Беларусь упершыню ўзяла ўдзел у міжнародным дасьледаваньні PISA-2018. Міністэрства адукацыі ўжо пасьпела ацаніць вынікі як вышэйшыя за сярэднія. Аднак экспэрты ў галіне адукацыі лічаць, што гэта не зусім так. Калі на базавым узроўні краіна выглядае сярэдне, то заданьні самых высокіх 5 і 6 узроўняў выканалі ад 3% да 7% вучняў.
Таварыства беларускай школы з удзелам Усясьветнага банку і EdcampBelarus зладзіла круглы стол «Дасьледаваньне PISA-2018. Высновы і інтэрпрэтацыі».
Што такое PISA
Міжнародная праграма ацэнкі адукацыйных дасягненьняў навучэнцаў (Programme for International Student Assessment, PISA) — тэст, які ацэньвае ўзровень ведаў школьнікаў усяго сьвету. У апошнім дасьледаваньні бралі ўдзел 79 краін і рэгіёнаў. Беларускія школьнікі ўпершыню праходзілі тэст PISA ўвесну 2018 году.
У дасьледаваньні PISA-2018 у Беларусі бралі ўдзел 236 устаноў адукацыі: школаў, гімназіяў, ліцэяў, ПТВ, сярэдніх спэцыяльных вучэльняў.
Выбірала ўстановы адукацыі выпадковым чынам арганізацыя Westat, ЗША. Удзел у тэставаньні ўзялі 5830 пятнаццацігадовых падлеткаў. Тэставаньне праводзілася ў кампутарным фармаце, на тэсты адводзілася 2 гадзіны, а 35 хвілін — на апытаньне.
Беларусь — у сярэдзіне рэйтынгу, заняла 36–38 месца з 79. На першых пазыцыях — падлеткі з Кітаю, Сынгапуру, Макао. З эўрапейскіх краінаў найлепшыя паказьнікі ў школьнікаў Эстоніі, Фінляндыі, Ірляндыі, Польшчы. Нават расейскія школьнікі крыху абагналі беларускіх. Аднак Міністэрства адукацыі лічыць, што для першага ўдзелу краіны ў дасьледаваньні PISA «вынік годны».
Тамара Мацкевіч: «Беларускіх дзяцей „падцягвалі“ на вынік»
Мадэратарка дыскусіі, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч падкрэсьліла, што ў Беларусі іншая мэта дасьледаваньня PISA, чым у іншых краінах.
«Калі ў дэмакратычных краінах галоўнае — зрабіць зрэз, аналіз, зразумець, якія ёсьць праблемы ў сыстэме адукацыі, то ў Беларусі мэта — паказаць лепшы вынік. Нашы настаўнікі і вучні ў школах ведалі, што ў іх будзе дасьледаваньне. Доўгі час настаўнікі займаліся вечарамі і „падцягвалі“ вучняў», — кажа Тамара Мацкевіч.
Прадстаўнік Усясьветнага банку Павал Фунцікаў падкрэсьліў, што важнае ня месца, ня рэйтынг — гэта толькі вяршыня айсбэргу; важна, як вынікі дасьледаваньня будуць выкарыстаныя ў далейшым для разьвіцьця і ўдасканаленьня сыстэмы адукацыі.
«Вынікі трэба выкарыстоўваць як інструмэнт», — падсумаваў Павал Фунцікаў.
Дзеці з заможных сем’яў паказваюць лепшыя вынікі
Сацыяльна-эканамічны статус сям’і, месца жыхарства вельмі моцна адлюстроўваецца на пасьпяховасьці дзяцей, перакананы прадстаўнік Усясьветнага банку Павал Фунцікаў.
- 73% беларускіх навучэнцаў паказалі базавы і сярэдні вынікі па чытаньні (63% — у краінах Эўропы і Цэнтральнай Азіі).
- Беларусь адстае ад сярэдніх паказчыкаў, якія прадэманстравалі разьвітыя краіны Эўропы, ЗША, некаторыя краіны Лацінскай Амэрыкі.
- Існуе істотны разрыў у выніках дзяцей па сацыяльна-эканамічным статусе. Дзеці з заможных сем’яў паказваюць лепшыя вынікі, дзеці зь сем’яў з малым даходам адстаюць на 111 балаў (гэта прыкладна 3 гады навучаньня ў школе).
- Гарадзкія дзеці паказваюць лепшую пасьпяховасьць. 46% дзяцей зь сем’яў зь нізкім даходам і 40% сельскага насельніцтва паказваюць вынікі, ніжэйшыя за другую (базавую) ступень. То бок яны функцыянальна непісьменныя. (Да прыкладу, у 2019 годзе сярэдні бал на ЦТ ў фізыцы сярод сталічных дзяцей склаў 42,45, сярод вясковых — 26).
- Дзяўчаты паказалі лепшыя вынікі, чым хлопцы.
Усясьветны банк даў некалькі рэкамэндацый для беларускай сыстэмы адукацыі, зазначыўшы, што вынікі дасьледаваньня PISA трэба выкарыстоўваць як інструмэнт для ўдасканаленьня:
- неабходна прыярытызаваць роўнасьць паміж рэгіёнамі, гарадзкімі і сельскімі ўмовамі, сацыяльна-эканамічнымі групамі, з уключэньнем уразьлівых груп насельніцтва і зьніжэньнем сэгрэгацыі школьнікаў;
- пашыраць доступ да дашкольнай адукацыі і праводзіць далейшае паляпшэньне яе для ўсіх, асабліва для ўразьлівых груп;
- умацаваць выкарыстаньне дадзеных ацэнкі якасьці і праводзіць доказную адукацыйную палітыку.
«У нас усе такія сярэдненькія...»
Кандыдат пэдагагічных навук Кацярына Куксо адзначыла, што ў Беларусі элітай лічацца пераможцы міжнародных алімпіяд, але ў звычайных школах такіх вучняў амаль не бывае. У дасьледаваньні PISA 6 узроўняў, і парогавым лічыцца другі. Вельмі нязначны працэнт беларускіх школьнікаў дасягнуў 5–6 узроўню.
«Заданьні 5-га і 6-га ўзроўняў выканалі толькі 7% у матэматыцы, 3% у прыродазнаўчых навуках, 4% у чытаньні і разуменьні тэкстаў, — прыводзіць лічбы Кацярына Куксо. — 29% беларускіх дзяцей застаюцца на першым узроўні. Да прыкладу, у кітайскіх дзяцей, школьнікаў зь некаторых разьвітых эўрапейскіх краін на першым узроўні толькі 2%».
З аднаго боку, у Беларусі ўзяты курс на сацыяльную роўнасьць. Пару гадоў таму міністар адукацыі скасаваў гімназіі. А што ў звычайных школах можна прапанаваць таленавітай моладзі? Кацярына кажа:
«Як не паблытаць роўнасьць і ўраўнілаўку? У нас усе такія сярэдненькія... З аднаго боку, сярэдні ўзровень нібыта добры. Але ў нас назіраецца вялікі ўзровень сэгрэгацыі і зусім невялікая колькасьць эліты», — перакананая Кацярына Куксо.
«Правалы ў нас на самым высокім узроўні»
Аналітык Дзьмітры Івановіч, дасьледаваўшы ўвесь пакет дадзеных PISA-2018, прыйшоў да высновы, што Мінадукацыі лічыла сярэдні паказчык па абсалютна ўсіх краінах, уключна з самымі адсталымі дзяржавамі Афрыкі, якія не ўваходзяць у АЭСР — Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (анг. OECD; менавіта гэтая арганізацыя замаўляла дасьледаваньне).
«І таму Міндукацыі атрымала вынік, які яго задавальняе, — разважае Дзьмітры Івановіч. — Параўноўваць сябе з горшымі — гэта цудоўна. Але як мы глядзімся ў параўнаньні зь лепшымі, да прыкладу, з Эстоніяй — лідэрам сярод эўрапейскіх краінаў?
0,3% беларускіх дзяцей дасягнулі 6-га ўзроўню ў чытаньні. У Эстоніі — 2,8% (у 9 разоў больш). 5-га ўзроўню дасягнулі 3,7% дзяцей зь Беларусі, 11,1% — з Эстоніі. У Эстоніі 10% дзяцей пераўзышлі вынік у 623 балы, а ў Беларусі — толькі 4% (сярэдні вынік у Беларусі па чытаньні — 474 балы).
Мяне зацікавіла, як мы глядзімся на фоне краін, куды зьяжджаюць нашы дзеці, — Польшчы і Расеі. Паўсюль паказьнікі істотна вышэйшыя, чым у Беларусі».
Атрымліваецца, што ў беларусаў сярэднія значэньні быццам бы добрыя, але ў цэлым вынікі далёка ня лепшыя.
«Гэтыя дадзеныя — падстава задумацца і паглядзець, дзе ў нас правалы. Але яны ў нас на самым высокім узроўні. Калі ў сярэдзінцы мы яшчэ глядзімся больш-менш, то на 5–6 узроўні — вельмі праблематычна», — кажа Дзьмітры Івановіч.
«Для беларускай мовы трэба выкарыстоўваць мэтодыкі выкладаньня замежных моваў»
Завуч Беларускага гуманітарнага ліцэю, кандыдат філялягічных навук Лявон Баршчэўскі лічыць, што прычыны даволі сьціплых вынікаў беларускіх школьнікаў у дасьледаваньні PISA ў чытаньні і разуменьні тэкстаў — у скарачэньні літаратурных дысцыплін, колькасьці гадзін. На яго думку, дзеці не ўспрымаюць высокую літаратуру, складаныя тэксты.
«Сёньняшнія дзеці больш кампэтэнтныя ў разуменьні прымітыўных тэкстаў — яны перапісваюцца ў гаджэтах, мэсэнджэрах, — кажа Баршчэўскі. — Але слоўны запас, граматыка ў іх на нізкім узроўні.
У нас па-ранейшаму асноўная ўвага — каб правільна напісаць слова і граматна расставіць знакі прыпынку, кропкі з коскамі. А крэатыўны складнік — стварэньне і разуменьне тэксту — адстае. Адукацыя ў граматыцы заканчваецца на ўзроўні сказу. Таму патрэбна капітальная рэформа філялягічнага кампанэнту ў школе».
А што тычыцца беларускай мовы ў школе з расейскай мовай выкладаньня — тут неабходны радыкальны перагляд.
«У сутнасьці, трэба браць тыя мэтодыкі, па якіх вывучаюцца замежныя мовы, гаварэньне, і толькі тады мы атрымаем на выхадзе дзяцей, якія будуць гаварыць па-беларуску», — мяркуе Баршчэўскі.
Прафэсар Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Мікалай Запрудзкі адзначае, што цяпер у дзяцей наагул няма асаблівай патрэбы чытаць нават падручнік. Ён працытаваў інструктыўна-мэтадычны ліст Мінадукацыі: «Для хатняга заданьня можа прапаноўвацца толькі матэрыял, які ўжо засвоены на вучэбным занятку».
«Навошта яму чытаць тое, што ўжо расказаў настаўнік? Вучэбныя праграмы перагружаныя, не застаецца часу на выкананьне кампэтэнтнасна-зарыентаваных заданьняў — каб яны ўмелі прымяняць веды на практыцы», — заўважае спадар Запрудзкі.
Ён кажа, што ўвесь сьвет пераходзіць на зьмяшанае навучаньне. А ў нас па-ранейшаму на звычайным уроку настаўнік 15–20 хвілін траціць на апытаньне, потым тлумачыць новае заданьне. І зусім не застаецца часу, каб рашаць звычайныя задачы, ня кажучы ўжо пра кампэтэнтнасна-зарыентаваныя.
«Ёсьць такі панятак — перакулены ўрок. Гэта калі дзеці папярэдне чытаюць дома параграф, глядзяць ролік, на ўроку ўсё гэта абмяркоўваецца».
Прафэсар Мікалай Запрудзкі спадзяецца, што Мінадукацыі выкіне з інструктыўна-мэтадычнага ліста састарэлую пазыцыю — пра тое, каб не задаваць на дом таго, што не праходзілі на ўроку.
«Якасьць школ не бывае лепшай за якасьць настаўнікаў»
Супрацоўніца Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Алена Радзевіч лічыць, што пачынаць трэба з настаўнікаў. Неабходна зьмяніць падыходы, адукацыйную філязофію выкладаньня.
«Найперш неабходна вызначыцца, што мы цэнім перш за ўсё: веды ці разуменьне, крытычнае мысьленьне. І пачаць трэба з падрыхтоўкі пэдагогаў. Якія ў яго патрабаваньні да ведаў вучняў? Каго ён лічыць добрым вучнем? Калі таго, хто пераказаў падручнік, — гэта пазаўчорашні дзень.
Настаўнік павінен мець выбар, свабоду, права нешта зьмяняць. А калі пэдагогам усё спускаюць зьверху, навошта ім думаць, як зрабіць лепш, калі ўсё ўжо напісана? Некаторым настаўнікам гэта зручна», — кажа Алена Радзевіч.
«З шэрай масай мы ніякіх зьменаў ня зробім»
Старшыня ТБШ Тамара Мацкевіч выказала меркаваньне, што якасьць школ не бывае лепшай за якасьць настаўнікаў.
«А пакуль што, як сьведчыць дасьледаваньне PISA, нашыя настаўнікі паказваюць ажно другое месца ззаду паводле кваліфікацыі. У нас зусім мала настаўнікаў з магістарскай ступеньню. Кваліфікацыя настаўніка — не прыярытэт дзяржавы», — перакананая Тамара Мацкевіч.
На яе думку, дзяржава бярэ на сябе функцыю фармаваньня такіх грамадзян, якія ёй патрэбныя, звычайнай «шэрай масы».
«Ад 3% да 7% вучняў у Беларусі здольныя прымяняць веды на практыцы. Навошта мы вучым астатніх? З „шэрай масай“ мы ніякіх зьменаў ня зробім.
Дзяржаве не патрэбныя людзі з крытычным мысьленьнем, адказныя, у якіх ёсьць нацыянальныя каштоўнасьці, у якіх іншая карціна сьвету, іншая ідэалёгія, адрозная ад той, якая ім прапаноўваецца.
Таму гэтую сыстэму трэба ламаць і ўводзіць мэханізм, каб бацькі, грамадзтва, студэнты, вучні, працадаўцы маглі ўплываць на ўдасканаленьне сыстэмы адукацыі», — перакананая спадарыня Мацкевіч.
Таксама Тамара Мацкевіч прапанавала зрабіць вынікі PISA даступнымі для шырокай грамадзкасьці.