Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бедных» стане больш? У Беларусі зьмянілі разьлік бюджэту пражытковага мінімуму


Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову аб зьмене ў разьліку бюджэту пражытковага мінімуму. Цяпер лічыцца, што беларусам трэба больш грошай на нехарчовыя тавары і паслугі.

Гэты бюджэт сумуецца зь дзьвюх частак:

  • мінімальны набор прадуктаў харчаваньня, які разьлічваецца для розных групаў насельніцтва;
  • набор нехарчовых тавараў, цана якога не разьлічваецца асобна, а бярэцца як пэўная частка ад прадуктовага набору.

Раней другая частка была роўнай 77% . Цяпер жа яна роўная 83% — гэта значыць, разьлічваюць, што беларусам давядзецца больш плаціць за, напрыклад, камунальныя паслугі, прадметы гігіены ці адзеньне і абутак.

То значыць, «на ўсё» цяпер будзе 1,83 цаны мінімальнага набору прадуктаў харчаваньня. Гэтых грошай павінна хапіць, каб цягам месяца задавальняць «асноўныя фізіялягічныя патрэбы» чалавека.

Ад 1 лістапада ў сярэднім на душу насельніцтва БПМ складае 231 рубель 83 капейкі на месяц. Працаздольнаму чалавеку павінна хапіць 257 рублёў 86 капеек; пэнсіянэру 177 рублёў 79 капеек; студэнту 224 рублі 80 капеек; дзіцяці ва ўзросьце да трох гадоў — 149 рублёў 63 капейкі, ад 3 да 6 гадоў — 205 рублёў 16 капеек, ад 6 да 18 гадоў — 251 рубель 19 капеек.

Праўда, ня ўсе беларусы маюць дастаткова грошай, каб задаволіць «асноўныя фізіялягічныя патрэбы»​. Цягам апошніх 10 гадоў каля 5–6%, паводле Белстату, жывуць за мяжой беднасьці, раней доля такіх у насельніцтве была нават большай.

Таксама ў Беларусі разьлічваюць мінімальны спажывецкі бюджэт як «сацыяльны нарматыў» для прагназаваньня зьменаў узроўню жыцьця насельніцтва. У ім прадукты харчаваньня складаюць менш за палову, дадаюцца выдаткі на мэблю, адпачынак, культуру. Цяпер для працаздольнага насельніцтва МСБ складае 475 рублёў 56 капеек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG