12 сьнежня брытанцы галасуюць на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах. Асноўнымі тэмамі кампаніі па-ранейшаму былі недакончаны Brexit, а таксама дрэнны стан брытанскай сыстэмы аховы здароўя. Перадвыбарныя апытаньні давалі надзею на перамогу кансэрватарам прэм’ер-міністра Барыса Джонсана.
Прэм’ер абвясьціў датэрміновыя выбары пасьля таго, як яму не ўдалося правесьці праз парлямэнт пагадненьне аб Brexit, які павінен быў адбыцца ў канцы кастрычніка.
Што можа чакаць Брытанію пасьля выбараў. Вельмі коратка
- Калі перамогуць кансэрватары, Джонсан абяцае вывесьці краіну з ЭЗ фармальна 31 студзеня 2020 году, а фактычна — 31 сьнежня 2020.
- Калі перамогуць лейбарысты, яны маюць намер правесьці перамовы з Эўразьвязам аб новых умовах выхаду і другі рэфэрэндум.
- Калі большасьць не набярэ ніводная з партыяў, Brexit зноў можа зацягнуцца. Але і гэта яшчэ ня ўсё. Для фармаваньня кааліцыйнага ўраду апазыцыі можа спатрэбіцца:
- кааліцыя з шатляндзкай нацыянальнай партыяй, якая патрабуе другога рэфэрэндуму аб незалежнасьці Шатляндыі
- кааліцыя зь лібэрал-дэмакратамі, якія абяцаюць адмяніць Brexit