Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З нас проста зьдзекуюцца!» У Гомельскай вобласьці за кошт настаўнікаў ствараюць мэмарыял


Улады вырашылі стварыць мэмарыял на месцы спаленай у 1944 годзе вёскі Ала́ (Сьветлагорскі раён Магілёўскай вобласьці). Прапанову падтрымаў Аляксандар Лукашэнка. Аплаціць будаўніцтва «папрасілі» настаўнікаў.

Што за мэмарыял?

У 1944 годзе вёску Ала спалілі нацысты. Яны забілі 1758 чалавек, у тым ліку 950 дзяцей. У палескай вёсцы загінула ў 12 разоў больш людзей, чым у Хатыні. Пасьля вайны Ала зьнікла з мапы Беларусі.

У сьнежні 2019 году Аляксандар Лукашэнка сустракаўся са студэнтамі-мэдыкамі. Адна са студэнтак папрасіла прэзыдэнта падтрымаць прапанову па стварэньні мэмарыялу.

«Неабходна паўдзельнічаць у будаўніцтве ўсёй грамадой», — выказаўся начальнік упраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкаму Дзяніс Язерскі.

За чый кошт ушануюць памяць?

У Гомельскай вобласьці на 22 лютага абвясьцілі суботнік. Сродкі пойдуць на будаўніцтва мэмарыялу. Працаўнікоў сфэры адукацыі «папрасілі» скінуцца рублём.

Дзяржаўная газэта «Гомельская праўда» паведаміла: «Усе неабыякавыя жыхары Гомельскай вобласьці, якія сьвята шануюць памяць пра Вялікую Айчынную вайну, прымуць удзел у абласным суботніку».

У адной зь вясковых школ Гомельскай вобласьці настаўнікі атрымалі ведамасьць з сумамі, якія яны павінны аддаць у фонд суботніка — ад 6 да 68 рублёў з супрацоўніка.

«Гэта проста зьдзек з нас! У студзені праз разьлік заробку па новых правілах ён у нас істотна зьменшыўся. Цяпер трэба аддаць па 40–50 рублёў сваіх грошай у фонд суботніку. Ні пра якую добраахвотнасьць гаворка не ідзе», — паскардзілася Свабодзе адна з настаўніц. Агулам з гэтай вясковай школы зьбяруць за адзін дзень 794 рублі.

Настаўнікі паведамілі, што ў школах райцэнтру агульныя сумы дасягнулі 2300 рублёў.

Як стала вядома Свабодзе, грошы зьбіраюць і з супрацоўнікаў дзіцячых садкоў і школ Гомля. Адна з выхавацелек гомельскага дзіцячага садку паведаміла Свабодзе, што павінна здаць за суботнік 38 рублёў.

Свабода таксама атрымала ад чытачоў загад аднаго з райвыканкамаў рэгіёну наконт правядзеньня ў раёне суботнікаў. Там зазначана, што «райвыканкам падтрымаў ініцыятыву прадпрыемстваў і арганізацый раёну аб правядзеньні на добраахвотнай аснове суботнікаў». Пачынаючы з сакавіка ў раёне пройдзе пяць суботнікаў.

Што кажа настаўніцкае кіраўніцтва?

«Ад Галоўнага ўпраўленьня адукацыі ніякіх падобных загадаў на школы, на раёны не было, — запэўніла Свабоду намесьніца начальніка Галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Жанна Ждановіч. — Любы такі ўдзел сёньня — гэта дабрачынная справа».

На пытаньне, што рабіць настаўнікам, калі яны не пагаджаюцца з падобнымі вылічэньнямі, чыноўніца сказала, што настаўнікі маюць на гэта поўнае права.

«Гэта тое ж самае, што нам тэлефануюць бацькі і кажуць, што сёньня мы павінны здаць тую ці іншую суму на рахунак установы адукацыі. Калі пачынаем высьвятляць, аказваецца, што ідзецца пра дабрачыннасьць. А гэта значыць: „я хачу — я магу“».

Месца спаленай вёскі Ала́
Месца спаленай вёскі Ала́

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG