Старшыня назіральнай місіі БДІПЧ АБСЭ Корын Ёнкер у інтэрвію агенцтву БелаПАН расказала пра аналіз вынікаў назіраньня за выбарамі ў беларускую Палату прадстаўнікоў.
Выніковая справаздача БДІПЧ АБСЭ аб тых выбарах яшчэ не апублікаваная — ёсьць толькі папярэдняя. Але, кажа Корын Ёнкер, ужо вядома, што галоўнай рэкамэндацыяй для ўладаў Беларусі стане «агульны перагляд прававой базы».
Што не спадабалася назіральнікам АБСЭ
Канстытуцыя Беларусі гарантуе асноўныя свабоды — такія, як свабоду асацыяцый, свабоду сходаў ці свабоду выказваньня думак. Але іншыя заканадаўчыя акты іх абмяжоўваюць, у тым ліку ў час выбарчай кампаніі, кажа Ёнкер.
Так, выбарчыя камісіі або журналісты дзяржаўных СМІ маглі абмежаваць выпуск агітацыйных матэрыялаў, калі бачылі ў лёзунгах дыфамацыю (зьнявагу), але такія рашэньні павінен прымаць суд.
У законы Ёнкер таксама прапануе дадаць выразную норму пра склады выбаркамаў, каб туды траплялі прадстаўнікі розных партый (на выбарах 17 лістапада 97% чальцоў участковых камісій былі праўладныя), і дакладныя падставы для здыманьня кандыдатаў з выбараў (бо цяпер адмаўлялі ў рэгістрацыі ці пазбаўлялі яе на падставе «нязначных тэхнічных памылак).
Таксама заканадаўства, мяркуе Ёнкер, павінна забясьпечваць правы назіральнікаў, каб яны маглі «нармальна сачыць за працэсам, не стаяць ня менш як за чатыры мэтры ад скрыні для галасаваньня».
Гэта толькі папярэднія меркаваньні старшыні місіі БДІПЧ АБСЭ. Поўны сьпіс рэкамэндацый будзе ў выніковай справаздачы аб выбарах. Зрэшты, шмат якія рэкамэндацыі, адзначыла Ёнкер, будуць такія самыя, як пасьля папярэдніх выбараў у Палату прадстаўнікоў.
«Сумна, што многія зь іх ужо рабіліся ў 2016 годзе, але так і не былі выкананыя», — адзначыла яна пра рэкамэндацыі беларускім уладам.
Не выконваўся адзін з найважнейшых прынцыпаў — празрыстасьць
Ёнкер адзначыла і перашкоды дзейнасьці назіральнікаў АБСЭ падчас выбараў: часта яны «не маглі выконваць сваю працу належным чынам». Назіральнікам не давалі:
- паглядзець сьпісы выбарнікаў, каб праверыць іх на «дублікаты»;
- падысьці да скрыняў для галасаваньня, каб спраўдзіць цэласнасьць пячатак;
- стаяць побач падчас падліку галасоў і бачыць, за каго аддадзены голас у бюлетэні;
- пачуць вынікі падліку галасоў.
Таксама яна адзначыла, што падчас датэрміновага галасаваньня бюлетэні захоўваліся на ўчастках начамі, а іх бясьпека не была гарантаваная. На урнах ставяцца такія пячаткі, якія можна пашкодзіць і лёгка аднавіць, а проразь у скрынях для галасаваньня прыкрываецца часам толькі паперкай. У выніку назіральнікі ня могуць быць упэўненыя, што абвешчаны вынік адпавядае рэальнай карціне датэрміновага галасаваньня.
75% навінаў перад выбарамі дэпутатаў — пра Лукашэнку, а ня выбары
У перадвыбарчы пэрыяд БДІПЧ АБСЭ ладзіла стандартны маніторынг прэсы: штодзень адсочвалі шэсьць тэлеканалаў з 18 вечара да поўначы і дзьвюх радыёстанцый з 18 да 20, выпускі навінаў на пяці рэгіянальных каналах, пэрыядычна ладзілі маніторынг шасьці газэт і аналіз інтэрнэт-выданьняў.
Аказалася, кажа Ёнкер, што «каля 75% навінавага эфіру нацыянальных вяшчальнікаў былі прысьвечаныя дзейнасьці прэзыдэнта», кандыдатаў не прадстаўлялі індывідуальна, казалі пра іх калектыўна і без спасылак на падзеі выбарчай кампаніі. Выйшла, што дзяржаўныя СМІ «не далі выбарнікам магчымасьці даведацца належным чынам пра кампанію і тое, які кандыдат зь якімі ідэямі выступае».
Недзяржаўныя тым часам арыентаваліся на саміх кандыдатаў і іхныя агітацыйныя захады, пікеты, «нават пратэсты былі адлюстраваныя ў гэтых СМІ», ладзіліся дэбаты між праўладнымі і апазыцыйнымі кандыдатамі.
«Беларусь добраахвотна ўзяла на сябе абавязак бараніць дэмакратычныя выбары»
Папярэднія высновы БДІПЧ АБСЭ крытыкавалі і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі (і ня раз), і Міністэрства замежных спраў Беларусі, і МЗС Расеі. Ёнкер жа кажа, што ейная місія «неперадузята і бесстаронна выклала факты».
«Моц мэтадалёгіі БДІПЧ якраз і палягае ў тым, што ацэнка грунтуецца не на асабістых уражаньнях, а на зьвестках, атрыманых у час назіраньня па ўсёй краіне, — патлумачыла яна. — Мы публічна не даём ніякіх ацэнак да таго часу, пакуль не зьбяром і не прааналізуем зьвесткі ад усіх нашых назіральнікаў, якія працавалі ў краіне падчас датэрміновага галасаваньня і ў дзень выбараў.
Напрыклад, я магу знаходзіцца на ўчастку, дзе няма ніякіх парушэньняў, а на мностве іншых участкаў нашыя назіральнікі будуць фіксаваць сур'ёзныя парушэньні. І калі я выкажу свае асабістыя назіраньні, што парушэньняў не было, то гэта сказіць агульную карціну. Каб пазьбегнуць гэтага, назіральнікі БДІПЧ устрымліваюцца ад выказваньня сваіх асабістых ацэнак».
Назіральнікі БДІПЧ былі на 1400 участках (25%) у час датэрміновага галасаваньня і на 1800 участках (30%) у асноўны дзень галасаваньня. Кожны запаўняў спэцыяльную анкету пра ўсе важныя працэдуры выбараў, таму АБСЭ магло казаць пра парушэньні «ў бальшыні выпадкаў» або «ў значнай колькасьці выпадкаў». Пры тым, напрыклад, гандаль і канцэрты на выбарчых участках БДІПЧ ня лічыць парушэньнем або ціскам на выбарніка, бо гэта не прымус галасаваць.
На тое, што назіральнікі ад СНД і ШАС пабачылі іншую карціну, яна толькі паўтарыла: «Мы напісалі і заявілі — гэта тое, што мы непасрэдна назіралі. Гэта неперадузятае і бесстароньняе выкладаньне фактаў». Ёнкер перакананая, што колькасьць участкаў, дзе былі назіральнікі БДІПЧ, дазваляе сьцьвярджаць: атрымана агульная карціна таго, што было па краіне.
«Я хачу нагадаць, што Беларусь — сябра АБСЭ, — дадала Ёнкер. — Гэта азначае, што краіна добраахвотна ўзяла на сябе абавязаньні падтрымліваць, заахвочваць і абараняць дэмакратычнае кіраваньне і такім чынам праводзіць дэмакратычныя выбары».
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».