Сілы бясьпекі Вэнэсуэлы ўжылі сьлёзацечны газ супраць удзельнікаў масавай дэманстрацыі прыхільнікаў апазыцыйнага лідэра Хуана Гуайдо ў Каракасе.
Як паведамляе ў сераду, 11 сакавіка, агенцтва AFP, сам Гуайдо, якога многія краіны прызналі часовым прэзыдэнтам краіны, знаходзіўся сярод дэманстрантаў, спрабуючы пераканаць паліцыю разблякаваць вуліцу, якая вядзе да будынка Нацыянальнай Асамблеі, куды накіроўваліся пратэстоўцы.
Гэтая дэманстрацыя стала першай акцыяй у рамках абвешчанай апазыцыяй «Фазы працяглай барацьбы». Пра гэта крыху раней заявіў сам Гуайдо, выступаючы перад прысутнымі.
Палітычнае супрацьстаяньне ў Вэнэсуэле працягваецца ўжо больш за год, пасьля таго, як парлямэнт краіны, які знаходзіўся да таго часу пад кантролем апазыцыйных сілаў, прызначыў Хуана Гуайдо прэзыдэнтам краіны. Яго прызналі ЗША, Нямеччына і больш за 50 краін у сьвеце.
У той жа час кіраўнік Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура, якога падтрымлівае армія, а таксама Расея, Кітай і Куба, адмовіўся пакідаць сваю пасаду.
За час палітычнага крызісу Вэнэсуэлу пакінуў кожны шосты жыхар.