Міністар унутраных спраў Ўкраіны Арсэн Авакаў заявіў пра затрыманьне «групы кілераў», якіх падазраюць у некалькіх забойствах, у тым ліку ў забойстве Аміны Акуевай.
Яна загінула 30 кастрычніка 2017 году ў Кіеўскай вобласьці падчас абстрэлу аўтамабіля, у якім знаходзілася разам са сваім мужам Адамам Асмаевым. Яго ў Расеі вінавацілі ў замаху на прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Падчас нападу Асмаеў быў паранены, Акуева загінула.
Як заявіў Авакаў, на месцы злачынства ў 2017 годзе злачынцы кінулі зброю. Знойдзеныя на ёй сьляды ДНК нібыта дазволілі ўстанавіць асобы нападнікаў. Колькі менавіта чалавек затрыманыя, Авакаў не ўдакладніў. На сваёй старонцы ў фэйсбуку ён апублікаваў відэазапіс затрыманьня аднаго мужчыны. Ягонае імя пакуль невядомае.
У лютым 2012 году Адама Асмаева затрымалі ў Адэсе праваахоўныя органы Ўкраіны праз падазрэньне ў датычнасьці да выбуху ў адэскай кватэры. Сьледзтва таксама падазравала, што ён разам з саўдзельнікам рыхтаваў замах на Ўладзіміра Пуціна. Эўрапейскі суд у правах чалавека рэкамэндаваў Украіне не выдаваць Асмаева Расеі, пасьля чаго Ўкраіна вырашыла прыпыніць працэс экстрадыцыі.
19 лістапада 2014 году пасьля двух з паловай гадоў зьняволеньня яго вызвалілі з-пад варты.
У лютым 2015 году Асмаеў стаў камандзірам батальёну імя Джахара Дудаева, які ваяваў на баку войскаў Украіны на Данбасе.
Аміна Акуева, мэдык паводле адукацыі, была прэс-сакратаром батальёну.