Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін зрабіў Лукашэнку нацыяналістам», — украінскія СМІ пра беларуска-расейскія спрэчкі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, 2016 год
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, 2016 год

З канца 2019 году, калі Беларусь і Расея зьбіраліся падпісаць пакет дакумэнтаў аб паглыбленай інтэграцыі, украінскія СМІ пачалі больш пільна сачыць за падзеямі ў Беларусі, нафтагазавай спрэчкай Менску з Масквою і аналізаваць магчымае разьвіцьцё сытуацыі. Свабода сабрала, што ўкраінскія СМІ пішуць пра беларуска-расейскія спрэчкі.

Пра Лукашэнку як «гаранта незалежнасьці»

Найчасьцей ва ўкраінскіх СМІ Аляксандра Лукашэнку называюць «бацькам», і менавіта зь ім зьвязваюць гарантыі захаваньня Беларусьсю сваёй незалежнасьці. Распаўсюджаньню такой думкі «дапамаглі» апошнія перамовы кіраўніка Беларусі з Уладзімірам Пуціным у Сочы на пачатку лютага, на якіх Лукашэнка нібыта прадэманстраваў «ваяўнічую рыторыку».

«Здаецца, што пуцінская Расея страчвае найбліжэйшага хаўрусьніка — Беларусь. Нахрапістая палітыка Крамля адкрыта раздражняе нязьменнага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, які нечакана апрануў тогу махровага нацыяналіста», — піша выданьне «Главком».

Кіраўнікі краінаў СНД у Сілічах, 2006 год
Кіраўнікі краінаў СНД у Сілічах, 2006 год

Выданьне мяркуе, што зьмена беларускага герба, на якім плянуецца павярнуць глёбус, каб была відаць Эўропа, а не Расея, як раней, таксама зьяўляецца працягам «ваяўнічай рыторыкі» Аляксандра Лукашэнкі.

«Разварот Лукашэнкі яшчэ больш раздражняе Пуціна, паколькі ён разбурыў стратэгію пралангацыі ягонай улады шляхам стварэньня саюзнай дзяржавы, дзе ён, вядома, быў бы «вярхоўным правіцелем», — піша «Главком». — Замест гэтага Крамлю давялося пайсьці на вельмі небясьпечны сцэнар зьменаў у Канстытуцыю з рэфэрэндумам. Велізарны рэзананс у Расеі выклікаў першы пасьля велізарнага перапынку візыт дзяржсакратара ЗША Майкла Пампэо, які паабяцаў Беларусі дапамагчы пастаўляць амэрыканскую нафту».

«Сёлета ў Беларусі павінны прайсьці прэзыдэнцкія выбары, і Лукашэнка ня стане фаварытам Масквы, якая спрабуе пазбавіцца ад нуднага і ўпартага «бацькі». У гэтай сытуацыі беларуская апазыцыя трапляе ў дзіўную сытуацыю: пры ўсёй сваёй нелюбові да Лукашэнкі апазыцыя прызнае, што толькі ён можа эфэктыўна супрацьстаяць спробам анэксіі рэспублікі», — піша кіеўскае выданьне.

Нагода прыпыніць «​саюзнае будаўніцтва»​

Выданьне ZN.ua мяркуе, што цяперашнія дачыненьні між Расеяй і Беларусьсю ёсьць выдатнай нагодай для Аляксандра Лукашэнкі «пахаваць» або хаця б часова прыпыніць так званае саюзнае будаўніцтва. І галоўнай асьцярогай кіраўніка Беларусі называе складанасьці ў часе чарговай прэзыдэнцкай кампаніі на тле адсутнасьці эканамічнай падтрымкі Расеі.

«Дзень вышыванкі» БРСМ у Менску, 2018 год
«Дзень вышыванкі» БРСМ у Менску, 2018 год

«У Крамлі на ўсе даволі скандальныя заявы Лукашэнкі пакуль што рэагуюць дэманстратыўна спакойна. Маўляў, мы ведаем, што нашыя беларускія партнэры па інтэграцыі людзі эмацыйныя і іх часам заносіць у выказваньнях. Але насамрэч расейскае кіраўніцтва сур'ёзна вырашае, што рабіць далей з Лукашэнкам».

На думку выданьня, Беларусі ня варта асьцерагацца расейскага вайсковага ўварваньня:

«Па-першае, грамадзяне самой Расеі гэтага не зразумеюць, па-другое, ужо даўно заўважана: чым ніжэйшыя сусьветныя цэны на газ і нафту, тым менш Расея схільная расказваць іншым краінам, як сябе паводзіць».

«Усё, што прагучала апошнім часам — ад магчымага блякаваньня расейскіх СМІ да пагрозы пачаць забіраць нафту з транзытнай трубы — стала вельмі сур'ёзным падвышэньнем ставак у канфлікце паміж Менскам і Масквой. Мяркуючы па ўсім, Лукашэнка зразумеў, што ў Маскве пераводзяць дачыненьні з найбліжэйшым хаўрусьнікам Крамля на «бухгальтарскую глебу» з дбайным разьлікам — хто, каму, што і колькі. А гэта значыць, што для расейскага кіраўніцтва ня так важна мець Лукашэнку як кіраўніка Беларусі. Хутчэй нават выгадней замяніць яго на больш згодлівую фігуру».

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ў Санкт-Пецярбурзе, 2019 год
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ў Санкт-Пецярбурзе, 2019 год

«Сёньня мы бачым максымальнае за апошнія чвэрць стагодзьдзя паводле эмацыйнай напружанасьці абвастрэньне дачыненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй. Нават не паміж Лукашэнкам і Пуціным, а паміж дзьвюма краінамі. Таму што дастаткова зірнуць на расейскае інфармацыйнае поле, каб пераканацца: расейскім СМІ пайшлі замовы на антыбеларускія тэмы. І ціск на Лукашэнку будзе толькі ўзмацняцца да прэзыдэнцкіх выбараў, якія пакуль што прызначаныя на 30 жніўня».

У той жа час аўтар артыкулу мяркуе, што нават сёньняшняе абвастрэньне дачыненьняў можа быць пераадолена:

«Мы неаднаразова бачылі, як у стасунках Менску і Масквы практычна пачыналася халодная вайна. Але потым бакі нечакана рэзка знаходзілі агульную мову, і Лукашэнка атрымліваў усё, што яму было патрэбна. Аднак наўрад ці гэта адбудзецца і гэтым разам. Хаця імавернасьць такога выніку ўсё адно ня роўная нулю. У Крамлі шмат вежаў, жыхары якіх атрымалі добрыя дывідэнды ад папярэдняй мадэлі адносін зь Беларусьсю і хацелі б яе вярнуць».

Пра адрозьненьні беларусаў ад расейцаў

Львоўскае выданьне «Вголос» апублікавала артыкул дырэктара Навукова-ідэалягічнага цэнтру імя Д. Данцова Алега Багана, у якім прааналізаваны цывілізацыйныя адметнасьці беларусаў і расейцаў, якія не дазволяць Расеі праглынуць Беларусь.

«Беларусь перад Расеяй ратуюць галоўныя фактары: адметныя мэнтальнасьць, цывілізацыйныя асновы і псыхалягічны жах уладнай эліты перад цэнтралісцкім ціскам імпэрыі.

Хоць беларуская мова амаль зьнікла і не адыгрывае ніякай ролі ў кансалідацыі беларускага грамадзтва, а беларуская культура маргіналізаваная, мэнтальна беларусы адчуваюць сябе адрознымі ад расейцаў, паколькі яны належаць да балтыйскага цывілізацыйнага кола яшчэ зь Сярэднявечча. То бок беларусы больш дысцыплінаваныя, на падсьвядомым узроўні акцыдэнталізаваныя (ад лац. Occidentalis “заходні”), духоўна адкрытыя на Захад, прынамсі выразна сярэднеэўрапейскі народ. Гэта і фармуе ў беларусаў большую сацыяльную адказнасьць, вышэйшую этыку працы, акуратнасьць і сумленнасьць сацыяльна-эканамічных паводзінаў, палітычную талерантнасьць. Большасьць беларусаў, можа, і не здагадваюцца пра гэта, але яны падсьвядома адчуваюць прынцыповую адметнасьць ад расейцаў».

Акторка Вера Палякова-Макей і міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей
Акторка Вера Палякова-Макей і міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей

Аўтар мяркуе, што апошнія падзеі у беларуска-расейскіх стасунках сьведчаць пра «хітрую манэўравую перамогу ўладаў Беларусі над Масквой, якая ўпарта шантажавала Менск павышэньнем цэнаў на газ і нафту, «ласкава» патрабуючы канчатковага зьліцьця дзьвюх краінаў.

А цяперашнюю палітыку Кіева ў дачыненьні да Менску Алег Баган называе «крымінальна пасіўнай»:

«Украінскія ўлады павінны разумець, што Беларусь уваходзіць у геастратэгічную зону нацыянальных інтарэсаў Украіны як арганічна сярэднеэўрапейская краіна, зьвязаная з Украінай геаграфічнай прасторай. Таму нам трэба не замыкацца ад Беларусі, хаця яна сёньня нам ідэалягічна чужая, а наадварот, узаемадзейнічаць зь ёй максымальна шырока і актыўна».

Паводле экспэрта, Украіна павінна інтэнсыфікаваць шырокія палітычныя кантакты, гандлёва-эканамічныя і культурныя сувязі:

«Украіна можа паступова зьмяняць Беларусь, прынамсі на ўзроўні падсьвядомых мэнтальна-ідэалягічных мутацый. На гэтым узроўні нешта адбываецца, але толькі з ініцыятывы асобных палітычных асяродкаў, а не дзяржавы».

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і беларускай дэлегацыі ў Жытоміры, 2019 год
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і беларускай дэлегацыі ў Жытоміры, 2019 год

Алег Баган мяркуе, што і Ўкраіне, і Беларусі не хапае супольных украінска-беларускіх выданьняў, паліталягічных сайтаў, культуралягічных арганізацый і розных фондаў, якія стымулявалі б адносіны:

«Бракуе жывых кантактаў палітыкаў і навукоўцаў, бізнэсоўцаў і мэнэджэраў. Проста бракуе катэдраў беларусістыкі ва ўкраінскіх унівэрсітэтах і адмысловых кніжных выданьняў, каб мы лепш ведалі нашу супольную гісторыю і культурнае ўзаемадзеяньне ў мінулым.

На жаль, пакуль што Ўкраіна, хоць і прасунулася значна далей у нацыянальным і дэмакратычным вымярэньні, ня стала для Беларусі прыкладам для перайманьня, ня стала тым прывабным прыкладам, які можа выконваць ролю «цягача» ў сфэры геапалітыкі і агульнага грамадзка-палітычнага разьвіцьця, як, напрыклад, для Ўкраіны ад 1990-х стала Польшча. І гэта галоўная праблема сучаснай сытуацыі стагнацыі ў працэсах фармаваньня новага аблічча Сярэдняй Эўропы».

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG