Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 фактаў пра «СОБР», якім камандаваў палкоўнік Паўлічэнка


Байцы СОБРу, дата фота невядомая. Чацьверты справа — тагачасны кіраўнік атрада Дзьмітры Паўлічэнка
Байцы СОБРу, дата фота невядомая. Чацьверты справа — тагачасны кіраўнік атрада Дзьмітры Паўлічэнка

Расейская абрэвіятура «СОБР» па-беларуску расшыфроўваецца як «спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня» Ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. Першыя «СОБРы» ўзьніклі яшчэ ў канцы 1970-х гадоў ва ўнутраных войсках СССР.

З распадам СССР гісторыя падобных падразьдзелаў складвалася па-рознаму. У постсавецкай Расеі ад назвы «СОБР» спачатку адмовіліся, а потым яе аднавілі.

У незалежнай Беларусі назва захавалася ў нязьменным выглядзе і на афіцыйным ўзроўні ўжываецца выключна ў расейскамоўным варыянце. Аднак на сьцягу асобнай вайсковай часткі № 3032, створанай ў 2016 годзе на базе менскага «СОБРу», назва часткі напісаная па-беларуску — «Спэцыяльны атрад хуткага рэагавання».

Якое прызначэньне «СОБРу»?

Агульнае прызначэньне — барацьба з арганізаванай злачыннасьцю. Спэцыяльнае — сілавая падтрымка праваахоўнікаў пры затрыманьні асабліва небясьпечных злачынцаў, найперш узброеных.

Прыкладам, вось што згадваў пра апэрацыю затрыманьня ўзброенага злачынцы ў 2003 годзе начальнік штабу «СОБРу» палкоўнік Дзьмітры Мікша.

«Раён заблякаваны супрацоўнікамі міліцыі і дэпартамэнту аховы МУС. Дом заблякаваны супрацоўнікамі АМАПу. Якая зброя ў злачынцы, колькі людзей знаходзіцца ў памяшканьні? Дакладнай інфармацыі няма». Далей, паводле палкоўніка, падпарадкаваныя яму байцы «СОБРу» пайшлі на штурм і захапілі злачынцу раней, чым ён пасьпеў скарыстацца зброяй.

Як ствараўся «СОБР»

Беларускі «СОБР» стварылі ў чэрвені 1999 году на базе вайсковай часткі № 3214 — брыгады спэцыяльнага прызначэньня Ўнутраных войскаў МУС. Аднак ёсьць падставы меркаваць, што рэальна асобная група першай роты вайсковай часткі № 3214, пазьней аформленая як «СОБР», пачала дзейнічаць значна раней. Паводле былога собраўца Юрыя Гараўскага, байцы групы захапілі і вывезьлі за горад і застрэлілі экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку. А гэта адбылося 7 траўня 1999 году.

Колькі чалавек уваходзіць у «СОБР»

Былы собравец Юры Гараўскі ў інтэрвію журналістам «Нямецкай хвалі» паведаміў, што група стваралася з байцоў першай роты вайсковай часткі № 3214, а рота — гэта 30-40 чалавек. Аднак у групу ўвайшлі ня ўсе байцы, толькі «самыя надзейныя». Калі верыць Гараўскаму, у захопе экс-міністра Юрыя Захаранкі бралі ўдзел 9 чалавек.

Калі «СОБР» быў створаны афіцыйна, яго штатны склад значна павялічыўся. Дагэтуль ён трымаецца ў сакрэце, але паводле ўскосных дадзеных у менскім «СОБРы» каля 100 чалавек. У прыватнасьці, прыкладна столькі фігуруюць на здымках у газэце «СБ — Беларусь сегодня» ад 26 сакавіка, дзе ў шыхтаваньні часткі ўдзельнічае 6 узводаў па 12 чалавек кожны плюс камандзіры.

Чым узброеныя «собраўцы»

Гэта такі ж сакрэт, як і іх колькасьць. Паводле некаторых крыніц, байцы «СОБРу» забясьпечаныя аўтаматамі АК, пісталетамі ПМ («Макараў») і ПС («Сьцечкін»), помпавымі картэчным стрэльбамі. Але іншыя крыніцы кажуць, што «Калашнікавых» у «собраўцаў» на ўзбраеньні ўжо даўно няма, яны нібыта перайшлі на зброю блізкага бою — кшталту расейскага пісталета-кулямёта «Кедр». Вядома, што таксама на ўзбраеньні «СОБРу ёсьць шумавыя гранаты ды іншыя баявыя сродкі.

Відавочна і тое, што «СОБР» мае ня толькі аўтамабілі, але і БТРы, што ўскосна пацьвярджае ранейшыя зьвесткі пра тое, як хавалі джып захопленага ў 1999 годзе Анатоля Красоўскага.

Якія заданьні выконвае «СОБР»

Адным зь першых баявых заданьняў, пра якое згадваюць «собраўцы», было затрыманьне групоўкі ўзброеных злачынцаў у Воршы ў кастрычніку 1999 году. У той апэрацыі затрымалі 45 чалавек, у якіх былі 4 пісталеты і 11 гранат.

«Вам, падпалкоўнік Паўлічэнка, я вельмі ўдзячны. Вы павінны абараніць сваіх бацькоў, свае сем’і ад гэтага хай нават дробнага крыміналу, які ў нас сёньня ёсьць. Мы павінны навесьці парадак у грамадзтве. Гэта найважнейшая вашая задача, — казаў 18 красавіка 2002 году падчас наведваньня часткі Аляксандар Лукашэнка. — Тое, што вы зазнаяце ўдары і вас палітычна апрацоўваюць, значыць, што вы нечага вартыя. Я думаю, што, хутчэй за ўсё, вы атрымліваеце за мяне. Бо прэзыдэнту ня могуць даць рады і пачынаюць глядзець, хто там побач».

Толькі ў 2018 годзе «собраўцы» бралі ўдзел больш як у 400 службова-баявых заданьнях, рапартавалі сёлета ў спэцыяльнай частцы. Зразумела, удзел «собраўцаў» у пэўных апэрацыях не афішуюць, але гэтыя зьвесткі немагчыма схаваць. У тым ліку Аляксандр Лукашэнка прызнаваў, што на ягоны загад былі зьнішчаныя крымінальныя «аўтарытэты» Маманцёнак і Шчаўлік.

«І дзе цяпер гэты Шчаўлік?» — казаў кіраўнік Беларусі. Ня выключана, што зьнішчэньнем крымінальнікаў у канцы 1990-х гадоў таксама займаліся тагачасныя «собраўцы». Гэтую вэрсію ўскосна пацьвярджае зьмест размовы з Дзьмітрыем Паўлічэнкам, апублікаванай днямі ў тэлеграм-канале журналіста «Наша нівы» Арцёма Гарбацэвіча.

Сёлета ў кастрычніку Лукашэнка прызначыў былога камандзіра «СОБРу» Юрыя Назаранку намесьнікам міністра ўнутраных спраў — камандзірам унутраных войскаў. Пасьля прызначэньня ён зноў пахваліў «СОБР»:

«Я нічога кепскага ня чуў пра дзейнасьць СОБРу, толькі станоўчае, — сказаў Лукашэнка. — Мы заўсёды мабілізоўвалі атрад для затрыманьня і нэўтралізацыі рознага кшталту бандзюкоў ды іншых».

Як дзейнічае «СОБР»

Некаторыя дэталі арганізацыі дзейнасьці «СОБРу» расказаў для мэдыя начальнік штабу «СОБРу» Дзьмітры Мікша. Ён кажа, што ў складзе асобнай часткі ёсьць сталая дзяжурная група, якая можа ў кожны момант апэратыўна выехаць на заданьне. Пазьней адпаведна патрэбе да яе далучаюцца іншыя групы «СОБРу».

Якая эмблема спэцыяльнай часткі

Гэта чырвоны круг, на які накладзены зялёны контур Беларусі з срэбным шчытом і мечам пасярэдзіне. На шчыце дэвіз атраду «Долг. Честь. Отечество». Вакол чырвонага кругу таксама па-расейску напісана «Специальный отряд быстрого реагирования».

Камандзір в/ч 3032 падпалкоўнік Аляксандар Быкаў. На рукаве — шэўрон СОБРу ў адценьнях хакі
Камандзір в/ч 3032 падпалкоўнік Аляксандар Быкаў. На рукаве — шэўрон СОБРу ў адценьнях хакі

Хто камандуе «СОБРам»

Шмат гадоў ім камандаваў палкоўнік Дзьмітры Паўлічэнка, якога ў пачатку 2000-х гадоў уключылі ў сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу і ЗША за імавернае дачыненьне да выкраданьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Камандзір 3-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі Дзьмітры Паўлічэнка (зьлева) і кіраўнік унутраных войскаў Юры Сівакоў, намесьнік міністра ўнутраных спраў Юры Сівакоў. Архіўнае фота
Камандзір 3-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі Дзьмітры Паўлічэнка (зьлева) і кіраўнік унутраных войскаў Юры Сівакоў, намесьнік міністра ўнутраных спраў Юры Сівакоў. Архіўнае фота

Паўлічэнка гэтую датычнасьць зьняпраўджвае, між тым санкцыі зь яго ня зьнятыя дагэтуль. Былы ««СОБРавец» Юры Гараўскі сьцьвярджае, што Дзьмітры Паўлічэнка нібыта асабіста застрэліў Захаранку, Ганчара і Красоўскага з адмысловага пісталета.

Тое, што Дзьмітрыю Паўлічэнку перадавалі пісталет, які ўжываўся для выкананьня расстрэльных прысудаў, сьцьвярджае палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, які служыў начальнікам СІЗА на вул. Валадарскага. Паводле Алега Алкаева, пісталет выдавалі акурат напярэдадні зьнікненьня Юрыя Захаранкі, а потым і зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Цяпер менскім ««СОБРам» камандуе падпалкоўнік Аляксандар Быкаў.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG