Агулам старшыня Слонімскага райвыканкаму адсудзіў у журналістаў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды 9,5 тысяч беларускіх рублёў.
18 лістапада Савецкі суд Менску разгледзеў пазоў старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да ўласьніцы сайту «Беларускі партызан» Сьвятланы Калінкінай за публікацыю паста тэлеграм-канала Nexta. Па выніках паседжаньня суд вырашыў спагнаць з Калінкінай 3 тысячы беларускіх рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, а таксама 1653 рублі — за судовыя выдаткі.
Генадзь Хоміч падаў пазоў аб абароне гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі і кампэнсацыі маральнай шкоды. Ён патрабаваў ад Калінкінай 10 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. На пачатку працэсу патрабаваньне было 50 тысяч.
Аналягічныя пазовы Хоміч падаў супраць стваральніка тэлеграм-каналу NEXTA Сьцяпана Пуцілы, а таксама ўласьнікаў незалежных выданьняў 21.by і «Вечерний Бобруйск», якія перадрукавалі пост NEXTA.
І пазоўнік, і пазваны ў Савецкі суд не зьявіліся. Інтарэсы Хоміча прадстаўляла адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, інтарэсы Калінкінай — адвакат Алег Агееў.
Алег Агееў заявіў на працэсе, што Сьвятлана Калінкіна часткова прызнае заяўленыя патрабаваньні Хоміча: зьвесткі, апублікаваныя на «Беларускім партызане», не праўдзівыя і зьневажаюць гонар і годнасьць пазоўніка. Аднак памер кампэнсацыі Агееў назваў «яўна завышаным». Ён адзначыў, што ступень абароны ад крытыкі дзяржаўных службоўцаў «нашмат меншая і ў прынцыпе памер кампэнсацыі маральнай шкоды такім людзям, мяркуецца, будзе памяншацца».
«Сьвятлана Калінкіна добраахвотна прыняла захады для загладжваньня нанесенай шкоды, публікацыя выдаленая з сайту. А сума праглядаў склала крыху больш за 5 тысяч, што не супастаўна з колькасьцю праглядаў на першакрыніцы — тэлеграм-канале Nexta. Апроч таго Калінкіна зьяўляецца фізычнай асобай, што важна для разгляду гэтай справы». — сказаў Алег Агееў.
Паводле Агеева, Калінкіна ўжо была гатовая апублікаваць абвяржэньне, калі б яно было ў тэксьце позвы. Агееў адзначыў, што на гэта паўплывала і рашэньне суда Менскага раёну адносна стваральніка тэлеграм-канала Nexta.
Адвакатка Хоміча Марыя Колесава-Гудзіліна запатрабавала задаволіць пазоў у поўным аб’ёме. Яна сказала, што «Беларускі партызан» зьяўляецца даволі вядомым выданьнем, у яго вялікая колькасьць чытачоў. Паводле адвакаткі, пасьля ранейшых рашэньняў судоў, пададзеныя дадатковыя заявы аб кампэнсацыі судовых выдаткаў.
«Так, Хоміч гатовы да крытыкі, але крытыка гэта не абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства (знаходжаньня пʼяным за рулём, расходаваньне бюджэтных сродкаў). Тут яўнае абвінавачаньне ў тым, што Хоміч не зьдзяйсьняў». — сказала адвакатка.
Чым скончыліся іншыя суды?
Менскі раённы суд вырашыў спагнаць са стваральніка тэлеграм-каналу NEXTA Сьцяпана Пуцілы 3 000 рублёў (Хоміч прасіў спачатку 50 тысяч, а потым 10 тысяч рублёў) кампэнсацыі маральнай шкоды, нанесенай старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзю Хомічу, і абавязаў разьмясьціць на сваім тэлеграм-канале рашэньне суду. Суд Маскоўскага раёну зацьвердзіў міравое пагадненьне паміж Хомічам і выданьнем 21.by, якое выплаціць кампэнсацыю памерам 1500 рублёў.
«Вечерний Бобруйск», як вырашыў суд, выплаціць старшыні Слонімскага райвыканкаму 2 тысячы рублёў.
Сутнасьць справы
10 жніўня тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў інфармацыю пра затрыманьне Хоміча. Паводле яе, чыноўніка і ягоную жонку супрацоўнікі ДАІ заўважылі ў нецьвярозым стане. Ва ўправе ДАІ Горадзенскай вобласьці заявілі, што ня маюць зьвестак пра затрыманьні Хоміча. Хоміч гэтую інфармацыю катэгарычна абвяргае.
Як гаворыцца ў пазове, пост NEXTA пра затрыманьне Хоміча ўбачылі больш за 200 тысяч чалавек. На гэтую інфармацыю спасылаліся СМІ. Генадзь Хоміч запатрабаваў публікацыі абвяржэньня непраўдзівых зьвестак. З 2014 году да СМІ былі задаволеныя сем судовых пазоваў, паведамілі ў БАЖ. Сумы маральных кампэнсацый, выплачаных СМІ, вагаліся ад 49 да 378 даляраў. Сярэдняя сума склала 213 даляраў. Паводле БАЖ, у бальшыні выпадкаў суды адмаўляюць у задавальненьні пазоваў аб маральнай кампэнсацыі.