Вашынгтон і Брусэль расчараваныя тым, што ў новай Палаце прадстаўнікоў няма ніводнага апазыцыянэра.
Сьцісла
- На Захадзе не чакалі, што ў новай Палаце прадстаўнікоў ня будзе ніводнага апазыцыянэра.
- Адрэагавалі ня толькі АБСЭ і Эўразьвяз, але і некаторыя заходнія дзяржавы.
- Лукашэнку пайшлі насустрач, але ад гэтага ён не «дэмакратызаваўся».
- Аналітыкі прагназуюць, што рэзкіх рухаў у дачыненьні да беларускага кіраўніка ня будзе ні ў Вашынгтоне, ні ў Брусэлі.
За пару-тройку тыдняў да выбараў у Палату прадстаўнікоў я сустракаўся зь некалькімі дыпляматамі з краінаў Эўразьвязу, якія стала працуюць у Беларусі. Размовы адбыліся на іхныя запрашэньні, пры кубачку кавы.
Ужо тады мяне зьдзівіла галоўнае пытаньне: колькі апазыцыйных дэпутатаў гэтым разам прапусьцяць у парлямэнт? Болей за тое, некаторыя суразмоўцы цікавіліся, хто канкрэтна, на мой погляд, заменіць Ганну Канапацкую і Алену Анісім у Авальнай залі? З гэтага вынікала: дыпляматы не сумняюцца, што апазыцыя ў новым складзе палаты зьявіцца абавязкова.
Тым большым стала расчараваньне. Схаваць яго было няпроста нават дасьведчаным дыпляматам. Так, праз два дні пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў амбасадар Францыі Дзідзье Канэс сустракаўся з групай беларускіх экспэртаў. Дыплямат казаў, што ніхто, вядома, не патрабаваў ад кіраўніка Беларусі, каб ужо назаўтра пасьля выбараў у краіне ўсталявалася дэмакратыя. Аднак хоць на крок, няхай нават невялікі, у гэтым кірунку Эўразьвяз спадзяваўся.
На наступны дзень прэсавы сакратар міністэрства Эўропы і замежных справаў Францыі агучыў заяву:
«Мы прынялі да ведама вынік парлямэнцкіх выбараў у Беларусі 17 лістапада 2019 году і адсутнасьць незалежнага і апазыцыйнага кандыдата ў складзе новай Палаты прадстаўнікоў. Як мы рэгулярна нагадваем у рамках нашага двухбаковага палітычнага дыялёгу, паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратычнымі свабодамі ў Беларусі ёсьць асноўным фактарам разьвіцьця нашых двухбаковых адносінаў і паглыбленьня адносінаў паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам».
Расчараваныя вынікамі выбараў і ў Вялікай Брытаніі. Афіцыйны Лёндан заклікаў беларускае кіраўніцтва працаваць над ліквідацыяй праблемаў, выяўленых падчас выбараў, і «ўмацоўваць дэмакратыю ў Беларусі».
Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо падкрэсьліў, што высновы незалежных назіральнікаў «выклікаюць вялікую занепакоенасьць». «Мы шкадуем, што ў парлямэнце ня будуць прадстаўленыя альтэрнатыўныя галасы», — адзначыў ён.
Не прызнала выбары ў Палату прадстаўнікоў адпаведнымі міжнародным стандартам і АБСЭ. А замежнапалітычная служба Эўразьвязу заявіла, што Беларусь «змарнавала магчымасьць правесьці выбары паводле міжнародных стандартаў».
Асабліва зьвяртае на сябе ўвагу рэакцыя Вялікай Брытаніі і Францыі. І Парыж, і Лёндан сёлета не абмежаваліся агульнай эўрапейскай заявай, як гэта было, напрыклад, на выбарах-2016. І гэта сыгнал для афіцыйнага Менску.
Завышаныя спадзяваньні
Стаўленьне Захаду да Беларусі пачало істотна зьмяняцца яшчэ ў 2015 годзе. Гэта зьвязана зь вядомай пазыцыяй Лукашэнкі што да расейскай агрэсіі супраць Украіны, ягонымі ініцыятывамі ў якасьці пасярэдніка і вылучэньня Менску як пляцоўкі для перамоваў. Вашынгтон і Брусэль выключылі з афіцыйнага лексыкону згадкі пра «апошняга дыктатара Эўропы». Пытаньні правоў чалавека і дэмакратычных зьменаў адышлі на далёкую пэрыфэрыю. На пярэдні плян выйшла іншае — не перашкаджаць Лукашэнку балянсаваць паміж Расеяй і Захадам, як мага далей адвесьці яго ад крамлёўскага ўплыву.
Парлямэнцкія выбары 2016 году з уручэньнем дэпутацкіх мандатаў Анісім і Канапацкай нібыта пацьвярджалі слушнасьць такой тактыкі. У Менск зачасьцілі высокія заходнія і амэрыканскія чыноўнікі, афіцыйныя дэлегацыі пачалі наведваць Палату прадстаўнікоў, тым самым фактычна легітымізуючы тыя выбары.
Незадоўга да выбараў-2019 Польшча зьняла свае патрабаваньні аб павелічэньні колькасьці консульскіх супрацоўнікаў у Беларусі. А гэта была апошняя перашкода ў спрашчэньні візавага рэжыму і зьмяншэньні цаны шэнгенскіх візаў для Беларусі да 35 эўраў. Не засталіся ўбаку і ЗША. Амэрыканцы працягнулі «замарозку» санкцыяў да Беларусі не на 12 месяцаў, як звычайна, а на 18.
Не забыліся і пра самалюбства Лукашэнкі. Для яго арганізавалі афіцыйны візыт у Аўстрыю, прычым кіраўнікі гэтай дзяржавы паведамілі, што візыт узгаднілі зь Эўразьвязам. На чарзе паездка Лукашэнкі ў Латвію.
Акрылены такімі зьменамі, у Вене беларускі кіраўнік сьмела казаў пра дыктатуру ў Беларусі. Ён спрабаваў пераканаць аўдыторыю ў тым, што ягоны аўтарытарызм — гэта гарантыя стабільнасьці. А значыць, дзеля захаваньня стабільнасьці зь ім ня трэба змагацца. Наадварот, дыктатуру можна ігнараваць або нават падтрымліваць:
«Мяне тут шматлікія журналісты, палітыкі папракалі: у вас аўтарытарызм, дыктатура... Я ім адразу кажу: вы бізнэсоўцаў сваіх запытайцеся, ці іх гэтая дыктатура задавальняе».
Палата прадстаўнікоў без апазыцыі — гэта і вынік таго, што на Захадзе заўчасна паверылі ў «перавыхаваньне» Лукашэнкі. Ня той гэта чалавек, якога можна схіліць на шлях дэмакратыі, нават невялічкімі крокамі. Парлямэнт без апазыцыі — яскравае гэтаму сьведчаньне.
Чаго чакаць далей
Лукашэнка, думаю, будзе па-ранейшаму праводзіць сваю палітыку балянсаваньня. Магчымаму ціску з боку Крамля супрацьпаставіць вядомае: будзеце ціснуць — павернем на Захад. На заклікі Вашынгтону і Брусэлю адказ таксама вядомы: будзем шчыльней з Расеяй.
А на апэратыўныя заявы дэмакратычнага сьвету Лукашэнка адказаў яшчэ 17 лістапада, калі заявіў, што «не прывык парыцца» праз рэакцыю з-за мяжы.
Беларускія аналітыкі, якія ўжо выказаліся наконт магчымай далейшай рэакцыі ЗША і Эўропы, не чакаюць адтуль рэзкіх рухаў. Напрыклад, Арцём Шрайбман піша:
«Ізаляцыя Менску ўжо некалькі гадоў на Захадзе асацыюецца з выштурхоўваньнем яго ў зону ўплыву Масквы. Стратэгічны інтарэс — не зашкодзіць Беларусі балянсаваць паміж цэнтрамі сілы — як мінімум з 2015 году пераважвае для Захаду клопат пра дэмакратычныя ідэалы ў краіне».
У пацьверджаньне гэтай думкі адна інсайдэрская навіна. Намесьніку міністра замежных справаў Беларусі Алегу Краўчанку падчас ягонага знаходжаньня ў Вашынгтоне паведамілі: амэрыканскі амбасадар зьявіцца ў Менску да лета наступнага году. Гэта вялікая нечаканасьць. Бо той жа Краўчанка яшчэ пару месяцаў таму заяўляў, спасылаючыся на складанасьць і працягласьць працэдуры ўзгадненьня кандыдатуры амбасадараў у ЗША, што на гэта спатрэбіцца прынамсі гады два.
Чаму так засьпяшаліся ў ЗША? Чалавека, які паведаміў мне навіну, я спытаў: ці гэта зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі? У адказ пачуў, што зусім не праз гэта сьпешка. У Вашынгтоне няма сумневу, каго абвесьцяць прэзыдэнтам у Менску ў 2020-м.
«Для ЗША цяпер куды важней, каб Беларусь зноў цалкам не схілілася да Крамля», — падкрэсьліў мой суразмоўца.
Выглядае, што Шрайбман і многія ягоныя калегі маюць рацыю.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.