Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трывожна», але «паніцы не паддаюся», — Шушкевіч, Кустава, Канапацкая і Вольскі пра тое, як на іх жыцьцё ўплывае каранавірус


Спыталі вядомых беларусаў, ці мяняюць яны свае асабістыя і прафэсыйныя пляны праз пандэмію каранавірусу ў сьвеце.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Станіслаў Шушкевіч, палітык: «У Польшчы да гэтага ставяцца больш сур’ёзна, чым у Беларусі»

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

«Сытуацыя мяне вельмі хвалюе, бо яна вельмі небясьпечная. Таму трэба гэта перамагчы ў зародку. Але Беларусь да гэтага ставіцца ня лепшым чынам. Я маю шмат кантактаў і ведаю, што ў Польшчы да гэтага ставяцца больш сур’ёзна, чым у Беларусі. Я таксама лічу, што трэба загадзя прымаць усе магчымыя захады, а ў нас яны недастатковыя, слабыя, калі меркаваць з заяваў мэдыцынскіх кіраўнікоў. Ня трэба забывацца, што ў нас прахадны двор — справа і зьлева, з поўначы і поўдня перамяшчаюцца праз тэрыторыю Беларусі — і трэба быць вельмі пільнымі.

Мая ўнучка здала пуцёўку ў Італію, паездку плянавала яшчэ ў чэрвені. У мяне скасаваная канфэрэнцыя ў Вільні і, я думаю, скасуецца ў Хэльсынкі 28 красавіка. Але масавыя сустрэчы ў Беларусі не скарачаюцца, у мяне плянуюцца лекцыі, і я гатовы іх прачытаць.

Але я лічу, што трэба паменшыць публічныя кантакты».

Ганна Канапацкая, палітык: «Наколькі наша ўлада гатовая прыняць гэты выклік?»

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

«Я перажываю, наколькі наша ўлада гатовая справіцца з каранавірусам і прыняць гэты выклік. У Менску адна інфэкцыйная лякарня. Наколькі нашыя лябараторыі гатовыя да таго, каб зрабіць тысячы пробаў на гэты вірус? Ці ёсьць ва ўладаў свабодныя грошы, каб набыць рэагенты для тэстаў, і ці ёсьць дамовы зь іх вытворцамі, бо ў нас сыстэма дзяржаўных закупак такая, што мо спатрэбяцца тры месяцы, каб нешта набыць. Меры трэба было прымаць значна раней.

У мяне няма ўпэўненасьці, што наша ўлада гатовая правільна адрэагаваць на гэтыя выклікі.

Але маё жыцьцё пакуль ніяк не памянялася, я хаджу ў басэйн, прымаю вітаміны, не купляю маскі, не абмяжоўваю наведваньня публічных месцаў. Але пры нейкіх сымптомах захворваньня буду заставацца дома, каб не ствараць небясьпекі для іншых. Тут кожны чалавек павінен прымаць рашэньне сам.

Таму на мае пляны пандэмія пакуль ніяк не паўплывала. Пляную паездкі ў Літву і Аўстрыю. Рэкамэндацыі, якія дае Ўсясьветная арганізацыя здароўя, тыповыя для кожнага чалавека, які дбае пра сваё здароўе: мыце рукі з мылам».

Лявон Вольскі, музыка: «Адчуваецца трывожнасьць»

Лявон Вольскі
Лявон Вольскі

«Пакуль замежных гастроляў няма, але ў Менску плянуецца канцэрт на дзень сьвятога Патрыка. Цяпер гэта пад пытаньнем, бо, магчыма, увядуць карантын на такія канцэрты. У траўні зьбіраюся ў Кіеў, але спадзяюся, што да таго часу гэта неяк уляжацца.

Я думаю, што ў Беларусі гэта яшчэ ня так усё страшна. Адчуваецца трывожнасьць, але пакуль жа не дайшло да таго, каб выкасіла палову краіны. Калі будуць уводзіць нейкія карантынныя захады, тады будзе ясна, што ёсьць небясьпека. Хочацца верыць, што маніторынг усё ж такі вядуць.

У Польшчы, дзе вучыцца мая дачка, ужо паскасоўвалі заняткі ў школах больш чым на месяц. Ехаць сюды таксама трывожна, бо могуць увесьці карантын на межах, і тады ў той бок не заедзеш. Там больш суворыя захады. Паўсюль вісяць шыльдачкі, што рабіць для прафіляктыкі. Мо там людзі больш хвалююцца. У нас грамадзтва больш закрытае.

Калі ёсьць нейкае жыльлё за горадам, лепш паехаць туды і там перачакаць».

Валярына Кустава, літаратарка, журналістка: «Да нас усё даходзіць зь вялікім спазьненьнем»

Валярына Кустава
Валярына Кустава

«Я паніцы не паддаюся. Для працы і на запрашэньні езьдзіла з дачкой ў Лёндан, у Варшаву, у Вільню. Але захоўваем усе меры бясьпекі, мыем рукі, пʼём вадзічку. Гэта тое, што выконваем пры ўсякіх падарожжах. Але ў бліжэйшы час крыху ўстрымаюся, дзіця нікуды вазіць ня буду. Бо з тыдзень таму, калі ехала зь Вільні, літоўскія мытнікі казалі, што ня варта такіх маленькіх дзетак вазіць. Хаця ў дзяцей імунітэт намнога лепшы, дачка на грудным выкормліваньні, яна абароненая, таму небясьпекі ня так і многа. Але гэта хутчэй для спакою дзядуляў і бабуляў.

Да нас усё даходзіць тое ж, але зь вельмі вялікім спазьненем. І калі ў нас будзе эпідэмія, то гэта будзе ня так усё проста, чым у краінах, дзе лепшы ўзровень мэдыцыны і большая інфармацыйная адкрытасьць. За мяжой я бачыла, што больш людзей у масках, больш стаяла дэзынфэкцыйных сродкаў, але тады гэта ня кідалася ў вочы. Магчыма, цяпер сытуацыя памянялася. Я думаю, што пэўныя эўрапейцы нават зьбіраюць запасы ў свае гарадзкія бункеры, рыхтуючыся да хатніх карантынаў. Я да хатняга карантыну пакуль не рыхтуюся. Вялікае пытаньне, як будзе са сьвяткаваньнем угодкаў БНР праз магчымы карантын».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG