Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлюб як прыкрыцьцё для сэксу


Нядаўна па розных суполках у сацсетках разьляцеліся фатаздымкі брашуры «10 прычын захаваць цнатлівасьць да шлюбу». Аўтарка брашуры — адна з самых вядомых пралайфэрак Беларусі Вера Сярдзюк, якая да таго ж называе сябе праваслаўнай фэміністкай.

Яна кажа, што цяпер замест гэтай брашуры арганізацыя «Матуля» распаўсюджвае іншую. Новая назва — «Цнота». Але ў сацсетках фатаздымкі «старой» брашуры распаўсюджваюцца з подпісам, што гэтую ўлётку цяперака раздаюць у школах.

У любым выпадку Вера Сярдзюк не адмаўляецца ад напісанага ў старой брашуры, а па зьмесьце там маніпуляцыі ў стылі «Супадзеньне? Не думаю!», адсылкі да рэлігіі як да навуковай ісьціны і адкрытая хлусьня. Але што самае цікавае, шлюб там апісаны як самае сапраўднае пекла, а сэкс — як нейкі рэсурс, які жанчына аддае мужчыне разам з усёй сабой.

Зацыкленасьць на маленечкім кавалку сьлізістай у жаночым целе я нават не хачу зараз асобна аналізаваць — гэта зьява звыклая, банальная і ня мае нічога агульнага ні з навуковымі дасьледаваньнямі, ні з клопатам пра пачуцьці дзяўчат. Цнатлівасьць — гэта сацыяльны канструкт, а не біялягічная дадзенасьць, і шматлікія рэлігіі дагэтуль выкарыстоўваюць гэты канструкт для дадатковага кантролю над жанчынамі.

Улётка падаецца мне цікавай не самой тэмай цнатлівасьці, а тым, наколькі канцэнтравана ў ёй сабраны міты пра жаночае рэпрадуктыўнае здароўе і дзіўныя ўяўленьні пра шлюб як нешта, да чаго мужчын трэба прымушаць, маніпулюючы сэксам. Напэўна, шлюб па каханьні ў праваслаўнай царкве больш ня ў модзе, і на замену яму прыйшоў шлюб як фармальнасьць, якая дазваляе займацца сэксам.

Вось некалькі яскравых цытат з улёткі:

  • «З кожным наступным палавым партнэрам жанчына губляе сваё жаночае здароўе. Рэч у тым, што ўся жаночая сыстэма доўга і карпатліва падладжваецца пад аднаго мужчыну».
  • «Першая цяжарнасьць, якая скончылася абортам, як вядома, прыводзіць да бясплодзьдзя ў 30% выпадкаў».
  • «Калі пачаць жыць з мужчынам "бяз гэтага вульгарнага штампу ў пашпарце", нішто не прымусіць яго гэты штамп пайсьці і паставіць».
  • «Мужчыны — паляўнічыя. Жанчына, якая лёгка дасталася, зусім ня цэніцца, бо абясцэньвае нашага героя і яго высілкі».

І ёсьць адзін пункт, які я хачу працытаваць цалкам: «З вопыту нашых мам. Калі муж будзе вашым першым мужчынам, ён на працягу доўгіх і шчасьлівых гадоў шлюбу зможа абвінаваціць вас ва ўсім — ад кепскай гаспадыні да дурніцы. І толькі ў адным ня зможа. Гэта ўжо штосьці! Можна будзе пранесьці пачуцьцё ўласнай вартасьці з галавой, паднятай з гонарам».

Ведаеце, я праўда ня памятаю, калі апошні раз чытала тэкст, які б настолькі адварочваў ад ідэі брацца шлюбам. З гэтай брашуры, якая нібыта мусіць прывіваць сямейныя каштоўнасьці, наўпрост вынікае, што бегчы трэба ад любой прапановы замужжа як мага далей і ніколі не вяртацца.

Ніякі фэмінісцкі тэкст, дзе будуць апісаны верагодныя жаночыя рызыкі ўступленьня ў шлюб ці нечае нешчасьлівае сямейнае жыцьцё, не параўнаецца па ўзроўні драматычнасьці з гэтай улёткай ад «Матулі». Рэч у тым, што ў фэмінісцкім тэксьце зьявы будуць названы сваімі імёнамі. Партнэр зьневажае і ва ўсім абвінавачвае — гэта таксычныя паводзіны, і ніхто не абавязаны такое цярпець. Але ў «праваслаўнай фэміністкі» свой погляд на рэальнасьць: вечныя абвінавачваньні — гэта ледзьве ня знак доўгага і шчасьлівага шлюбу.

Так і хочацца закрычаць: дзяўчаты, усё не настолькі кепска! Зусім неабавязкова, што муж будзе вас прыніжаць. А яшчэ зь вялікай доляй верагоднасьці яму будзе напляваць на вашых папярэдніх партнэраў! Больш за тое, калі мужчына да вас зьняважліва ставіцца, вы можаце за яго не выходзіць замуж. А калі ўжо выйшлі, заўжды можна разьвесьціся.

І так, займаючыся зь некім сэксам, вы не «аддаяцеся» гэтаму чалавеку, не «абясцэньваеце ягоныя высілкі» і не зьневажаеце сябе. Вы проста займаецеся сэксам, вось і ўсё.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG