Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква і Менск дамовіліся аб цане на газ — але толькі на два зімовыя месяцы


Старшыня праўленьня «Газпрому» Аляксей Мілер і амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка ў апошнія гадзіны 2019 году падпісалі пратакол аб цэнах на газ для Беларусі на студзень і люты 2020 году, паведамілі журналістам у «Газпроме».

Таксама былі падпісаныя дапаўненьні да кантрактаў на транзыт і пастаўку газу паміж «Газпромам» і кампаніяй «Газпром трансгаз Беларусь», якія падаўжаюць іх да 2021 году.

«Аляксей Мілер і Ўладзімер Сямашка падпісалі пратакол аб цэнах на газ для Рэспублікі Беларусь на студзень і люты 2020 году. Падпісаныя дадаткі да кантрактаў на транзыт і пастаўку газу з „Газпром трансгаз Беларусь“, якія падаўжаюць іх да 2021 году», — паведамілі ў расейскай кампаніі.

Згодна з падпісаным дакумэнтам, кантрактныя аб’ёмы паставак і транзыту ў 2020 годзе захаваныя на ўзроўні 2019 году, тлумачыць «Газпрам».

Паміж «Газпромам» і ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» дзейнічаюць кантракты на пастаўку газу ў Беларусь і яго транспартаваньне праз тэрыторыю краіны да канца 2019 году.

У 2019 годзе Беларусь атрымлівала газ па цане $127 за тысячу кубамэтраў.

Менск у рамках інтэграцыйных працэсаў прапаноўваў зьнізіць цану на газ з 2020 году да ўзроўню Смаленскай вобласьці, гэта значыць практычна ў два разы. Аднак расейскі бок настойвае, што забягаць наперад са зьніжэньнем цэнаў на газ для Беларусі ва ўмовах незавершанасьці «саюзнага будаўніцтва» было б памылкова. Паводле інфармацыі беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, Расея хоча павысіць цану газу для Беларусі ў 2020 годзе да $152 за тысячу кубамэтраў.

Раней у аўторак адбылася амаль гадзінная размова прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, падчас якой дэталёва абмяркоўвалася ўзгадненьне канкрэтных аб’ёмаў, тэрмінаў і цэнаў на пастаўкі вуглевадародаў і іншых відаў сыравіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG