Уладальнікі электрамабіляў у Беларусі могуць атрымаць падатковыя льготы, прадугледжаныя праектам указу аб стымуляваньні карыстаньня гэтым відам транспарту.
Асноўныя палажэньні дакумэнту абмяркоўваліся 9 сакавіка на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савету Міністраў, паведаміў першы намесьнік прэм’ер-міністра Дзьмітры Круты.
«Дзяржавы, якія найбольш прасунуліся ў гэтай галіне, тым ці іншым чынам стымулююць набыцьцё электратранспарту, — цытуе чыноўніка БелТА. — Гэта тычыцца зьніжэньня падаткаў (ПДВ, інвэстыцыйныя вылікі і г.д.), а таксама ўскосныя стымулы, напрыклад вызваленьне ад падатку на ўдзел у дарожным руху, бясплатныя парковачныя месцы, выкарыстаньне выдзеленай для гарадзкога транспарту паласы. Дакумэнт будзе стымулам для разьвіцьця гэтай сфэры».
Цяпер у дачыненьні да электрамабіляў у Эўразійскім эканамічным саюзе вызначана адзіная стаўка мыта 15%, таксама трэба сплаціць падатак на даданую вартасьць пры ўвозе фізычнымі асобамі аўта для асабістага карыстаньня — 20%. Паводле БелТА, у праекце ўказу гэтыя стаўкі зьведзеныя да нуля.
На нарадзе таксама аналізавалася, як спрацаваў прыняты ў ліпені 2018 году ўказ аб стымуляваньні карыстаньня электрамабілямі. Дакумэнт зьмяшчаў захады, накіраваныя найперш на стварэньне зараднай і сэрвіснай інфраструктуры. У выніку зьявілася 250 заправак, якія дазваляюць зараджаць электрамабілі на адлегласьць да 100 км.
Як мяркуе Аляксандар Лукашэнка, разьвіцьцё электратранспарту ў Беларусі пакуль не атрымлівае належнага імпульсу. А нявызначанасьць з цаной на нафту, на ягоную думку, сьведчыць, што электратранспарт мае «калясальны патэнцыял».
«Задача, якая вынікае з будаўніцтва атамнай электрастанцыі, — зрабіць так, каб электрычная энэргія для аўтамабіляў была таньнейшай за цану бэнзіну і дызэльнага паліва. Тады людзі будуць з задавальненьнем купляць аўтамабілі на электрычнай цязе», — падсумаваў Лукашэнка.