Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чырвоныя сьцяжкі» інтэграцыі: вынікі перамоваў прэм’ераў Румаса і Мядзьведзева


Пра што дамовіліся кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі? Які прагноз на заўтрашнія перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна? Якая сытуацыя з кантрактамі на наступны год па газе і нафце?

На гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» адказваюць аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Сьцісла

Карбалевіч

  • Мядзьведзеў прызначаны на ролю «злога сьледчага» адносна Беларусі, галоўнага палеміста зь беларускім кіраўніцтвам
  • Любы рух па шляху паглыбленьня інтэграцыі азначае пагрозу сувэрэнітэту Беларусі
  • Пуціну было б выгадна дамовіцца з Лукашэнкам і прыехаць на сустрэчу зь Зяленскім, маючы на руках дамову пра транзыт зь Беларусьсю

Цыганкоў

  • Лукашэнка 5 сьнежня абазначыў «чырвоныя сьцяжкі», за якія афіцыйны Менск у інтэграцыі не зьбіраецца заходзіць
  • Пазыцыя Расеі: «Калі вы хочаце газ па цане Смаленскай вобласьці, то і рабіцеся Смаленскай вобласьцю»
  • На цяперашнім этапе дыспутаў больш козыраў у Масквы, і яна даволі нахабна гэтыя козыры выкладае

«Чырвоныя сьцяжкі» інтэграцыі

Дракахруст: Сёньня прэмʼер Беларусі Сяргей Румас напярэдадні сустрэчы са сваім расейскім калегам Дзьмітрыем Мядзьведзевым зрабіў некалькі вельмі важных заяваў. Румас зрабіў іх яшчэ ў Менску, перад адлётам у Сочы.

Яны сталі працягам учорашняга выступу Аляксандра Лукашэнкі перад дэпутатамі двух скліканьняў палаты прадстаўнікоў.

Сёньня Румас сказаў, што ў праекце праграмы паглыбленьня інтэграцыі няма ніякіх наддзяржаўных органаў. Ён таксама паведаміў, што з 31 «дарожнай мапы» інтэграцыі 16 няўзгодненыя. Раней казалася, што нібыта 20 узгодненыя, цяпер высьвятляецца, што нават менш. Нарэшце, Румас нагадаў, што дагэтуль не падпісаны газавы кантракт і што Беларусь хоча атрымліваць газ па цане Смаленскай вобласьці, гэта значыць па 70 даляраў за тысячу кубамэтраў.

З таго, што было сказана ўжо ў Сочы — што вынікае наконт пазыцыяў бакоў, наконт гатовасьці праграмы паглыбленьня інтэграцыі?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Вядома вельмі няшмат. Найбольш цытаваным было выказваньне Мядзьведзева, які запэўніў Румаса, што ў Расеі няма ніякіх «антыбеларускіх элемэнтаў». Безумоўна, гэта быў адказ на заяву Лукашэнкі, зробленую 5 сьнежня, пра тое, што Ўладзімір Пуцін адчувае «жэстачайшы антыбеларускі ціск» са свайго атачэньня.

Таксама Мядзьведзеў заявіў, што прэмʼеры ня могуць вырашыць усё на сваім узроўні і ключавыя пытаньні трэба будзе вырашаць прэзыдэнтам.

Вы, Юры, слушна прыгадалі заявы Лукашэнкі 5 сьнежня. Ён там абазначыў «чырвоныя сьцяжкі», за якія афіцыйны Менск у інтэграцыі не зьбіраецца заходзіць. І калі ён так публічна, перад дэпутатамі і народам, гэта заявіў, то натуральна, што на другі дзень беларускі бок ня мог адмовіцца ад гэтай пазыцыі.

Лукашэнка таксама казаў, што паглыбленьне інтэграцыі не прадугледжвае палітычных надбудоваў.

Прэмʼер-міністры самі адчуваюць, што самыя галоўныя пытаньні будуць вырашаць не яны. Тое, што яны ня вырашылі, яны, можа быць, з задавальненьнем перакладуць на плечы кіраўнікоў дзяржаваў. Так што можна сказаць, што сустрэча Румаса і Мядзьведзева не прынесла ніякіх нечаканых сэнсацыяў і ўсё будзе залежаць ад прэзыдэнтаў.

Дракахруст: Валер, а як бы вы пракамэнтавалі гэты адказ Мядзьведзева Лукашэнку — наконт таго, што ў Расеі няма «антыбеларускіх элемэнтаў»? Менавіта зь Мядзьведзева пачаўся ўвесь цяперашні раўнд інтэграцыі, зь яго выступу ў сьнежні летась у Берасьці, калі расейскі прэмʼер заявіў, што захаваньне і нават павелічэньне расейскай дапамогі Беларусі абумоўленыя паглыбленьнем інтэграцыі, рэалізацыяй дамовы аб саюзнай дзяржаве ад 1999 году.

Дык ці не Мядзьведзева асабіста меў на ўвазе Лукашэнка, кажучы пра антыбеларускі ціск на Пуціна? Дарэчы, учора Мядзьведзеў праводзіў прэсавую канфэрэнцыю і таксама спрачаўся з Лукашэнкам. На словы Лукашэнкі наконт таго, што Беларусь не ахвяруе сваім сувэрэнітэтам, Мядзьведзеў адказаў, што любы саюз прадугледжвае пэўнае ахвяраваньне сувэрэнітэтам і заклікаў беларусаў прыняць «мужнае рашэньне».

«Злы сьледчы» Масквы

Карбалевіч: Цяжка сказаць, каго канкрэтна меў на ўвазе Лукашэнка. Але відавочна, што Мядзьведзеў прызначаны на ролю «злога сьледчага» адносна Беларусі, галоўнага палеміста зь беларускім кіраўніцтвам. Менавіта Мядзьведзеў агучыў той ультыматум у Берасьці год таму, менавіта ён папракаў Беларусь тым, што яна не выплочвае даўгі.

Пры гэтым Пуцін якраз хваліў Беларусь за тое, што яна спраўна выплачвае запазычанасьць.

Таксама менавіта Мядзьведзеў палемізаваў з заявай Лукашэнкі, што для беларусаў Другая ўсясьветная вайна — чужая, «ня нашая» вайна для беларусаў.

І цяпер зноў Мядзьведзеў адказвае на абвінавачаньні Лукашэнкі.
Такая яго роля ў гэтых інтэграцыйных гульнях.

Дракахруст: Заява Мядзьведзева пра адсутнасьць у Расеі «антыбеларускіх элемэнтаў» — гэта хіба не адзінае, што стала вядома пра перамовы прэмʼераў. Пра што гэта сьведчыць наконт таго, што заўтра будзе падпісана прэзыдэнтамі? Ці наагул нічога ня будзе падпісана?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: З таго, што мы цяпер ведаем, вынікае, што мэты і задачы Менску і Масквы ў гэтай інтэграцыйнай гульні розныя.

Калі Расея хоча з дапамогай уніфікацыі эканамічнага заканадаўства цясьней прывязаць да сябе Беларусь, Менск імкнецца вярнуць сабе расейскую эканамічную дапамогу, якая была прыпыненая з пачатку гэтага году. Гэта і па нафце, і па газе, і па крэдытах, і па доступе беларускай прадукцыі на расейскі рынак. У гэтым галоўная супярэчнасьць.

«Мора для Беларусі»

Дракахруст: Віталь, падчас сустрэчы Мядзьведзева з Румасам яны абмяняліся жарцікамі. Яшчэ 19 лістапада, калі яны сустракаліся ў Горках пад Масквой, беларускі прэм’ер пажартаваў, што калі ён прыляцеў у Маскву, то быў туман, а цяпер, маўляў, усё разьвеялася, туману ў нашых адносінах няма.

А сёньня Румас сказаў, што калі ляцеў у Сочы, то бачыў такія клясныя горы, у Беларусі гораў няма. На што Мядзьведеў адказаў: дык у вас і з морам складана. Магчыма, тут быў такі падтэкст — вось пачнём інтэгравацца, дык і ў вас мора зьявіцца.

