Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь засталася бяз танных аднаразовых масак? Расьсьледаваньне Свабоды


Гарадзкая клінічная інфэкцыйная больніца ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Гарадзкая клінічная інфэкцыйная больніца ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Прэм’ер-міністар Сяргей Румас 24 сакавіка заявіў, што масак у Беларусі дастаткова: на раніцу аўторка на складах было 380 тысяч штук. Аднак маскі ёсьць не ўва ўсіх аптэках, і ў асноўным прадаюць марлевыя, шматразовыя. Аднаразовыя маскі — дэфіцыт. І ня толькі ў аптэках: масак бракуе і ў мэдыцынскіх установах. Да таго ж цэны на маскі зашкальваюць.

Што ня так з вытворчасьцю масак, разьбіралася Свабода.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Беллегпрам»: марлевыя маскі каштуюць 1 рубель 10 капеек у дзяржаўных аптэках. На прыватныя ўплываць ня можам

На вуліцах Менску, ілюстрацыйнае фота
На вуліцах Менску, ілюстрацыйнае фота

У канцы студзеня, калі рэзка павялічыўся попыт на аднаразовыя мэдыцынскія маскі, прадпрыемствы канцэрну «Беллегпрам» пачалі шыць шматразовыя марлевыя, якія можна мыць і прасаваць. Маскі шыюць «Славянка», «Калінка», Жлобінская швейная фабрыка ды іншыя прадпрыемствы.

Прэс-сакратарка «Беллегпраму» Марына Саўчук паведаміла, што марлевыя маскі, якія шыюць беларускія прадпрыемствы зь беларускай марлі, у сетках аптэк «Белфармацыя» і «Белмэдтэхніка», каштуюць 1 рубель 10 капеек.

«Я сама адсочваю ў аптэках цэны на марлевыя маскі. У камэрцыйнай аптэцы бачыла за 1 рубель 35 капеек. Чытала абурэньні ў фэйсбуку, што маскі прадаюць за 1 рубель 90 капеек. На жаль, канцэрн ня можа ўплываць на прыватныя аптэкі.

Мы маніторым сыстэматычна цэны і наяўнасьць і пакуль не назіраем павышэньня цэнаў у дзяржаўных аптэках. Будзем трымацца той жа палітыкі — у пэрыяд вострага попыту не дапусьціць павышэньня цаны на мэдыцынскія вырабы, якія людзям патрэбны», — запэўніла прэс-сакратарка «Беллегпраму» Марына Саўчук.

Шматразовая марлевая маска беларускай вытворчасьці
Шматразовая марлевая маска беларускай вытворчасьці

Безумоўна, калі попыт расьце, аптэкам складана прагназаваць, колькі замаўляць. Але на складах маскі ёсьць. Апэратарам рэалізацыі масак вызначаны «Тэкстыльгандаль», які фармуе чаргу заявак, і адпаведна паступленьню заявак адгружае маскі. Цягам содняў іх абавязкова прывязуць. Але запас заўсёды ёсьць, сьцьвярджае прадстаўніца «Беллегпраму».

Кітай закрыты, Расея «заламіла цэны» на сыравіну

Але ва ўсіх выпадках можна выкарыстаць шматразовыя марлевыя маскі, якія трэба праць і прасаваць. На праблемы з маскамі скардзяцца людзі пад карантынам у шпіталях. 23 сакавіка ў Менскім скурвэндыспансэры, куды цяпер людзей кладуць у карантын, пацыентам выдалі па адной масцы на дзень.

У Беларусі некалькі вытворцаў аднаразовых мэдыцынскіх масак: «Фарма-Маркет», «Уніксфарм», «Спанэўрамэд». Гэта невялікія ААТ, якія арыентаваліся на выпуск масак пераважна для мэдустановаў.

Да прыкладу, ААТ «Фарма-Маркет» вырабляе 30 тысяч масак за дзень. Гэта максымум. Яшчэ ў студзені, калі толькі загаварылі пра каранавірус, хацелі купіць у кітайскіх партнэраў яшчэ адзін станок, які дазволіў бы павялічыць вытворчасьць масак удвая. Але Кітай «закрыўся» на карантын. І цяпер з Кітаю ніякіх паставак няма — ні станкоў, ні матэрыялу, ні гумкі, расказаў дырэктар прадпрыемства Сяргей Васілевіч.

«Матэрыял у нас расейскі, і яго хопіць на месяц. Стаім у чарзе: 26-27 сакавіка нам абяцаюць прызначыць дату адгрузкі наступнай партыі. СМС -матэрыял (кампазытны нятканы матэрыял для вырабу масак. — РС) мы куплялі ў Расеі па 140 рублёў за кіляграм, але цяпер я нават не ўяўляю, колькі гэты матэрыял будзе каштаваць. Цаны мне не выстаўляюць, выставяць толькі перад самай адгрузкай», — кажа дырэктар прадпрыемства.

Аднаразовая мэдыцынская маска
Аднаразовая мэдыцынская маска

І прывёў прыклад, як вырасьлі цэны. Калі гумка ў Кітаі раней каштавала 3 тысячы даляраў за 1 тону, то сёньня яна каштуе 12 тысяч даляраў за 1 тону — у 4 разы даражэй.

«Гумку купляем, дзе давядзецца. У нас былі запасы кітайскай гумкі, яе хопіць на 1 месяц. А Расея заламіла такія цэны — 37,5 тысячы даляраў за 1 тону!», — абурыўся Сяргей Васілевіч.

На пытаньне, чаму «Фарма-Маркет» не выкарыстоўвае беларускага нятканага матэрыялу «спанбел», які выпускае сьветлагорскае «Хімвалакно», ён адказаў, што вывучаў якасьці матэрыялаў і ўсё ж аддае перавагу іншым, якія яшчэ не вырабляюць у Беларусі.

«Наколькі я вывучаў гэтую праблему, ва ўсім сьвеце мэдыцынскія маскі робяць альбо з мэлтблоўну, альбо з СМС (спанбонд — мэлтблоўн — спанбонд). Мы закупляем менавіта СМС, бо мэлтблоўн вельмі дарагі».

Аднаразовыя маскі падаражэлі амаль у 9 разоў

У канцы студзеня ўпакоўка з трох аднаразовых трохслойных масак на гумках вытворчасьці «Фарма-Маркет» каштавала 46 капеек. 20 сакавіка тры такія ж самыя маскі каштавалі ў той жа аптэцы 3 рублі 99 капеек. Чаму так адбываецца?

«Шчыра скажу, я паняцьця ня маю, адкуль бяруцца такія цэны. Сабекошт нашай аднаразовай маскі № 3 — 28 капеек. Гэта ў леташніх цэнах, калі СМС-матэрыял быў куплены, гумку мы купілі ў Кітаі.

Але наш сабекошт — гэта ўжо ўчорашні дзень. Колькі гэтая маска будзе каштаваць далей, невядома. Але мы адпускалі маскі па адной і той жа цане», — запэўніў вытворца.

Прэс-сакратарка Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня Вольга Галота на пытаньне Свабоды, чаму ў камэрцыйных аптэках маскі каштуюць значна даражэй, чым у аптэках «Белфармацыі» і «Белмэдтэхнікі», не адказала. Папрасіла прыслаць афіцыйны запыт.

Сьвятлана Бойка, намесьніца дырэктара ААТ «Фарммаркет-плюс», да якога належыць сетка аптэк, дзе цана масак вырасла за два месяцы амаль у 9 разоў, таксама паабяцала разабрацца, чаму так адбылося.

«На пачатак эпідэміі аднаразовыя маскі былі — № 5, № 3 і № 1. Іх раскупілі літаральна за пару дзён, каштавалі тыя маскі капейкі — 50, 30 капеек. Потым яны зьніклі, і мы атрымлівалі шматразовыя марлевыя маскі вытворчасьці швейнай фабрыкі „Славянка“, каштуюць яны 1 рубель 32 капейкі. Аднаразовых цяпер амаль не прадаецца. Будзем разьбірацца», — паабяцала Сьвятлана Бойка.

Горадзенскі «МэдЛён» абяцае наладзіць выпуск масак з баваўняным фільтрам

Канцэрн «Беллегпрам» на сваім сайце разьмясьціў інфармацыю пра тое, што ў Горадні «прадпрыемства «МэдЛён» запусьціла новую лінію вырабу масак з баваўняным фільтрам (5 штук ва ўпакоўцы), і да іх прадаюцца асобна фільтры — 80 штук у пакунку. Маскі трохслойныя: два слаі зь нятканага матэрыялу «спанбел» (ад сьветлагорскага «Хімвалакна»), унутраны пласт — з бавоўны, таксама беларускай вытворчасьці ААТ «Мэдватфарм».

Аднак мэнэджар ААТ «МэдЛён» Кірыл Абрамаў паведаміў, што сыравіна ня толькі беларуская, але і імпартная, на якую цэны ўвесь час растуць, а тут яшчэ ваганьні курсу валюты. Да таго ж пакуль прадпрыемства забясьпечвае толькі дзяржаўныя ўстановы.

«Пакуль яшчэ мы ня можам адгружаць прадукцыю ў аптэкі, бо паліклінікі, шпіталі бяз масак, ім трэба хутчэй. Фактычна пакуль мы зь цяжкасьцю забясьпечваем дзяржаўныя ўстановы. На тыдзень 100–150 тысяч толькі абласная „Белфармацыя“ просіць», — кажа мэнэджар «МэдЛёну» Кірыл Абрамаў.

Ён спадзяецца, што ў канцы гэтага тыдня — на пачатку наступнага прадпрыемства запусьціць аўтаматычную лінію, на якой можна будзе вырабляць 200 тысяч масак у дзень.

«Калі лінія будзе працаваць у аўтаматычным рэжыме, мы за некалькі дзён забясьпечылі б цалкам усе мэдыцынскія ўстановы і працавалі б на насельніцтва. А пакуль гумкі прыклейваюць уручную, і гэта вельмі доўга; нягледзячы на тое, што нам дапамагаюць швейныя кампаніі прышываць, гэта пакуль марудна», — сказаў Кірыл Абрамаў.

Спадар Абрамаў таксама запэўніў, што маскі «МэдЛёну» будуць таньнейшыя за марлевыя.

«Нашыя маскі будуць каштаваць 95 капеек штука. А фільтры — 10 капеек за штуку, то бок 5 фільтраў на цэлы дзень. У пачку 80 фільтраў. Вось і лічыце, якія маскі выгадней будзе купляць», — кажа Кірыл Абрамаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG