Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дайшлі да амбасады Расеі. Як у Менску прайшоў другі 5-гадзінны маратон супраць «паглыбленай інтэграцыі»


8 сьнежня ў цэнтры Менску адбылася другая цягам выходных акцыя пратэсту супраць «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Як і днём раней, яна не была санкцыянаваная гарадзкімі ўладамі, аднак абышлося без затрыманьняў. Свабода ўзнаўляе храналёгію падзеяў.

Апоўдні некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся на Кастрычніцкай плошчы. Супрацоўнікі міліцыі праз мэгафон спрабавалі заклікаць іх разысьціся, бо акцыя несанкцыянаваная. Аднак адзін з арганізатараў, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец сказаў, што ўлады першыя зацікаўленыя ў пратэстнай карцінцы зь Менску. А значыць, інтарэсы ўсіх бакоў супадаюць.

Невялікая сутычка паміж пратэстоўцамі і людзьмі ў цывільным, якія суправаджалі маёра міліцыі, здарылася толькі аднойчы на пачатку акцыі. Але ў выніку натоўп даў сілавікам прайсьці. Таксама супрацоўнікі ДАІ фіксавалі нумары аўтамабіляў, якія сыгналілі на знак салідарнасьці. Прынамсі адзін зь іх яны спынілі, кіроўцу аштрафавалі за пратэрмінаваны тэхагляд.

Мітынг супраць інтэграцыі пачаўся з малітвы «Ойча наш» на прыступках Палацу рэспублікі. Лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык зачытаў рэзалюцыю: «Зь Беларусьсю ўсё будзе добра, калі ў беларусаў хопіць волі абараніць сваю Бацькаўшчыну». Сярод патрабаваньняў грамады — публічнае азнаямленьне з «дарожнымі мапамі» так званай саюзнай дзяржавы і сакрэтных дакумэнтаў аб інтэграцыі.

Кароткая сутычка з людзьмі ў цывільным
Кароткая сутычка з людзьмі ў цывільным

Затым пісьменьнік Уладзімер Арлоў прадэклямаваў вытрымкамі са свайго знакамітага эсэ пачатку 1990-х «Незалежнасьць — гэта...». Колькасьць людзей тым часам імкліва расла.

Ад плошчы ўдзельнікі скіраваліся праз цэнтар гораду да расейскай амбасады, каб перадаць тэкст рэзалюцыі «супраць пагрозы інкарпарацыі». Першапачаткова маршрут не агучваўся, каб не выдаваць пляны арганізатараў. Аднак там іх ужо чакаў «жывы ланцуг» байцоў спэцназу, а таксама вялікая колькасьць аўтазакаў, міліцэйскіх аўтобусаў, «апэратыўных» мінівэнаў, транспарту роты ганаровай варты. Нават у машынах хуткай дапамогі былі заўважаныя людзі ў поўнай амуніцыі.

У чаканьні каманды
У чаканьні каманды

Павал Севярынец зрабіў спробу перамовіцца з кіраўніком менскага АМАПу Дзьмітрыем Балабам, каб пазьбегнуць канфрантацыі. Астатніх удзельнікаў шэсьця заклікаў заставацца на адлегласьці. Амапавец паабяцаў, што зьвернецца да расейскіх дыпляматаў.

Аднак ніхто з супрацоўнікаў амбасады да «хадакоў» так і ня выйшаў. Рэзалюцыю прыняў старшы лейтэнант Зубок, дзяжурны па ахове. Яму адчынілі пасольскую браму, ён зайшоў на тэрыторыю дыпляматычнага прадстаўніцтва.

Цягам наступнага часу была досыць нэрвовая сытуацыя, якая пагражала павярнуцца ў любы бок. Спэцтэхніка пачала павольна пад’яжджаць да скапленьня людзей, сілавікі не пакідалі свае пазыцыі.

Спэцназаўцы ахоўваюць подступы да будынку амбасады Расеі
Спэцназаўцы ахоўваюць подступы да будынку амбасады Расеі

Аднак сыгналу на разгон не паступіла, удзельнікі пачалі аддаляцца ад амбасады Расеі.

У размове са Свабодай мітынгоўцы выказвалі меркаваньне, што актыўнасьць беларусаў, якія выйшлі супраць «паглыбленай інтэграцыі», прымусілі Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку адкласьці падпісаньне выніковых дакумэнтаў — кіраўнікі дзьвюх краін маюць яшчэ раз сустрэцца 20 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу.

Кіраўнік руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык заявіў, што 7-8 сьнежня адбыўся сапраўдны «беларускі чын». Але пільнасьць страчваць ня варта, таму наступная дата збору — 20 сьнежня а 18-й гадзіне на плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай).

На зваротным шляху калёна спынілася ля так званага «Дому Чыжа», дзе, як сказаў Павал Севярынец, жывуць найбагацейшыя людзі краіны, у тым ліку Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. Некалькі хвілін адмыслова для жыльцоў элітнай нерухомасьці натоўп пад гучныя аплядысмэнты скандаваў «Жыве Беларусь!» і «Далучайся!».

Больш дасьведчаныя ўдзельнікі шэсьця выказвалі задавальленьне, што навокал вельмі шмат маладых твараў. І сёньня і ўчора сярод удзельнікаў відавочна пераважала моладзь.

Калёна пратэстоўцаў супраць паглыбленай інтэграцыі
Калёна пратэстоўцаў супраць паглыбленай інтэграцыі

На выніковым мітынгу Павал Севярынец і Вячаслаў Сіўчык заклікалі кіраўнікоў іншых дэмакратычных партый і рухаў разам выйсьці на плошчу 20 сьнежня, каб прадэманстраваць зьяднанасьць беларусаў супраць пагрозы страты незалежнасьці.

Таксама дэклямаваліся патрыятычныя вершы, гучалі песьні пра Беларусь і воклічы за незалежнасьць. «Каго любіш? Люблю Беларусь!». Пад знакамітым лёзунгам-паролем Кастуся Каліноўскага акцыя была абвешчана завершанай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG