Паводле зьвестак праваабаронцаў, позвы з патрабаваньнем зьявіцца ў міліцэйскія ўпраўленьні за акцыі 7-8 сьнежня ў Менску атрымалі больш за два дзясяткі чалавек.
78-гадовы мовазнаўца, былы дэпутат Вярхоўнага Савету і першы амбасадар у гісторыі незалежнай Беларусі Пётра Садоўскі атрымаў адразу дзьве позвы зь міліцыі.
Яго вінавацяць у тым, што ён выступаў на мітынгах 7-8 сьнежня з прыступак Палацу Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы.
«16 сьнежня са спазьненьнем атрымаў дзьве позвы зьявіцца ў аддзел аховы правапарадку і прафіляктыкі правапарушэньняў адміністрацыі Савецкага раёну Менску ў якасьці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, — паведаміў спадар Садоўскі. — Прынесьлі ў сярэдзіне дня, а трэба было зьявіцца раніцай. З улікам, што позва прыйшла позна, я затэлефанаваў і сказаў пра немагчымасьць выканаць патрабаваньне. Там пайшлі насустрач: маўляў, у міліцыю ня трэба, чакайце позвы ў суд».
Пасьля 7 і 8 сьнежня на ўдзельнікаў акцый супраць падпісаньня інтэграцыйных дакумэнтаў з Расеяй пачалі масава складаць пратаколы за адміністрацыйныя правапарушэньні, удакладняе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Так, журналістку і актывістку руху «За свабоду» Вольгу Быкоўскую выклікалі ў РУУС Ленінскага раёну Менску і склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). На той жа падставе складзены пратакол у дачыненьні да Ільлі Дабратвора, які 7 сьнежня рабіў фотарэпартаж для электроннага выданьня, зь якім ён супрацоўнічае. Актывіст не пагадзіўся за зьместам, зрабіўшы адпаведную пазнаку ў дакумэнце.
Па зьвестках праваабаронцаў, позвы з патрабаваньнем зьявіцца ў міліцэйскія ўпраўленьні атрымалі больш за два дзясяткі чалавек, уключна зь непаўналетнімі. У іх ліку палітыкі Мікалай Казлоў, Вольга Кавалькова, Юрась Губарэвіч, Яўген Афнагель, Дзьмітры Кучук, актывісты Леанід Кулакоў, Павал Белавус, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, мастак Аляксей Марачкін, сьвятар айцец Вікенці Кавалькоў, блогер Зьміцер Казлоў, а таксама ўдзельнікі акцый Галіна Лагацкая, Андрэй Кудзік, Аляксей Прохараў, Зьміцер Казакевіч, Антон Жылко, Дзяніс Красачка, Мікола Бамбіза, Натальля Ладуцька, Уладзімер Неўмяржыцкі і непаўналетнія Мікіта Стружэўскі ды Арсень Дзядок.
На 20 сьнежня, калі ў Санкт-Пецярбургу будаць сустракацца кіраўнікі Расеі і Беларусі, у Менску прызначана чарговая акцыя супраць «паглыбленай інтэграцыі».