Гэтае пытаньне расейскае выданьне «Мядуза» задало шэрагу расейскіх палітолягаў. Прапануем вам пераклад некаторых з гэтых ацэнак.
Абас Галямаў палітоляг, паліттэхноляг
Інфармацыйны шум — шматлікія неадназначныя папраўкі пра сям’ю, Бога і гэтак далей, паездкі ў рэгіёны, дзе кожны раз нехта прасіў Пуціна застацца прэзыдэнтам назаўжды, і іншыя інфармацыйныя нагоды, зьвязаныя са зьменамі ў Канстытуцыю — былі патрэбны для таго, каб задаволіць грамадзкае запатрабаваньне на перамены. Гэта такая гульня ў рэформы. Вы сьцвярджаеце, што ў нас застой? Няма ў нас застою, вось жа рэформы. Вы сьцвярджаеце, што ў нас няма дэмакратыі? Не, аб ключавых пытаньнях мы раімся з народам. Гэта гульня з грамадзкай думкай. Ён жа ня мог проста ўзяць і сказаць: «Я застаюся яшчэ». Гэта занадта груба, Пуцін любіць гуляць вытанчана, хоць у яго не атрымліваецца, таму што the real thing прарываецца і рэжа вочы ўсё роўна праз тое слоўнае шалупіньне, якое ён стварае.
Я ня ўпэўнены, што ён адназначна вырашыў застацца. Думаю, зачэпку пра Канстытуцыйны суд ён прыдумаў, каб падвесіць сытуацыю, каб ніхто з паплечнікаў яго з рахункаў не сьпісаў, каб да апошняга вісела пагроза, што ён застанецца, каб усе былі лаяльныя асабіста яму, а ня нейкаму там пераемніку. Гэта таксама можа быць элемэнт гульні. У выпадку з Пуціным, які проста прынцыпова займаецца дэзынфармацыяй, наогул ні ў чым нельга быць упэўненым. Ён адначасова запусьціў усе магчымыя сцэнары, ён усё ўхваляе, але рашэньне ён прымае ў апошні момант, каб усіх ашаламіць і каб ніхто нічога не зразумеў.
Гэта такі стыль, ён калісьці прынёс яму посьпех, але цяпер перастаў працаваць. Раней ён быў прэзыдэнтам надзеі, і грамадзтва зьвязвала зь ім веру ў тое, што сытуацыя палепшыцца. Тады ўся неадназначнасьць інтэрпрэтавалася на яго карысьць. Цяпер нават для прыхільнікаў ён больш не прэзыдэнт надзеі, а прэзыдэнт страху, што, магчыма, будзе горш. У гэтай сытуацыі ўся неадназначнасьць трактуецца ўжо не на ягоную карысьць, а наадварот. Усе думаюць: «А ён сам разумее, што ён робіць? Ён там з глузду ня зьехаў?» Такія інтэрпрэтацыі пачынаюць дамінаваць. А ён верны свайму стылю, таму што адарваны ад рэальнасьці і памылкова лічыць, што нявызначанасьць прыносіць яму дывідэнды.
Кацярына Шульман палітоляг, дацэнт Інстытуту грамадзкіх навук Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі
Няма ніякага прадуманага пляну, мы бачым паток імправізацый ад розных актараў. Ёсьць імкненьне палітычнай сыстэмы сталага веку мінімізаваць свае рызыкі. Але гэта імкненьне спараджае новыя рызыкі: там зашылі, тут парвалася, там прыдумалі агульнанароднае галасаваньне, але высьветлілася, што на яго ніхто не хоча ісьці. Прыдумалі новыя папраўкі, а высьветлілася, што яны выклікаюць незадавальненьне часткі выбарнікаў. Нібыта сказалі, што патрэбная зьмяняльнасьць улады, але гэта спарадзіла неспакой. Значыць, трэба даць адчуваньне стабільнасьці.
Усе сканцэнтраваліся цяпер на абнуленьні тэрмінаў, але ўсю раніцу кіраўніцтва «Единой России» гаварыла, як правільна і добра будзе правесьці сёлета парлямэнцкія выбары. Яны рыхтаваліся да гэтага, праймерыз на травень заплянавалі. І яны вырашылі паставіць адміністрацыю прэзыдэнта перад фактам, а для Пуціна зрабіць прыемную паправачку пра абнуленьне тэрмінаў. Але тут прэзыдэнт прыехаў і сказаў, што не, гэтага не будзе. Скасаваньне на абмежаваньне колькасьці тэрмінаў ён таксама наўпрост адхіліў, сказаўшы, што папраўкі прымаюцца на далёкую будучыню. Таму я б і рашэньне Канстытуцыйнага суду не лічыла загадзя прадказаным. І самае галоўнае, наяўнасьць права балятавацца не азначае абавязкі гэта рабіць.
Для недэмакратычных сыстэмаў трансфэрны пэрыяд заўсёды нэрвовы. Яны ня ведаюць, як з гэтым спраўляцца, і прыдумляюць усякае. Ім трэба захоўваць нявызначанасьць, але пры гэтым не занадта моцную, каб палітычныя эліты ў сваіх кідках ня затапталі адно аднаго. Сёньня размовы аб тым, што канстытуцыйныя папраўкі — гэта палітычны запавет прэзыдэнта, былі спыненыя. Галоўная фраза Пуціна сёньня была апошняй: да 2024 году папрацуем, а там відаць будзе.
Адваротны бок таго, што адбываецца, у тым, што супраць абнуленьня тэрмінаў нашмат прасьцей мабілізаваць выбаршчыка, чым супраць усяго, што яшчэ ўтрымліваецца ў гэтых папраўках. Гэта патэнцыйная рызыка. Мы бачым, што імкненьне мінімізаваць рызыкі спараджае новыя рызыкі, і гэта праклён аўтакратыі.
Глеб Паўлоўскі, паліттэхноляг
Памылка думаць, што папраўкі пра сямʼю, дзяцей і Бога ўводзяцца толькі дзеля падаўжэньня паўнамоцтваў Пуціна. Гэта можна было зрабіць велізарнай колькасьцю іншых спосабаў. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра замену адной дзяржавы іншай дзяржавай (дзяржавы альфа дзяржавай бэта). У дзяржаве альфа пытаньне сыходу Пуціна з пасады зьяўляецца важным, нармальным пытаньнем, а ў дзяржаве бэта пытаньне сыходу Пуціна не важнае. У ёй ён знаходзіцца ўнутры ўсёй гэтай сеткі інстытутаў, якія пераплеценыя адзін зь іншымі: Дзяржсавет, адміністрацыя, урад. У гэтай дзяржаве Пуцін не сыходзіць ніколі.
Але гэта ня значыць, што ён вам сёньня сказаў, што ў 2024 годзе будзе ўдзельнічаць у выбарах. Не, ён гэтага вам не сказаў. Ён спэцыяльна стварыў двухсэнсоўную сытуацыю — яшчэ адну, таму што гэта ягоны прынцып. Ён па невядомай прычыне, лічыць, што гэта ідэальны прынцып кіраваньня — трымаць у стане няяснасьці ня столькі нават насельніцтва, колькі кіроўную клясу, істэблішмэнт, палітычную эліту. Ён жа можа ў 2024 годзе проста адмовіцца ад удзелу ў выбарах. Ён глядзіць на рэчы інакш: маўляў, да 2024 году адбудзецца столькі важных падзей, што якая-небудзь зь іх падкажа яму правільную тактыку. Ён так дзейнічае ўжо 20 гадоў, дык чаму вы думаеце, што ён будзе мяняць гэтую мэтадалёгію сёньня? Ён яе і не зьмяніў. Калі вы думаеце, што атрымалі сёньня ад яго хоць адзін байт рэлевантнай інфармацыі пра тое, чаго ён хоча, вы памыляецеся.
Вядома, гэта ўсё было задумана загадзя. Але, напэўна, ня ў тым выглядзе, як адбылося. Тое, што здарылася — ягоная імправізацыя; частку ён падрыхтаваў з апаратам, а іншую трымаў у таямніцы ад апарату. Ён сам справакаваў лявіну, а кіраваць гэтай лявінай ня мог ні апарат, ні ён сам. Таму ён ішоў за патокам, і нейкія лабісты яму нешта падказвалі. Ня думаю, што ўсё было ў ягонай галаве — хутчэй, нарадзілася пасьля нейкага мазгавога штурму.
Па мадэлі разьвіцьця гэта трошкі падобна да перабудовы, калі першая асоба запускае працэс, якім не ведае, як кіраваць, ды і ня вельмі зьбіраецца, але ўмацоўвае свае пазыцыі тым, што ўсе астатнія разумеюць яшчэ менш і занятыя тым, каб знайсьці сабе месца ў гэтым працэсе.
Аляксандар Баўнаў палітоляг, галоўны рэдактар Carnegie.ru
Гэта нам здаецца, што Пуцін проста падоўжыў свае паўнамоцтвы. Прадаўжэньнем паўнамоцтваў гэта зьяўляецца на наш погляд, таму што мы ведаем, што ён любыя новыя выбары выйграе і па-іншаму быць ня можа. А яму здаецца, што ён паступіў вельмі тонка і хітра — што ён ня проста падоўжыў паўнамоцтвы, а стварыў сабе магчымасьць паўдзельнічаць у новых выбарах. Яму можа здавацца, што гэта досыць тонкі ход. Хоць праўладнай частцы грамадзтва ён абыякавы, а крытычна настроенай падаецца грубым.
Простае падаўжэньне для яго шлях неэлегантны. Мабыць, яму ці ягонаму асяродку здаецца, што гэта занадта проста і, галоўнае, абрыне сыстэму. Калі ты можаш проста атрымаць падаўжэньне паўнамоцтваў, значыць, наступны прэзыдэнт зробіць тое самае; і наогул усё прэзыдэнты цяпер будуць выходзіць на рэфэрэндум і патрабаваць гэтага. А так ён зрабіў выключэньне для сябе, абмежаваўшы ўсіх сваіх пераемнікаў у выкарыстаньні падобнай опцыі. Але мы разумеем, што ў гэтым выпадку ніхто не гарантуе, што і пераемнікі ня зробяць для сябе такіх жа выключэньняў.
Ня факт, што масавы выбаршчык з энтузіязмам адрэагаваў бы на простае падаўжэньне. Таму ўсе астатнія папраўкі неабходныя Пуціну, каб людзі прыйшлі прагаласаваць за ня вельмі выразную канструкцыю. Пуціну хочацца абцяжарыць усю гэтую канструкцыю кучай паправак — сацыялістычных, патрыятычных і нават лібэральных — дзеля таго, каб атрымаць магчымасьць пераабрацца.
Мне здаецца, з самага пачатку Пуцін да гэтага ішоў, але ў яго быў нейкі кастынг праектаў. Думаю, у гэтых варыянтаў былі свае рабочыя групы або, па меншай меры, свае распрацоўнікі, і Пуцін думаў і над Дзяржсаветам, і над прэмʼерскай пасадай. Але ў яго ёсьць непрыемны вопыт тандэмакратыі, пры якой эліта была расколатая. У сьвядомасьці Крамля маскоўскія пратэсты 2011-2012 гадоў — наступства не вяртаньня Пуціна, а таго, што эліты былі расколатыя: адны хацелі, каб застаўся Мядзьведзеў, іншыя — каб вярнуўся Пуцін, і гэта ўсё дэстабілізавала краіну. І на якую б пасаду Пуцін ні сышоў з прэзыдэнцкай, будзе ўзьнікаць месца для другога ключа ў замку ўлады, вакол якога будзе фармавацца свая партыя. Вось гэтага яны спалохаліся і вырашылі пазьбегнуць.