Апоўдні 23 студзеня журналісты Свабоды выправіліся ў Нацыянальны аэрапорт «Менск», каб на свае вочы пабачыць, як працуе ўзмоцнены санітарны кантроль у сувязі з пагрозай эпідэміі новага вірусу з Кітаю.
На той момант было вядома, што ў Менску з падазрэньнямі на невядомую хваробу шпіталізавалі дзяўчыну, якая прыляцела з Кітаю, а ў Расеі мэдыкі абсьледуюць яе сябра.
22 студзеня ў аэрапортах Беларусі, паводле афіцыйных крыніц, узмацнілі захады бясьпекі: для выяўленьня пасажыраў з высокай тэмпэратурай дзейнічаюць цеплавізары, супрацоўнікі ў зонах кантролю надзелі маскі, памежнікі асабліва пільна ставяцца да пасажыраў з пэўных краін. Дык як гэта ўсё працуе?
Рэйсы з Расеі цеплавізарамі не правяраюць
Толькі што ў Менску прызямліўся рэйс з Масквы і, паводле інфармацыі на табло, яго пасажыры будуць выходзіць з зоны кантролю № 6. Падыходзім туды, але пакуль праз сэктар ідуць пасажыры чартэрнага рэйсу з расейскага Наябрску — гораду нафтавікоў на Ямале. Пытаемся ў мужчыны моцнага целаскладу, ці не замінала яму праверка цеплавізарам.
«А што гэта такое? Не, нас ніхто ніякімі цеплавізарамі не правяраў», — кажа пасажыр.
Ягоныя калегі, якія, як высьветлілася пазьней, працуюць у кампаніі «Слаўнафта», таксама ні цеплавізара, ні мэдыкаў ня бачылі.
«Цеплавізара тут няма, яны ўсталяваныя на праходзе 3–4, вы дарма сюды прыйшлі», — сказалі нам супрацоўніцы аэрапорту, калі даведаліся, што мы хочам паглядзець на працу цеплавізара.
Пасажыр з Эгіпту: «Пра вірус нічога не казалі»
Перабягаем у сэктар прылёту № 3–4. Тут абслугоўваць замежныя рэйсы, працуюць памежнікі і мытнікі. На табло пазначаныя рэйсы з эгіпецкага Шарм-эш-Шэйху і Вены. Адзін за адным з валізкамі выходзяць пасажыры гэтых рэйсаў, падыходзім да іх і спрабуем высьветліць сытуацыю за варотамі. Ці працуюць там цеплавізары, ці бачылі пасажыры людзей у масках?
«Нікога ў масках там дакладна ня бачыў», — адказвае мужчына з загарэлым тварам і дадае, што не заўважыў і цеплавізараў. Але агаворваецца: «Магчыма і ёсьць, там жа розная тэхніка».
Міхаіл вяртаецца з адпачынку ў Эгіпце, пра зьяўленьне ў Кітаі невядомага вірусу ведае няшмат. «Нам у самалёце пра гэта нічога не казалі», — паціскае плячыма.
«Сярод нас былі два кітайцы ў масках»
Вяртаемся да сэктару 6, дзе ўжо заканчваецца паток пасажыраў з Масквы. Адной з апошніх выходзіць Вольга.
«У нас быў поўны самалёт і нават былі два кітайцы ў масках. Яны ўжо прайшлі. Не, нас ніхто цеплавізарамі не правяраў, гэта дакладна», — кажа Вольга.
Яна прыляцела ў Маскву зь Індыі. Кажа, што ў аэрапорце Шарамецьева вакол кітайскага вірусу ніякага ажыятажу не заўважыла і дадатковых праверак там таксама няма. «Але кітайцы ходзяць у масках», — сказала пра сытуацыю ў аэрапорце «Шарамецьева» Вольга.
Пасажыры-эўрапейцы — усе бяз масак
Кідаецца ў вочы, што ў менскім аэрапорце большасьць людзей з азіяцкай зьнешнасьцю — у масках для абароны ад інфэкцыі, а вось людзі з эўрапейскай зьнешнасьцю — усе бяз масак.
Пытаемся ў кітаянкі Лінь Юнь, якая ў Менск прыляцела зь Вены, чаму яна з маскай на твары. Яна тлумачыць, што маску носіць заўсёды, калі некуды ляціць, тым больш цяпер, «калі такія зьвесткі з Кітаю».
У другога кітайца, студэнта па імені Цзянь Чань, які вучыцца ў Менску і ляціць дамоў на радзіму, маска ў валізцы — набыў у менскім аэрапорце, у аптэчным кіёску.
Знаёмімся з двума ўзбэкамі, якія таксама зь Менску вяртаюцца дамоў, абодва ў масках. «Трэба асьцерагацца», — тлумачыць адзін зь іх, Зафар.
Беларусы пакуль такой неабходнасьці ня бачаць: мы не заўважылі ніводнага суайчыньніка ў масцы.
Што кажуць у аэрапорце?
Чаму адных пасажыраў — з Эўропы, Афрыкі, Кітаю — правяраюць цеплавізарамі, а тых, хто прылятае ў Менск з Расеі, не правяраюць? Як увогуле дзейнічае сыстэма санітарнага кантролю ў Нацыянальным аэрапорце Менск? Спрабуем пра гэта пагаварыць з прэсавай сакратаркай аэрапорту Рамінай Саматханавай, але натыкаемся на ветлівую адмову:
«Ніякіх камэнтароў. Спачатку накіруйце пісьмовы запыт у адміністрацыю аэрапорту», — кажа яна.
Колькі цеплавізараў працуе ў аэрапорце і дзе, прэс-сакратарка таксама не сказала, спаслаўшыся на тое, што гэтыя прылады належаць мэдыкам зь Міністэрства аховы здароўя і па інфармацыю пра іх трэба зьвяртацца туды.
Набіраю нумар кіраўніцы прэсавай службы Мінздароўя Юліі Бадун, але тая кажа, што і сама пэўна ня ведае, колькі ў аэрапорце цеплавізараў.
«Можа, больш за дзесяць, дакладнай лічбы ў мяне цяпер няма», — прызнае Юлія Барадун.
Паводле супрацоўніцы Мінздароўя, тэрмінова зьвязацца і пагаварыць з мэдыкамі, якія працуюць у менскім аэрапорце на кантролі пасажырапатоку, немагчыма.
«Выйсьці да вас яны ня змогуць, у іх пропуск на пэўны час. Дый няма калі, бо пасажырапаток. Стаіць звычайны лекар, займаецца сваёй справай», — апісала прэсавая сакратарка міністэрства працу мэдыкаў у аэрапорце.
Памежнікі ўзмацнілі кантроль. Што гэта значыць?
Паводле прэсавага сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэту Антона Бычкоўскага, узмоцнены санітарна-карантынны кантроль дзейнічае ня толькі ў Нацыянальным аэрапорце «Менск», а і на ўсіх памежных пераходах краіны. Яго праводзяць паводле адмысловай інструкцыі, якая была прынятая яшчэ ў 2013 годзе, калі здарылася першая эпідэмія птушынага грыпу. Цяпер, як сказаў Бычкоўскі, зрабілі дадатковыя арганізацыйныя захады.
«У тым ліку мы больш увагі аддаём пасажырам з пэўных краін — дзе ёсьць праблемы санітарнага характару. Цяпер у гэтую катэгорыю трапіў і Кітай. Хвароба новая, мы вызначылі яе прыкметы, і з улікам гэтага супрацоўнікі санітарна-карантынных пунктаў праводзяць заняткі са зьменамі памежных нарадаў», — сказаў Бычкоўскі.
Што значыць «больш пільна ставімся да пасажыраў з пэўных краін»?
Антон Бычкоўскі патлумачыў, што памежнікі мусяць зьвяртаць асаблівую ўвагу на пасажыраў — грамадзян пэўнай краіны, прыкладам, Кітаю, ці тых, хто пабываў у такой краіне транзытам:
«Важныя ня толькі дакумэнты, але і стан здароўя. Калі ёсьць падазрэньні, прыкладам, у чалавека моцны насмарк, такога пасажыра трэба выдзеліць з патоку і перадаць для агляду мэдыкам».
Антон Бычкоўскі сьцьвярджае, што 22 студзеня ў міжнароднай зоне Нацыянальнага аэрапорту «Менск» усе супрацоўнікі памежнага кантролю працавалі ў сродках індывідуальнай аховы, дзейнічалі цеплавізары.
«У адным калідоры, па якім ідзе пасажырапаток, я сам бачыў два цеплавізары, якія працавалі. Гэтага цалкам дастаткова», — мяркуе Антон Бычкоўскі.
23 студзеня ў менскім аэрапорце ён ня быў.
Чаму цеплавізары не ўсталяваныя ў праходах усіх сэктараў аэрапорту?
«Мы адказваем толькі за міжнародную зону прылёту і вылету. Унутраныя зоны памежнікі не абслугоўваюць, бо пасажыр, які прыляцеў з Расеі, памежны кантроль не праходзіць», — патлумачыў Бычкоўскі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