У Менску экспэртны клюб цэнтра «Эўрапейскі дыялёг» зладзіў дыскусію «Гучныя справы: новыя факты і пэрспэктывы расьсьледаваньня».
На мінулым тыдні Deutsche Welle (Нямецкая хваля) апублікавала відэа, у якім 41-гадовы Юры Гараўскі распавёў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве ў 1999 годзе былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара і ягонага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Гараўскі сьцьвярджае, што іх выкралі і забілі байцы спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (СОБР) Унутраных войскаў МУС Беларусі пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
На экспэртным клюбе абмяркоўвалася сытуацыя ў зьвязку з прызнаньнем Юрыя Гараўскага.
«Сьледчы камітэт, пракуратура проста ігнаруюць тое, што адбылося»
Паводле рэдактаркі сайту «Беларускі партызан» Сьвятланы Калінкінай, любая яўка з павіннай павінна разглядацца сьледзтвам, ёй павінна быць дадзеная юрыдычная ацэнка.
«Тое, што цяпер Сьледчы камітэт, пракуратура проста ігнаруюць тое, што адбылося, расьсьледаваньне «Нямецкай хвалі» і прызнаньні Гараўскага, сьведчыць, што яны ня ведаюць як рэагаваць. Але ў любой краіне гэта падстава для таго, каб пачыналася сьледчая праца. Мы добра ведаем у Беларусі як цяжка гэта справа можа рухацца і што яе можа зрушыць цяжка сказаць. З таго часу як Лукашэнка сказаў «не шукайце вінаватых, я вінаваты», у нас нічога не мяняецца. І многія лічаць, што пры гэтай уладзе нічога ня зробіцца, — сказала карэспандэнту Свабоды Сьвятлана Калінікна.
Удзельнікі дыскусіі абмяркоўвалі, што можна зрабіць, каб расьсьледаваньне гэтых спраў урэшце зрушыліся.
«Трэба нагадаць людзям, што ў нашай краіне былі гэтыя злачынствы і дагэтуль ніхто не пакараны. Ужо памерлі маці ў Віктара Ганчара, Юр’я Захаранкі і Анатоля Красоўскага. Гэта ня тыя злачынствы, якія могуць быць забытыя, яны бяз тэрміну даўніны», — сказала Сьвятлана Калінкіна.
«Улады ведаюць усе нюансы»
Паводле праваабаронцы Гары Паганяйлы, у апэратыўным пляне справы раскрытыя, улады «ведаюць усе нюансы». Таксама вынікі сваіх расьсьледаваньняў давялі да афіцыйнага Менску міжнародныя экспэрты, але «рэакцыя нулявая».
«Чакаць унутранага рацыянальнага расьсьледаваньня асабіста ў мяне ніякай надзеі няма. Дастаткова будзе двух тыдняў дарасьледаваньня гэтай справы, каб яна лягла на стол суду», — сказаў Гары Паганяйла.
«Яшчэ многа людзей, якія нешта ведаюць»
Сьвятлана Калінкіна сказала, што жывыя яшчэ людзі, якія ведаюць падрабязнасьці справы.
«Той жа Алег Бажэлка. Як мне распавядаў Павал Шарамет, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году Бажэлка быў у кляштары пад Яраслаўлем у Расеі. Хаваўся там. І што да яго прыяжджалі, угаворвалі прыехаць у Менск, выступіць на прэс-канфэрэнцыі. І настаяцель кляштару даў бласлаўленьне на гэта. Але ў патрэбны момант, калі трэба было выяжджаць у Менск, Бажэлкі ў кляштары ўжо не было. Пасьля гэтага Бажэлка замаўчаў і дагэтуль маўчыць. Хаця гэта ня ён падпісваў дакумэнты па Паўлічэнку, а намесьнік пракурора Сьнягір, які потым быў асуджаны і аддадзены ганьбе. Але Бажэлка яшчэ судзіўся, што яго незаконна звольнілі з пасады генпракурора.
Сівакоў жывы, здаровы. Ён сябраваў з Валерыем Фраловым, які спрабаваў зь ім гаварыць пра гэта. Сівакоў не казаў, што ня ведае, але прасіў не пытацца, бо гэта вельмі складаная і цяжкая тэма. Мы ведаем, што Ганчара папярэджваў Сямён Шарэцкі, што ён паўторыць лёс Захаранкі. То бок яшчэ многа людзей, якія нешта ведаюць. Яшчэ Васіль Лявонаў казаў, што яму прапаноўвалі выкупіць пэўныя дакумэнты. Магчыма цяпер іх можна выкупіць?», — сказала пад час дыскусіі Калінкіна.
«Гэта нейкі ўнутраны беларускі падрыхтаваны сьлед»
Паводле праваабаронцы Алега Воўчака, да паказаньняў Гараўскага дадатковай інфармацыі па справе не было.
«Хто такі Гараўскі? У канцы жніўня да мяне зьвярнуліся эўрапейцы з пытаньнем ці ёсьць, ці быў такі супрацоўнік СОБРу. Людзі, якія там служылі нам пацьвердзілі, што гэта рэальная асоба, але ён часова некуды прапаў. Таму я сказаў, што можна займацца і правяраць.
У мяне 99% упэўненасьці, што ён асабіста браў удзел, бо ведаў тонкасьці па справе Захаранкі і Ганчара. Галоўнае, што ён зрабіў, ён прызнаўся ў забойствах. Цяпер застаецца слова за пракуратурай і актывістамі», — сказаў Воўчак.
Паводле Воўчака, Гараўскі ня сам паехаў за мяжу, гэта «нейкі ўнутраны беларускі падрыхтаваны сьлед, а не расейскі».
«Важнасьць паказаньняў Гараўскага яшчэ ў тым, што ён "засьвяціў" прозьвішчы саўдзельнікаў і яшчэ раз Паўлічэнкі. Цяпер улада не атруціць Паўлічэнку і не прыбярэ яго ў аўтакатастрофе. Бо тады ўсім усё будзе зразумела», — сказаў Воўчак.
Што прапанавалі ўдзельнікі дыскусіі?
Палітык Анатоль Лябедзька лічыць, што цяпер мяч ня толькі на баку Аляксандра Лукашэнкі, але і грамадзянскай супольнасьці, бо атрымана новая інфармацыя. Паводле Лябедзькі, «на ўладу няма амаль ніякіх спадзяваньняў». Ён падсумаваў прапановы, якія выказваліся падчас дыскусіі, як дзейнічаць грамадзкасьці.
- правесьці слуханьні ў міжнародных арганізацыях з прэзэнтацыяй фільму Deutsche Welle, каб там зьявіліся новыя дакумэнты і рэзалюцыі;
- арганізаваць слуханьні ў нацыянальных парлямэнтах (Літва, Латвія, Польшча);
- увесьці кропкавыя санкцыі супраць новых асобаў, якія ўсплылі ў паказаньнях Гараўскага;
- арганізаваць судовыя пазовы сваякоў, якія выехалі за межы Беларусі, каб ініцыяваць працэсы адносна адказных асобаў у Беларусі;
- стварыць фонд і зьвярнуцца да тых, хто валодае новай інфармацыяй па справах;
- інфармацыйная кампанія ў Беларусі;
- запісацца на прыём да старшыні Сьледчага камітэту, генпракурора, запусьціць пэтыцыю, каб улада адказала на абвінавачаньні, якія гучаць на адрас канкрэтных людзей.
Паводле Анатоля Лябедзькі, да прызнаньняў Гараўскага «трэба ставіцца вельмі сур’ёзна».
«Ня выйшаў бы ён у эфір "Нямецкай хвалі", каб там быў фэйк. Занадта сур’ёзны інфармацыйны рэсурс і краіна, якая беражэ сваю рэпутацыю. А што да дэталяў, то на гэта павінны адказаць сьледчыя, пракуроры і судзьдзі», — сказаў карэспандэнту Свабоды Анатоль Лябедзька.