Іран абвясьціў у нядзелю ўвечары аб пятым, фінальным кроку адыходу ад дамоўленасьцяў у рамках Супольнага усёабдымнага пляну дзеяньняў па сваёй атамнай праграме.
«Іран канчаткова адмовіцца ад абмежаваньняў па ядзернай угодзе, перш за ўсё тых, што тычацца колькасьці цэнтрыфугаў. Такім чынам іранская ядзерная праграма ня будзе мець ніякіх абмежаваньняў у частцы вытворчасьці, улучаючы магутнасьці для ўзбагачэньня, працэнтныя суадносіны і колькасьць узбагачанага ўрану, а таксама дасьледаваньня ў гэтай галіне і далейшага разьвіцьця праграмы», — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве ўраду краіны.
Адзначаецца, што Іран працягне сваё супрацоўніцтва з МАГАТЭ і вернецца да выкананьня сваіх абавязаньняў па ядзернай угодзе, калі санкцыі ў дачыненьні да краіны будуць зьнятыя і ўлік інтарэсаў Ірану будзе гарантаваны.
Афіцыйны прадстаўнік МЗС Ірану Абас Мусаві заявіў, што Тэгеран не адмаўляецца ад працягу перамоваў зь «пяцёркай» падпісантаў ядзернай угоды, аднак папярэдне павінен дамагчыся, каб ЗША адказалі за забойства высокапастаўленага іранскага генэрала Касэма Сулеймані.
Супольны ўсёабдымны плян дзеяньняў быў падпісаны Іранам і «шасьцёркай» ў 2015 годзе, аднак у 2018 годзе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб выхадзе з пагадненьня і аднаўленьні жорсткіх эканамічных санкцыяў супраць Ірану. У сувязі з гэтым Тэгеран пачаў паэтапнае скарачэньне сваіх абавязаньняў у рамках пляну.
У пятніцу стала вядома пра гібель у Багдадзе Сулеймані і намесьніка камандуючага шыіцкім апалчэньнем Іраку Абу Махдзі аль-Мухандзіса. Апэрацыя іх ліквідацыі была праведзеная ў Іраку амэрыканскімі вайскоўцамі на загад прэзыдэнта Трампа.
Пазьней вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі паабяцаў, што забойства Касэма Сулеймані не застанецца неадпомшчанае.