Цыганкоў: Ну прэм’еры хочуць сказаць нейкія жарты перад пачаткам сур’ёзнай размовы. Колкасьці гучаць з боку Мядзьведзева. Хоць у пары Лукашэнка-Пуцін колкасьці гучаць часьцей з боку кіраўніка Беларусі. Тут ролю адыгрывае розьніца характараў.

Тут сапраўды можна казаць пра добрага і злога сьледчага. Пуціна такія дробныя эканамічныя рэчы менш цікавяць. Яго цікавяць глябальныя рэчы. Як ён казаў, як памёр Гандзі, дык і пагаварыць няма з кім. Таму эканамічны аспэкт узаемаадносінаў зь Беларусьсю Пуцін перадаручае Мядзьведзеву. А гэта такая роля «злога» сьледчага.

Дарэчы, калі Мядзьведзеў быў прэзыдэнтам, то ён вылучаўся большым эканамічным лібэралізмам. То бок, больш прагматычна ставіўся да розных эканамічных пытаньняў. А Пуцін вырашаў стратэгічныя задачы «пад’ёму Расеі з каленяў», захопу новых тэрыторыяў. У іх розныя ролі і адсюль розныя рэплікі.

Дракахруст: Дарэчы, і Румас падкалоў Мядзьведзева, але больш тонка і не для ўсіх відавочна. Учора Мядзьведзеў спрачаўся з Лукашэнкам, казаў, што мы павінны далей у інтэграцыі ісьці. А Румас сёньня кажа: Вы, Дзьмітры Анатольевіч, добра сказалі пра дасягненьні нашай саюзнай дзяржавы, але ж трэба і пра яе разьвіцьцё казаць. Але якраз беларускі бок і ня хоча такога разьвіцьця. То бок, атрымліваецца, паспрачаўся зь Мядзьведзевым.

Карбалевіч: Сапраўды, ідэя разьвіцьця саюзнай дзяржавы, тэза пра неабходнасьць«паглыбленьня інтэграцыі», што трэба «рухацца наперад»— гэта расейская ідэя. Менавіта расейскія чыноўнікі пра гэта ўвесь час кажуць. Час ад часу ім падпявае віцэ-прэм’ер Беларусі і адначасова беларускі пасол у Расеі Уладзімер Сямашка.

А беларускія чыноўнікі акцэнт робяць на іншым. Яны кажуць, што перш чым казаць пра паглыбленьне інтэграцыі, трэба спачатку вырашыць вострыя праблемы, якія стаяць на парадку дня. І па нафце, і па газе, і па крэдытах, і па доступе беларускай прадукцыі на расейскі рынак. Бо любы рух па шляху паглыбленьня інтэграцыі азначае пагрозу сувэрэнітэту Беларусі. То бок розныя падыходы бачныя нават у рыторыцы абодвух бакоў. А рэпліка Румаса — гэта, магчыма, такі тонкі тролінг.

«Калі вы хочаце газ па цане Смаленскай вобласьці, то і рабіцеся Смаленскай вобласьцю»

Дракахруст: Румас перад вылетам у Сочы сказаў, што Менск хацеў бы цану на газ для Беларусі на ўзроўні Смаленскай вобласьці. Але пра гэта ў Сочы нічога сказана не было

Але прагучала іншая тэма. Сёньня па ўсіх расейскіх і беларускіх СМІ прайшла інфармацыя, што падпісаны індыкатыўны балянс паставак нафты на наступны год. Гаворка пра пастаўку у Беларусь 24 млн тон нафты, як і было раней. Але ў віцэ-прэм’ера РФ Дзьмітрыя Козака спыталі, ці ёсьць там схема «перамытненьня» (гэта такая схема, паводле якой Беларусь атрымоўвала у свой бюджэт мыта за 6 млн. тон расейскай нафты). Ён адказаў — не.

