Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нямецкая хваля»: былы спэцназавец МУС Беларусі прызнаўся ў забойствах апазыцыянэраў

абноўлена

Юры Гараўскі
Юры Гараўскі

Deutsche Welle (Нямецкая хваля) апублікавала відэа, ў якім чалавек, які назваў сябе байцам беларускага «эскадрону сьмерці» распавёў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму.

Тады ў Беларусі зьніклі былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка, былы віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар і ягоны сябра, бізнэсовец Анатоль Красоўскі.

Юры Гараўскі сьцьвярджае, што іх выкралі і забілі байцы спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (СОБР) Унутраных войскаў МУС Беларусі пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі. У іх ліку нібыта быў і сам Гараўскі. Гараўскі сказаў, што можа паказаць месцы іх пахаваньняў на мапе. Ён таксама кажа, што забіваў асабіста Паўлічэнка. Сам Паўлічэнка ўжо адпрэчыў гэтыя абвінавачаньні, заявіўшы, што Гараўскі пасьля 1999 году ўжо не служыць ў СОБРы, а нібыта быў асуджаны за вымаганьне.

Паводле «Нямецкай хвалі», цяпер 41-гадовы Гараўскі знаходзіцца ў альпійскім рэгіёне адной зь нямецкамоўных краінаў, якую не называюць зь меркаваньняў бясьпекі.

Асноўныя цьверджаньні Юрыя Гараўскага ў відэа і тэкставым інтэрвію:

  • Нядаўна ён трапіў у аўтамабільную аварыю ў Беларусі. Ён ўпэўнены, што гэта быў замах, таму зьбег зь Беларусі ў кастрычніку 2018 году і папрасіў палітычнага прытулку.
  • Ён асабіста ўдзельнічаў у выкраданьнях і забойствах, калі служыў у спэцыяльным атрадзе хуткага рэагаваньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Ён кажа, што служыў пасьля войска, з 1999 па 2003 год, быў намесьнікам камандзіра групы.
  • Гэта адбывалася паводле вусных загадаў. Ніякіх пісьмовых дакумэнтаў не было.
  • 7 траўня 1999 году байцы спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі выкралі ў цэнтры Менску былога міністра ўнутраных Юрыя Захаранку.
  • Перад выкраданьнем за Захаранкам прыблізна паўтра тыдні сачыла група з васьмі чалавек на вусны загад Паўлічэнкі.
  • «Мы селі ў дзьве машыны — BMW 525 чырвонага колеру і Opel Оmega цёмнага колеру — і рушылі ў раён вуліцы Варанянскага. Мы ведалі, дзе Захаранка паставіць сваю машыну і колькі мэтраў яму ісьці ад стаянкі да хаты».
  • Чатыры байцы атраду спынілі яго па дарозе дадому, прадставіўшыся супрацоўнікамі міліцыі. Захаранка быў без аховы, адзін.
  • «Я з Паўлічэнкам быў у машыне, плюс яшчэ сядзелі Барадач Юра і Шкіндэраў Сяргей. У іншай машыне — Карповіч Дзіма, Наваторскі, Кажэўнікаў, Панкоў і Румянцаў Лёша. Румянцаў і Карповіч сталі ў пачатку і канцы дома. Я і Шкіндэраў — мы былі вышэйшыя — калі даведаліся, што Захаранка прыпаркаваўся і пайшоў у бок дома, пайшлі за ім. А Кажэўнікаў і Панкоў пайшлі яму насустрач».
  • Захаранка не супраціўляўся. Ён нібыта толькі сказаў выкрадальныкам у машыне: «Зрабіце так, каб не было балюча».
  • Захаранку прывезьлі на вучэбную базу ўнутраных войскаў ў раёне Валоўшчыны пад Менскам. Яго забілі са спэцыяльнага пісталета з глушыльнікам для выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі. Мадэль пісталета ў відэа не называецца. У тэкставым інтэрвію Гараўскі кажа, што страляў асабіста Паўлічэнка, было два стрэлы ў раён сэрца, Захаранку яшчэ ў машыне надзелі на галаву «балдахін», які закрываў вочы.
  • Перад сьмерцю Захаранку не катавалі.
  • Пасьля забойства цела Захаранкі адвезьлі ў Менск. На Менскай кальцавой аўтамабильнай дарозе машына завярнула ў бок Паўночных могілак. Камандзір атраду Дзьмітры Паўлічэнка завёз цела ў крэматорый. Што адбылося зь целам далей – невядома.
  • «Байцы – мы выканаўцы, мы затрымлівалі. Ня мы націскалі на спускавы кручок. Ня мы выконвалі загад аб ліквідацыі. Гэта рабіў Паўлічэнка. Ён націскаў на спускавыя кручкі».
  • Былого віцэ-сьпікера парлямэнту Віктара Ганчара трэба было ліквідаваць, бо ў яго быў кампрамат на Лукашэнку.
  • Ганчара і ягонага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, выкралі 16 верасьня 1999 году каля лазьні на вуліцы Фабрычнай у Менску. Іх забілі у лесе каля базы СОБРу паміж Багомлем і Докшыцамі.

