Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржаўнасьці бяз мовы не бывае». Моўны амбудсмэн Украіны — пра свае прыярытэты


Ілюстрацыйнае фота. Удзельнікі масавай дыктоўкі па ўкраінскай мове ў Адэсе, 25 жніўня 2019 году
Ілюстрацыйнае фота. Удзельнікі масавай дыктоўкі па ўкраінскай мове ў Адэсе, 25 жніўня 2019 году

Ва Ўкраіне ўпершыню за гісторыю незалежнасьці зьявіўся новы інстытут для абароны дзяржаўнай мовы. Згодна з законам аб дзяржаўным статусе ўкраінскай мовы, які ўступіў у сілу ў ліпені 2019 году, урад Украіны прызначыў моўнага амбудсмэна.

Ім стала ўраджэнка Мікалаева, доктар філялягічных навук, выкладчыца Чарнаморскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Пятра Магілы Тацяна Манахава.

Забілі за ўкраінскую мову

Дзейнасьць першага моўнага амбудсмэна пачалася на фоне трагічнай навіны з гораду Бахмут Данецкай вобласьці, дзе двое маладзёнаў за адказ на ўкраінскай мове да сьмерці зьбілі валянтэра Арцёма Мірашнічэнку. У судзе, калі ім выбіралі меру стрыманьня, адзін з нападнікаў патрабаваў перакладчыка з украінскай мовы.

З чаго плянуе пачаць сваю дзейнасьць Тацяна Манахава і ці атрымаецца пазьбегнуць моўных канфліктаў ва Ўкраіне?

Тацяна Манахава
Тацяна Манахава

«Маё асноўнае заданьне як упаўнаважанай у абароне дзяржаўнай мовы — забясьпечыць права грамадзян Украіны на атрыманьне інфармацыі і паслуг на дзяржаўнай мове. Гэта заданьне нумар адзін», — заявіла Тацяна Манахава на сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Дзяржаўная абарона для мовы

Паўнавартасна выконваць свае паўнамоцтвы яна зможа толькі праз паўгода, калі цалкам будзе створаная структура і юрыдычная сыстэма інстытуту моўнага амбудсмэна. Тацяна Манахава перакананая, што найперш грамадзяне мусяць самастойна вывучыць моўны закон, вакол якога штучна створаны памылковыя тлумачэньні і ўяўленьні:

«Закон ня страшны. Я б параіла ўсім грамадзянам Украіны знайсьці тэкст закону і прачытаць яго, каб ня стаць закладнікам розных маніпуляцый».

Мова ў прыватным жыцьці

«На якой мове чалавек размаўляе зь дзецьмі, бацькамі ці са сваімі сябрамі; на якой мове піша вершы ці лісты, у сацыяльных сетках; моліцца Богу, — гэта ягоны выбар. Аднак калі чалавек паўстае перад дзяржавай як грамадзянін і зьвяртаецца да дзяржавы: „Абарані мяне, навучы мяне, вылечы мяне, дай мне працу“, тады дзяржава патрабуе выкарыстаньня дзяржаўнай мовы», — падкрэсьліла Таццяна Манахава.

Моўныя штрафы

Упаўнаважаная падкрэсьліла, што моўныя парушэньні ня будуць карацца крымінальнай адказнасьцю:

«Найперш закон прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць. Гэта штрафы рознага ўзроўню: на сёньня гэта прыблізна 9 тысяч 800 грыўняў — 11 тысяч 900 грыўняў. І сыстэма штрафаў адтэрміноўваецца ў сярэднім на 2-3 гады: маем час падрыхтавацца да рэалізацыі на практыцы». У эквіваленце памер моўных штрафаў не перавышае 500 даляраў.

Тацяна Манахава пераканана, што дзяржаўная мова — гэта інструмэнт залучэньня людзей у грамадзтва:

«Гэта магчымасьць паступаць ва ўкраінскія навучальныя ўстановы, гэта магчымасьць паступіць на дзяржаўную службу, гэта магчымасьць служыць ва ўкраінскай арміі. І мы павінны разумець, што дзяржаўная мова — гэта дзяржаватворны чыньнік. Няма дзяржаўнасьці бяз мовы».

Моўная стратэгія для Данбасу

Школьны сшытак, выдадзены ў «ДНР», аформлены па-ўкраінску
Школьны сшытак, выдадзены ў «ДНР», аформлены па-ўкраінску

Моўная ўпаўнаважаная лічыць, што для ўсходніх рэгіёнаў Украіны трэба разпрацаваць асобную моўную стратэгію, каб павялічыць матывацыю мясцовых жыхароў для выкарыстаньня ўкраінскай мовы:

«Усе эўрапейскія краіны маюць адпаведныя законы, якія абараняюць свае нацыянальныя мовы. Калі гаварыць пра Данбас, то сапраўды там існуе праблема фактычнай адсутнасьці дзяржаўнай мовы ў грамадзкай сфэры. Мы будзем распрацоўваць цэлую стратэгію гуманітарных і культурных захадаў. Людзей трэба ня толькі штрафаваць, але і матываваць».

Паводле яе, ва ўкраінскамоўную прастору можна і варта далучаць жыхароў не падкантрольных Кіеву тэрыторый. Але найперш «трэба вырашыць праблему ў глябальным маштабе, вярнуць тэрыторыі разам зь людзьмі, разам з нашымі грамадзянамі, устанавіць кантроль і бясьпеку».

«Цяпер мы будзем усімі сродкамі, якія ёсьць у нашым арсэнале, гутарыць з гэтымі людзьмі. А як толькі зьявіцца юрыдычная і палітычная магчымасьць, будзем залучаць іх ва ўкраінскамоўную прастору. Думаю, нас ня трэба баяцца, нам трэба кансалідавацца вакол украінскай мовы, гэта мусіць быць чыньнікам аб’яднаньня, а не расколу».

Заўвагі Вэнэцыянскай камісіі

На пачатку сьнежня Вэнэцыянская камісія заклікала Ўкраіну ўхваліць асобны закон пра нацыянальныя меншасьці. Паводле высновы экспэртаў, закон аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай «ня здолеў забясьпечыць неабходную раўнавагу ў грамадзтве паміж папулярызацыяй украінскай мовы і належнай роўнай абаронай моўных правоў нацыянальных меншасьцяў».

Моўны амбудсмэн заявіла, што заўвагі будуць улічаныя. Але галоўнае, паводле яе, тое, што Вэнецыянская камісія пагадзілася з правам Украіны на абарону і папулярызацыю сваёй дзяржаўнай мовы.

«Яны адзначылі станоўчай магчымасьць для любога грамадзяніна вывучаць дзяржаўную мову, бо, у прыватнасьці, будуць створаныя бясплатныя курсы. Сапраўды, ёсьць пажаданьні, рэкамэндацыі камісіі. Украіна, як прававая дзяржава, будзе да іх у пэўнай ступені прыслухоўвацца ў далейшай заканадаўчай працы. У прыватнасьці, рыхтуецца закон аб нацыянальных меншасьцях, усе гэтыя пажаданьні будуць прынятыя для разгляду. Відавочна, афіцыйны адказ, нашы заўвагі да гэтых заўваг усё ж будуць падрыхтаваныя», — дадала Тацяна Манахава.

Прэс-канфэрэнцыя ўкраінскага моўнага амбудсмэна

Як будзе працаваць структура

Цягам паўгода ва Ўкраіне створаць юрыдычную структуру абароны дзяржаўнай мовы. Плянуецца таксама стварыць афіцыйны партал у інтэрнэце, празь які грамадзяне змогуць падаваць свае скаргі ў пісьмовым і электронным выглядзе.

«Афіцыйна я змагу адказаць на скаргі праз 6 месяцаў пасьля прызначэньня. Ужо летам я буду мець такія паўнамоцтвы. Аднак усе скаргі мы будзем фіксаваць і разглядаць абавязкова. Калі зафіксавана парушэньне, мы атрымалі скаргу, то пачынаем тлумачальную працу з тым, на каго скардзяцца: паведамляем пра парушэньне і патрабуем яго ліквідаваць. У выпадку атрыманьня другой за год скаргі на тое ж пытаньне тут ужо пачнецца судовая гісторыя, штрафы і санкцыі. І ўжо будзе фінансавая адказнасьць».

Новы правапіс

Моўны амбудсмэн таксама мусіць кантраляваць выкананьне стандартаў мовы. У траўні Кабінэт міністраў Украіны зацьвердзіў новы ўкраінскі правапіс, які пасьля грамадзкага абмеркаваньня прапанавала нацыянальная камісія правапісу.

Згодна з моўным законам, цяпер мусіць быць створаная нацыянальная камісія стандартаў мовы.

«Гэта будуць 9 кампэтэнтных асобаў, дактароў філялягічных навук, кандыдатаў, якія якраз будуць апекавацца правапісам. Сапраўды, ухвалены новы правапіс, але ніхто не патрабуе, каб вы ўжо цяпер, сёньня ці заўтра, пачалі выкарыстоўваць гэтыя словы. Мяркую, што будзе дыскусія наконт правапісу. Гэта не канстытуцыя, не катэгарычнае патрабаваньне. Давайце дыскутаваць! Я лічу, што грамадзтва мае права далучацца і выказвацца. І, магчыма, трэба знаходзіць кампраміс. Мы жывём у адной краіне, трэба размаўляць так, каб усім было камфортна, каб падабалася і ўсім было зразумела», — адзначыла Тацяна Манахава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG