Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін сустрэнуцца ізноў 20 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу. Пра гэта ў Сочы заявіў міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Арэшкін, перадае Інтэрфакс.
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Сочы працягвалася больш за 4 гадзіны. Пасьля таго, як кіраўнікі краінаў абмяняліся падарункамі, Лукашэнка пакінуў рэзыдэнцыю расейскага прэзыдэнта без заявы для прэсы.
Расейскі міністар дадаў, што «пазыцыі Расеі і Беларусі па нафце і газе на перамовах прэзыдэнтаў былі сур’ёзна збліжаныя».
Ён адзначыў, што, калі спатрэбіцца, прэм’ер-міністры і прэзыдэнты дзьвюх краін могуць стэлефанавацца або правесьці дадатковую сустрэчу.
Па словах Арэшкіна, па выніках праведзеных у Сочы перамоваў колькасьць спрэчных пытаньняў па інтэграцыі зьменшылася.
«Мы разумеем, як па большай частцы зь іх прасоўвацца наперад. Нам указаньні дадзены. Зараз будзем прапрацоўваць і далей рухацца наперад», — сказаў міністар.