Камітэт правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў прыняў ужо трэцяе рашэньне па скаргах беларускага журналіста-фрылянсэра Кастуся Жукоўскага, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Цяпер разглядалася справа пра штраф у 900 тысячаў (недэнамінаваных) рублёў, які ў пачатку 2015 году прысудзілі Кастусю Жукоўскаму і Ларысе Шчыраковай за «парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства». Журналісты здымалі сюжэт пра пікет інваліда-вазочніка Юрыя Ляшэнкі, міліцыянты ж палічылі, што яны дзейнічалі «ў складзе групы» зь Ляшэнкам.
Беларускія ўлады прызнаныя адказнымі за парушэньне правоў Жукоўскага на мірны сход і распаўсюд інфармацыі. Ды беларускія ўлады звычайна ігнаруюць рашэньні Камітэту правоў чалавека ААН і не прадстаўляюць пацярпелым кампэнсацыю шкоды або прававую абарону.
«Супрацоўнікі міліцыі і судзьдзі ў сваёй практыцы ігнаруюць міжнародныя абавязальніцтвы краіны ў частцы гарантыяў правоў кожнаму чалавеку, — адзначыў у камэнтары БАЖ праваабаоронца Леанід Судаленка, які прадстаўляе інтарэсы журналістаў у міжнародных структурах. — Гэтым кейсам мы ў чарговы раз нагадваем беларускаму ўраду: інфармацыя і мірныя сходы — гэта ня тое, на што патрэбна пытацца дазволу ў дзяржавы».
Мінулыя дзьве справы Жукоўскага, якія разглядзелі ў Камітэце правоў чалавека ААН, тычыліся штрафаў за супрацу з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў. Агулам за 2015–2016 гады Жукоўскага 12 разоў штрафавалі за працу без акрэдытацыі на суму ў 5626 эўра. У ААН прызналі гэта парушэньнем правоў журналіста.
Судаленка падкрэсьліў, што «ў разуменьні эўрапейскіх каштоўнасьцей і правоў чалавека акрэдытацыя ў МЗС ёсьць інструмэнтам, які стварае палёгку для журналістаў у атрыманьні інфармацыі, а не дазвол на працу, як гэта разумеюць беларускія чыноўнікі».
Жукоўскі ў студзені зьехаў зь Беларусі пасьля нападу невядомых, трапіў у Вялікую Брытанію і падаў там дакумэнты на статус уцекача.
У Камітэт ААН па правах чалавека зьвярталіся таксама журналісты-фрылянсэры Ларыса Шчыракова, Андрэй Толчын, Натальля Крывашэй з Гомлю, Андрэй Павук з Акцябрскага, Тамара Шчапёткіна зь Бярозы, Аляксандар Буракоў з Магілёву.