Трэці дзень у Савецкім раённым судзе Менску ідзе працэс над актывістамі анархісцкага руху Мікітам Емяльянавым і Іванам Комарам, якіх вінавацяць у нападзе на будынкі менскага СІЗА і Менгарсуду. 10 лютага быў апытаны анархіст Мікіта Емяльянаў.
«Ня ведаў, што „Валадарка“ — помнік гісторыі»
Мікіта Емяльянаў прызнаў, што кідаў «кактэйль Молатава» ў будынак ізалятару на вуліцы Валадарскага 20 кастрычніка 2019 году, але не прызнаў, што меў намер пашкодзіць будынак, які ёсьць гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. «Ня ведаў, што гэты будынак — гістарычная каштоўнасьць. Шыльды з боку вуліцы няма, я гэтага ня мог бачыць», — сказаў анархіст.
Падсудны расказаў суду, што сам купіў неабходныя рэчы, зь якіх вырабіў «кактэйль Молатава». Гэты працэс ён апісаў коратка.
«Набыў у краме „Ома“ распушчальнік і вадкасьць для распальваньня вогнішча, прыйшоў зь імі ў сквэр Міцкевіча каля „Валадаркі“, там знайшоў пустую бутэльку, заліў у яе гаручыя рэчывы, пабоўтаў, уваткнуў у бутэльку кавалак анучкі. Пераапрануўся, схаваў бутэльку пад вопраткай і пайшоў да „Валадаркі“», — расказаў Мікіта Емяльянаў.
Мэтай акцыі, сказаў ён, была салідарнасьць з палітвязьнямі.
«У той момант на „Валадарцы“ сядзеў Зьміцер Паліенка, а ў турмах іншыя палітвязьні: Ільля Валавік, Сьвятаслаў Барановіч, Міхаіл Жамчужны. Іх асудзілі незаконна», — упэўнены Емяльянаў.
Паводле Мікіты Емяльянава, ён не зьбіраўся пашкодзіць будынак, бо „той з цэглы, а цэгла не гарыць“. Увогуле ён зьбіраўся стварыць „карцінку таго, што ізалятар гарыць, але не падпальваць яго“.
Як сам сябе здымаў пры нападзе на „Валадарку“?
Паводле Емяльянава, ён рабіў «кактэйль Молатава» і пераапранаўся ў сквэры імя Адама Міцкевіча непадалёк ад СІЗА на Валадарскага. Разам зь ім быў Іван Комар, чыя роля была — «стаяць на шухеры». Перад тым, як наблізіцца да «Валадаркі», Емяльянаў умацаваў на сваёй галаве відэакамэру, на якую здымаў далейшыя падзеі.
«Падышоў да будынка, сеў на лаўку, дастаў бутэльку з вадкасьцю, падпаліў і кінуў у будынак СІЗА. Пабег назад у сквэр, дзе пакінуў заплечнік», — расказаў Мікіта.
У сквэры, паводле падсуднага, ён зноў сустрэў Івана Комара, пераапрануўся, і яны пайшлі адтуль, але неўзабаве іх затрымаў міліцэйскі патруль. Відэа, якое здымаў Мікіта Емяльянаў, міліцыянты забралі ў Івана Комара. Цяпер яно стала доказам супраць яго.
Пасьля затрыманьня Мікіту Емяльянава трымалі ў Маскоўскім РУУС. Пра незаконныя мэтады ўзьдзеяньня актывіст не казаў, але згадаў, як у міліцыі яго палохалі тым, што «сядзець яму давядзецца вельмі доўга».
Эпізод пра Менгарсуд
Мікіта Емяльянаў прызнаў, што гэта ён 25 верасьня 2019 году кінуў дзьве лямпачкі з чырвонай фарбай у будынак Менскага гарадзкога суду. Папярэдне на Кальварыйскіх могілках ён напоўніў лямпачкі фарбай. Мэтай гэтай акцыі, паводле актывіста, таксама была салідарнасьць з палітвязьнямі, у тым ліку са Зьмітром Паліенкам, якога мусілі судзіць на наступны дзень. «Суд над Паліенкам хацелі зрабіць закрытым, гэта несправядліва», — зазначыў Емяльянаў.
Паводле Мікіты Емяльянава, гэта ён папрасіў свайго аднадумца Івана Комара набыць для яго лямпачкі і фарбу, але сваімі плянамі запэцкаць Менгарсуд ён зь сябрам нібыта не дзяліўся. Пры гэтым Мікіта прызнаў, што папрасіў Івана Комара здымаць ягоныя дзеяньні на відэа. «Калі падышлі да суду, сказаў Івану, каб уключыў камэру і пачаў здымаць», — прыгадаў Мікіта Емяльянаў. Некаторыя дэталі тых падзей ён ня змог успомніць. Патлумачыў, што мінула шмат часу. Страты, нанесеныя будынку суду, Мікіта Емяльянаў прызнаў, але не прызнаў, што зрабіў гэта ў «складзе групы асобаў».
З выстаўленых яму абвінавачаньняў Емяльянаў таксама прызнаў незаконны выраб, захоўваньне і перанос гаручых прадметаў, якія могуць мець паражальны эфэкт. Прызнаў і паўторнасьць гэтых дзеяньняў, але не прызнаў, што зрабіў злачынства ў складзе групы. Адносна ўдзелу свайго сябра, Івана Комара, Мікіта настойвае на тым, што той «быў ня ў курсе ягоных плянаў».
Маці — былая сьледчая СК, бацька — былы міліцыянт
Пракурор у працэсе, які палічыў, што Емяльянаў не да канца праўдзіва даў паказаньні, зачытаў тэкст размовы актывіста з апэратыўным супрацоўнікам, якая адбылася праз 2 дні пасьля затрыманьня. «Гэта ня допыт, проста размова», — папярэджваў невядомы апэратыўнік Емяльянава. Што размова запісвалася на аўдыё, апошні ня ведаў, але ў судзе пацьвердзіў, што такая размова была.
Размаўлялі ў тым ліку пра ягоных бацькоў і сям’ю. Што Мікіта Емяльянаў вучыўся ў БНТУ, а ягоная маці, цяпер пэнсіянэрка, раней працавала ў Сьледчым камітэце. А бацька — былы міліцыянт, які служыў у аддзеле барацьбы з гандлем людзьмі. У Мікіты ёсьць тры малодшыя браты.
Пра свае палітычныя погляды Мікіта Емяльянаў сказаў, што ён рашучы праціўнік камуністычных ды фашыстоўскіх рэжымаў, лічыць сябе патрыётам Беларусі, але не нацыяналістам, падзяляе анархісцкія погляды. Паводле Мікіты, бацька ведаў пра ягоныя погляды, яны часта спрачаліся на палітычныя тэмы, але бацькі не былі ў курсе ягоных дзеяньняў.
Емяльянаў прызнаваў, што быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Чорны супраціў» і патлумачыў, чаму выбраў такія «рашучыя» акцыі ў падтрымку палітвязьняў, як кіданьне «кактэйлю Молатава» ў «Валадарку». «Бо некаторыя толькі імітуюць варушняк, але ў апошнія гады рэальна нічога ня робяць», — казаў Мікіта пра сваіх аднадумцаў сьледчаму. Пра сябе Емяльянаў казаў, што не зьяўляецца сябрам якой-небудзь арганізацыі.