  • Усяго нас было восем чалавек. Я і Панкоў працавалі па Ганчару, а Барадач і Кажэўнікаў — па Красоўскаму. Я дастаў з бардачка спэцыяльна узяты мэталічны ланцуг — сантымэтраў 50 даўжынёй. Кажу: «Паныч, калі будзеш за дзьверы тузаць — пачакай, я разаб’ю шкло, і потым ты тарганеш дзьверы»
  • «Ганчар і Красоўскі апошнімі выйшлі з лазьні, селі ў машыну. Вуліца цёмная, там ліхтароў няма, людзей не было — мы кантралявалі. І калі пайшоў рух іх машыны, мы перакрылі дарогу. Я зрабіў літаральна два крокі, разьбіў шкло і ланцугом трапіў у губу і пераносьсе Ганчару. Панкоў адчыняй дзьверы, я гэтым ланцугом бяру Ганчара на задушку, дастаю яго з машыны, кладу на зямлю».
  • У тэкставым інтэрвію Гараўскі кажа, што і Ганчара, і Красоўскага забіў асабіста Паўлічэнка, зрабіўшы па два стрэлы ў сэрца.
  • Іх рэчы спалілі і пахавалі разьдзетыя целы ў загадзя падрыхтаванай яме. Яма была глыбокая, 4-5 мэтраў. У Ганчара на адной назе не хапала двух пальцаў.
  • За выкраданьне і забойства Ганчара і Красоўскага байцам далі па 1000 даляраў.
  • Джып, на якім Ганчар і Красоўскі зьяжджалі з лазьні, раздушылі БТРам і закапалі.
Дзьмітры Паўлічэнка, адзін з галоўных падазраваных у выкраданьнях і забойствах
Дзьмітры Паўлічэнка, адзін з галоўных падазраваных у выкраданьнях і забойствах
  • Гараўскі кажа, што ў яго не было выбару. «Калі малады чалавек, калі аддаецца загад, ці ты ў сыстэме, ці ты па-за сыстэмай. Я аддаваў сабе справаздачу, што калі я іду да канца – я іду да канца. Калі я недзе аступлюся, я гэтак жа магу апынуцца на месцы Захаранкі».
  • «Я спачуваю, бо я ўдзельнік забойства. Прашу прабачэньня ў іх і магу паказаць месцы іх пахаваньня на мапе. А далей усё залежыць ад іх [сваякоў зьніклых] і ад беларускай праваахоўнай сыстэмы».
Кадры з фільму Deutsche Welle: схема ўдзельнікаў выкраданьняў і забойстваў, якую намаляваў Юры Гараўскі
Кадры з фільму Deutsche Welle: схема ўдзельнікаў выкраданьняў і забойстваў, якую намаляваў Юры Гараўскі

Былы спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Хрыстас Пургурыдэс:

  • Крымінальную справу аб зьнікненьні палітыкаў ніколі не закрывалі. Справу зачыняць пасьля належнага расьсьледаваньня, калі стане вядома, што адбылося са зьніклымі людзьмі. Немагчыма, каб гэтыя выкраданьні і забойствы адбыліся бяз згоды высокапастаўленых чыноўнікаў — і калі я кажу пра высокапастаўленых, я думаю пра прэзыдэнта Беларусі.
  • «"Эскадрон сьмерці" паводзіць сябе так, быццам бы дзейнічае па ўказаньні дзяржавы. Менавіта таму яны выкарыстоўвалі афіцыйны расстрэльны пісталет, каб усё выглядала як афіцыйнае пакараньне».
  • «Мне здаецца, што дэмакратычныя краіны ў Эўропе ня прымуць Беларусь [у Раду Эўропы], пакуль яна не разьбярэцца са зьнікненьнямі і ня вырашыць іншыя праблемы, бо гэта не адзіная. Гэта толькі вяршыня айсбэргу — яна ўсім бачная, а большая частка хаваецца пад вадой».

Алена Захаранка, дачка Юрыя Захаранкі, пра Гараўскага: «Гэта ня ён, гэта ў ягонай асобе ўся сыстэма. Яму сказаць нічога не магчыма. Людзі залежныя ад гэтай сыстэмы, яна прымушае выконваць іх крывавыя злачынствы».

Дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэ Гатален: «Грамадзтва ня можа жыць у дабрабыце, ня ведаючы, што адбылося. Мы можам асуджаць пэўныя факты, але для пачатку мы павінны дакладна ведаць, хто за гэта адказны. Гвалтоўныя дзеяньні, якія прывялі да зьнікненьня людзей – гэта спосаб схаваць праўду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG