Міністар замежных справаў Нямеччыны Хайка Мас лічыць, што падзяляць эўрапейскую і амэрыканскую бясьпекі «было б вельмі небясьпечна», і заклікае да стварэньня экспэртнай камісіі па рэформе NATO, паведамляе DW.
«Без Злучаных Штатаў у цяперашні час мы — ні ў Нямеччыне, ні ў Эўропе — ня ў стане забясьпечыць сабе эфэктыўную абарону», — заявіў Мас у аўторак, 26 лістапада, на Бэрлінскім зьнешнепалітычным форуме, арганізаваным Фондам Кёрбэра.
Сваёй заявай Мас дыстанцыяваўся ад францускага прэзыдэнта Эманюэля Макрона, які сказаў, што ў NATO зафіксавана «сьмерць мозгу». Макрон заклікаў Эўропу думаць пра сябе як пра самастойную геапалітычную сілу. Па словах кіраўніка нямецкага МЗС, «NATO жывая — з галавы да ног, нават калі ёй ставяць іншыя дыягназы».
Хайка Мас зноў адзначыў неабходнасьць скліканьня экспэртнай камісіі пад кіраўніцтвам Столтэнбэрга па рэформе альянсу. Яе задачай было б выпрацаваць прапановы па ўмацаваньні палітычнага супрацоўніцтва паміж чальцамі NATO.