Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінус 10 рублёў. Сярэдні заробак за лістапад склаў 1113,1 рубля


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сярэдні налічаны заробак (да вынятку падаткаў і збораў) у Беларусі ў лістападзе 2019 году склаў 1113,1 рубля, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Гэта на 10,3 рубля менш, чым было ў кастрычніку.

У кастрычніку сярэдні налічаны заробак вырас на 15 рублёў да таго, што быў у верасьні, і рост тады адбыўся ўпершыню за тры месяцы.

Паводле сярэднямесячнага курсу Нацыянальнага банку, налічаны заробак у лістападзе ў сярэднім складаў 541,47 даляра (у кастрычніку было 546,03).

Прычыны падзеньня заробкаў не камэнтавалі ні Белстат, ні Нацбанк.

Найвышэйшы сярэдні заробак зафіксавалі ў лістападзе ў Менску (1537,7 рубля), найменшы — у Магілёўскай вобласьці (922 рублі); найбольш налічылі працаўнікам IT-сфэры (4247,2 рубля), найменш — цырульнікам і працаўнікам салёнаў прыгажосьці (581,1 рубля).

За апошнія чатыры гады найбольшы сярэдні заробак беларусы мелі ў сьнежні 2014 году — 623 даляры. Гэта на 77 даляраў вышэй, чым цяпер. А заробкі, ніжэйшыя за 500 даляраў, атрымліваюць на большасьці прамысловых прадпрыемстваў — ёсьць заводы, дзе налічваюць менш за 300.

Калі сярэдні налічаны заробак — гэта сума ўсіх заробкаў у краіне, падзеленая на колькасьць тых, хто атрымаў заробак (да адыманьня падаткаў і збораў), то мэдыянным заробкам лічыцца не «сярэдні па грошах», а «сярэдні па людзях».

Мэдыянны заробак — такі, які атрымаў умоўны чалавек «зь сярэдзіны рэйтынгу», калі палова людзей зарабіла больш за яго, а палова менш за яго. То бок калі б у краіне працаваў 101 чалавек і быў бы рэйтынг іхных заробкаў, то мэдыянным быў бы заробак 51-га ў рэйтынгу.

У траўні ён быў роўны 802,7 рубля — крыху больш за 383,74 даляра на той момант.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG