Ігар Ягадкін зь дзяцінства любіў маляваць. У 90-х ён з партнэрам заснавалі друкарню, якая цяпер — лідэр на рынку паліграфічных паслуг у Гомлі. Ігар намаляваў лягатыпы Беларускай чыгункі і Белпошты — і ня толькі. Зарабляў грошы, малюючы этыкеткі і па-мастацку аздабляючы дамы багатых «новых рускіх» у Маскве.
Ігар кажа, што ён шчасьлівы чалавек. «Натуральна! Калі ўжо нарадзіўся — то позна наракаць», — сьмяецца бізнэсовец.
Ён ведае, што рабіць, калі «ўсё блага», крызіс, дэпрэсія. «Я тады іду і працую, больш працую», — дзеліцца парадай Ігар.
Цяпер ён распрацаваў сваю ўнікальную мэтодыку маляваньня — з заплюшчанымі вачыма, паводле альгарытмаў і нотаў, адключаючы мазгі і «выцягваючы» вобразы з падсьвядомасьці. Заснаваў у Гомлі школу «Ключ», дзе гадуе мастакоў.
«Маляваць могуць усе. Адны — добра, другія — геніяльна», — упэўнены бізнэсовец. Ён сьцьвярджае, што зарабіць можна на ўсім.
«Калі табе трэба грошы — займіся любімай справай. Калі табе бракуе грошай — займіся сурʼёзнай любімай справай», — раіць Ігар.
«Шмат аддаваў паліграфічнаму бізнэсу. Пачаў стамляцца. Зрок пагоршаў. Жонка кажа: „Завязвай з гэтай працай“. Вырашыў заняцца любімай справай — маляваць і вучыць гэтаму іншых. І зрок аднавіўся, і здароўе палепшала. І мая школа стала пасьпяховай», — кажа бізнэсовец.
80-я: выжыў у Аўганістане.
Ігар ваяваў у Аўганістане, але ня хоча пра гэта гаварыць.
«Няма чым ганарыцца і хваліцца. Там не было майго інтарэсу. Гэтая гісторыя ніякім чынам мяне не характарызуе», — зазначыў бізнэсовец.
Ягоная маці атрымала ліст, што сын загінуў. Але празь некалькі тыдняў ён вярнуўся дахаты.
«У войску прыяцелі казалі мне: «Можа каля цябе пасядзець ці паляжаць?» Кажу: «Чаго гэта?» «Бо ўсім блага, а толькі ты жартуеш і сьмяесься. Ці ты нейкі ненармальны, ці табе надта шанцуе», — узгадвае бізнэсовец.
У 90-х ён «чым толькі не займаўся». Прыдумляў лягатыпы, маляваў этыкеткі, аздабляў дамы «новых рускіх» у Маскве.
«Людзі тады мелі заробак па 80-120 савецкіх рублёў, я мог і 300 у дзень зарабіць. У людзей зьявіліся грошы, і яны хацелі „нечага прыгожага“. Я пэндзлем зарабляў добра», — кажа Ігар.
Савецкі Саюз разваліўся, прадпрыемствы пачалі зьмяняць свае «гербы».
«Гэта не было афіцыйна, праз тэндэры ці конкурсы. Я тады ў паліграфіі працаваў. Прыйшлі на працу знаёмыя — замовіць пячаткі для Беларускай чыгункі. І папрасілі намаляваць лягатып. Я намаляваў. Так было і зь Белпоштай. У старажытнасьці пошту развозілі на конях і трубілі, калі падʼяжджалі з лістамі да замкаў. Таму на такой асацыяцыі і намаляваў ражок», — кажа Ігар.
На просьбу былой калегі намаляваў лягатып буйнога прадпрыемства «Бэкер Сыстэм», якое вырабляла шклопакеты.
90-я: у «замесе» з бандытамі. «Страляць у цэнтры гораду, мусіць, ня будуць. Задушаць проста»
У 90-х да Ігара зьвярнуліся расейцы — намаляваць этыкеткі, стварыць прывабную ўпакоўку і рэклямныя буклеты для гарэлкі, якую везьлі на выставу ў Фінляндыю.
«Мяне паклікалі на гэтую «гоп-стоп-зборку». І паставілі задачу мне наконт этыкетак і рэклямы. Далі мне час. Я зрабіў. Праз два тыдні прыехалі дырэктар таго гарэлачнага заводу і яшчэ два ўзброеныя чалавекі. Я паказаў этыкетку — простую і ляканічную. Яны глянулі і сказалі: этыкетка — поўная лухта, я сарваў ім выставу і мне будзе «поўны п...ц». Я ішоў дахаты і думаў: «Колькі мне засталося жыць?» Празь нейкі час тэлефануюць ізноў і запрашаюць да сябе. Грошай зь мяне не сарваць — тупа застрэляць. Сустрэча была ў цэнтры гораду. Думаю: як яны будуць страляць? Напэўна, проста задушаць. У войску ня так страшна было паміраць, але ў мірны час!
Той дырэктар завёў мяне ў кабінэт, адчыніў шуфляду ў стале і кажа: «Паглядзі!». Я думаў — там «ствол» з глушыльнікам. А ён на стол кідае пачак даляраў — маўляў, табе. І кажа, што іхная гарэлка перамагла на выставе, а рэкляму зьмясьцілі нават у часопісе «Playboy». Мяне нібы спаралізавала, а ён мяне па плячы паляпаў, кажа: «Будзем працаваць з табой, прысылаць нашых людзей. А я думаю: «Божа, як так зрабіць, каб вашых людзей было ў мяне менш?», — апавядае Ігар і сьмяецца.
Ён з партнэрам стварылі паліграфічнае прадпрыемства: адзін пакой, тры чалавекі і адзін кампутар. Ігар распрацаваў візытоўкі, падобныя на даляры.
«Пэўным службоўцам іх даваў — дык яны проста млелі са страху. Неяк ехаў у Польшчу — мытнікі прычапіліся, убачылі, што ў мяне пачак даляраў, перавязаны гумкай», — расказвае бізнэсовец.
«Кожныя 10-15 гадоў трэба зьмяняць жыцьцё. Цалкам»
Асновам бізнэсу Ігар навучыўся ў свайго дзеда. Той казаў: варта ведаць, чым ты хочаш займацца, паглядзець, як гэта робяць іншыя людзі, і зрабіць абсалютна па-іншаму.
Ён пазнаёміўся з чалавекам, якога называе сваім настаўнікам. Той перадаў яму веды і параду зьмяняць жыцьцё — раз на 10-15 гадоў.
«Тады мазгі па-іншаму пачынаюць працаваць, арганізм аднаўляецца», — тлумачыць бізнэсовец.
Ён задумаўся пра любімую працу і вырашыў стварыць Школу альгарытмічнага маляваньня, распрацаваў сваю тэхналёгію.
«Як зьмяніць сваё жыцьцё? Ты проста задаеш пэўныя пытаньні, потым уважліва слухаеш тое, што адбываецца вакол, а сьвет табе шле адказ. Кнігу, рэклямны буклет, што заўгодна. Проста трэба быць уважлівым. Мне хацелася даць людзям новы прадукт, запатрабаваны, і хутка. Клясычнаму маляваньню вучаць доўга і стандартна. Мая мэтодыка зьвязаная з адключэньнем сьвядомасьці і выпрацоўкай навыкаў маляваньня пры заплюшчаных вачах і працы дзьвюма рукамі», — тлумачыць Ігар.
Ён адкрыў школу, даў абвестку — і людзі пайшлі да яго.
«Людзі хочуць маляваць, бо маюць нязьдзейсьненыя дзіцячыя мары. Гэта адно. Другое: людзі стварылі семʼі, дзеці вырасьлі, нейкі дабрабыт маюць. А далей што? І трэцяе: мае навучэнцы заўважылі „пабочныя эфэкты“ ад маляваньня. Напрыклад, у мяне займаліся лекары, і яны сталі па-іншаму бачыць, іхная праца палепшылася. Людзі могуць пакінуць спадчыну сваім дзецям — кватэру ці сваю фатаграфію. А могуць пакінуць карціны, якія намалююць», — кажа бізнэсовец.
Ён набірае групы па 3 чалавекі, бо лічыць, што вялікія групы — «гэта поп-мастацтва».
У школе займаюцца людзі ад 6 да 70 гадоў.
«Мае знаёмыя, як я стварыў школу, наракалі на высокую цану курсаў. А я ім казаў: пачакайце, дайце трохі часу — і вы ўбачыце вынік», — зазначае Ігар.
«Кожны чалавек — мастак. Абсалютна!»
Ён вучыць людзей бачыць вобразы на белым аркушы.
«А можна рабіць розныя рухі рукамі — і ў цябе народзяцца незвычайныя вобразы. І ты пачнеш маляваць! Гэта проста цуд!», — з захапленьнем апавядае кіраўнік «Ключа». Ён дэманструе першы малюнак вучаніцы, якая цяпер стварае абразы.
Ігар цешыцца, што яго навучэнцы ўдзельнічаюць у выставах — як у Беларусі, так і за мяжой, прадаюць свае творы.
«Часам людзі сябе губляюць, а тут — знаходзяць, прычым у новым сьвятле! Чалавек ня мае працы, заробку — а пасьля нашай школы пачынае маляваць і прадаваць творы», — кажа Ігар.
У яго вучацца дзеці, падлеткі, лекары, кіраўнікі прадпрыемстваў і пэнсіянэры. Навучэнцы пачынаюць маляваць хто на шостым ці дванаццатым, хто на восьмым ці шаснаццатым занятку. Ігар дэманструе першыя малюнкі навучэнцаў і тыя, якія яны стварылі пасьля заняткаў.
«Яны могуць потым знайсьці працу — дызайнэра, ілюстратара. Людзі купляюць іхныя карціны, бо гэта не клясычны жывапіс. Гэтыя карціны зьдзіўляюць, выходзяць за межы! Яны геніі, рэальна геніі», — кажа Ігар.
Навучэнцы малююць алоўкамі. Чаму ня фарбамі? Іхны настаўнік кажа: ня важна, чым ты ня ўмееш маляваць. Навучысься алоўкам — і з фарбамі ня будзе праблем.
Ён кажа, што ў альгарытмічным маляваньні ня трэба думаць — гэта замінае працэсу. Трэба навучыцца слухаць і адчуваць колер на ўзроўні пальцаў.
«Мазгі ня могуць кантраляваць сытуацыю, калі ты малюеш дзьвюма рукамі. Чалавек тут выступае проста ў рэжыме назіральніка», — сьцьвярджае настаўнік.
На 2020 год у яго такія пляны: падрыхтаваць мінімум 9 навучэнцаў да такога ўзроўню, каб яны былі вядомымі і прадавалі свае карціны.
На наступныя гады ў яго іншыя пляны — чарговы раз цалкам зьмяніць жыцьцё.