Цыганкоў: Так, гэта працяг расейскай палітыкі апошніх гадоў. І яе афарыстычна можна сфармуляваць так: «Калі вы хочаце газ па цане Смаленскай вобласьці, то і рабіцеся Смаленскай вобласьцю». Так выглядае, што афіцыйны Менск дагэтуль ня хоча паверыць, зразумець, што Масква ўсур'ёз прыняла новую схему — «Ніякага газу ў абмен на пацалункі». Маўляў, ня трэба нам зусім вашых пацалункаў. Менск ня хоча паверыць, што і падатковы манэўр, і адсутнасьць «перамытненьня» — гэта надоўга і ранейшае ўжо не вярнуць.

Масква ня хоча даваць тое, што раней давала, тое, што раней было гарантавана паводле самых розных падпісаных пагадненьняў. Беларусь, напрыклад, шмат на што спадзявалася, калі ўступала ў Эўразійскі Саюз. Але як толькі Менск туды ўступіў, многія пагадненьні і абяцаньні сталі не выконвацца.

Таму мне падаецца, што зь беларускага боку на цяперашніх перамовах з Масквой гучаць аргумэнты ў такім стылі — «гэта ж было ў нас даўно дамоўлена, вы гэта нам абяцалі — роўныя цэны, роўныя ўмовы гаспадараньня. Мы ўступілі ў вашыя саюзы, мы аказваем вам геапалітычныя паслугі і хочам за гэта адпаведную плату. Масква спакойна кажа — «не, цяпер нічога такога ня будзе». Менск — «але мы таксама можам нешта зрабіць у адказ». Масква — «ну, паспрабуйце».

Мне ўяўляецца, што на цяперашнім этапе дыспутаў больш козыраў у Масквы і яна даволі нахабна гэтыя козыры выкладае. Афіцыйны Менск па сутнасьці адступае ў гэтых эканамічных пытаньнях і ня ведае, што адказаць.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Румас казаў — хочам за газ цану Смаленскай вобласьці, 70 даляраў. Але я памятаю саміт Эўразійскага Саюзу ў канцы 2017 году, і там Лукашэнка вельмі рэзка публічна палемізаваў з Пуціным, кажучы, што Беларусь плаціць 127 даляраў за тысячу кубамэтраў газу, а не 70, як Смаленская вобласьць. А Пуцін адказаў тады — «А вы ня хочаце цану 200 даляраў, як плацяць іншыя дзяржавы?» Валер, дамовы на газ яшчэ няма, але ваш прагноз — якой будзе цана? 70, 127, 200?

Карбалевіч: Я думаю, самы верагодны варыянт — гэта захаваньне status quo, цаны гэтага году. Не 70, але і не 200, недзе пасярэдзіне. Дарэчы, «перамытненьне» — гэта частка газавага пакету. Нагадаю, быў вялікі канфлікт, паўтара года Беларусь увогуле плаціла столькі, колькі лічыла патрэбным, і для вырашэньня гэтага канфлікту было прыдуманае «перамытненьне». Так што я не выключаю, што будзе захаваны status quo, і ў прынцыпе, беларускі бок будзе гэтым задаволены.

Дракахруст: Status quo ў сэнсе і фактычнай цаны на газ і «перамытненьня»?

Карбалевіч: Думаю, так. Для Пуціна цяпер гэтае пытаньне вельмі важнае. У Расеі цяпер канфлікт адначасова з дзьвюма транзытнымі дзяржавамі — Украінай і Беларусьсю. Пуцін сустракаецца з Уладзімірам Зяленскім 9 сьнежня, а з Лукашэнкам — 7-га. Адначасова быць у канфлікце з дзьвюма транзытнымі дзяржавамі — гэта кепска.
Таму Пуціну было б выгадна дамовіцца з Лукашэнкам і прыехаць на сустрэчу зь Зяленскім, маючы на руках дамову пра транзыт зь Беларусьсю. Таму лягічна чакаць, што пра газ Пуцін з Лукашэнкам 7 сьнежня змогуць дамовіцца.

Дракахруст: А кампэнсацыя за падатковы манэўр будзе?

Карбалевіч: Я сумняваюся, што Расея ў гэтым пытаньні на нейкія саступкі пойдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG