Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту, у якім былі страйкі, перавялі ў БНТУ


64 студэнты Менскага інавацыйнага інстытуту змогуць атрымаць дыплёмы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту па спецыяльнасьцях, на якія Міністэрства адукацыі пазбавіла МІУ акрэдытацыі. Да канца сьнежня студэнтаў перавядуць ў БНТУ, дзе дадуць ім магчымасьць абараніць дыплёмныя працы, здаць экзамэны і атрымаць дыплёмы дзяржаўнага ўзору.

Інфармацыю пацьвердзіў Свабодзе рэктар МІЎ Мікалай Суша. Ён адзначыў, што міністэрства выконвае свае абяцаньні студэнтам.

«Так і ёсьць, такое рашэньне прынятае, і магу адзначыць, што міністэрства адукацыі сваё слова наконт студэнтаў, якія выпускаюцца ў студзені, трымае. Гэта добра. Студэнтам даюць магчымасьць давучыцца у БНТУ, атрымаць там дыплёмы.

Але што да асноўнага канфлікту — пазбаўленьня МІУ акрэдытацыі і магчымасьці навучаць па гэтых пяці спецыяльнасьцях, што мы аспрэчваем, — дык ён застаецца нявырашаным. Наша апэляцыя на гэтыя рашэньні фактычна была адхіленая. Робім выснову з часу, калі мы атрымалі адказ, — амаль адразу, як адправілі апэляцыю. Але яшчэ засталіся без адказаў нашыя лісты ва ўрад і адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Чакаем і спадзяемся на станоўчае рашэньне», — сказаў Свабодзе рэктар МІУ Мікалай Суша.

11 лістапада 600 студэнтаў МІУ ня выйшлі на вучобу на знак пратэсту супраць пазбаўленьня ВНУ акрэдытацыі на навучаньне па 5 спэцыяльнасьцях, якія былі ва ўнівэрсытэце больш за 20 гадоў. Гэта «правазнаўства», «эканоміка і кіраваньне на прадпрыемстве», «праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгіяў», «транспартная лягістыка» і «псыхалёгія». Агулам на іх вучыліся 1600 студэнтаў. Для іх рашэньне міністэрства азначала, што пасьля вучобы ім могуць ня выдаць дыплёмы дзяржаўнага ўзору.

Раней міністар адукацыі Ігар Карпенка запэўніваў студэнтаў МІУ, што яны змогуць працягнуць вучобу ў іншых ВНУ, але ня ўсіх гэта задавальняла. Адна з прычынаў незадавальненьня студэнтаў — акадэмічная розьніца паміж курсамі навучаньня ў менскіх ВНУ.

Рэктар МІУ Мікалай Суша падчас страйку студэнтаў не выключаў, што адміністрацыя падасьць на Міністэрства адукацыі ў суд. «Так, такое права маем. Будзем мы яго рэалізоўваць ці не, я ня ведаю. У залежнасьці ад адказу на нашы лісты», — сказаў Мікалай Суша ў размове з карэспандэнтам Свабоды 11 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG