Пасол Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка расказаў Tut.by пра інтэграцыйныя перамовы паміж дзьвюма дзяржавамі.
Што сказаў Сямашка?
- «Прэзыдэнты дамовіліся, што мэты заяўлены грандыёзныя [дамовай ад 1999 году] і яны ня мусяць зьмяняцца. Гэта пераход на ўніфікаванае падаткавае заканадаўства, стварэньне агульных рынкаў нафты, газу і электраэнэргіі, стварыць адзіны парлямэнт і ўрад з пэўнымі паўнамоцтвамі, калі незалежныя Расея і Беларусь аддаюць наверх вызначаныя кіруючыя функцыі з абавязковым выкананьнем. Такая задача вырашаецца».
- «Абсалютна ўзгаднілі» 20 з падрыхтаваных 31 дарожнай карты паглыбленай інтэграцыі пасьля апошняй сустрэчы прэмʼер-міністраў двух краін. Да 7 лістапада застаецца тыдзень, трэба «знайсьці кансэнсус, кампраміс, каб мінімізаваць разыходжаньні». Апошняе слова будзе за кіраўнікамі дзяржаў.
- У дарожных картах прапісана стварэньне адзіных рынкаў да 2021 году, але трэба яшчэ пражыць цэлы 2020 год, мець вызначаную цану газа, вырашыць праблему кампэнсацыі падатковага манэўру.
- Цана газу ў Смаленскай вобласьці ўдвая ніжэй, чым у Беларусі. Гэта ключавая сыравіна для выпуску электраэнэргіі, аснова сабекошту ўсёй беларускай прадукцыі.
- Пра перамовы з кіраўніком «Газпраму»: «Мы з Аляксеем Барысавічам [Мілерам] ужо 20 год знаёмыя. Натуральна, у нейкіх пытаньнях зблізілі пазыцыі, у іншых пытаньнях — пакуль не. Больш нічога не магу сказаць. Пазыцыі зблізяцца, але ня сёньня».