Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зачыняюцца крамы Reserved, Mohito, Sinsay, Cropp. Ці надоўга?


Ліквідацыя крамы Reserved у гандлёвым цэнтры Green City у Менску
Ліквідацыя крамы Reserved у гандлёвым цэнтры Green City у Менску

Крамы польскага брэнду LPP — Reserved, Mohito, Sinsay, Cropp, House — зачыняюцца ў Беларусі. У LPP Свабодзе патлумачылі, што кампанія плянуе перайсьці ад мадэлі франшызы да продажаў на аснове ўласных салёнаў.

Яшчэ ў траўні ў гандлёвым цэнтры Galleria Minsk зачынілася крама польскага брэнду Reserved. Цяпер у Galleria Minsk зачынілі краму Sinsay, неўзабаве такі ж лёс чакае Mohito, Cropp, House. У Green City пачалася ліквідацыя Reserved.

Беларусы езьдзілі ў Літву ці ў Польшчу, каб набыць там тавары вядомых брэндаў. Таму адкрыцьцё такіх крамаў у Менску ды іншых гарадах было заўважным. Першая крама польскага брэнду Reserved адкрылася ў гандлёвым цэнтры Galleria Minsk на праспэкце Пераможцаў у 2017 годзе. Франшызу Reserved у польскай LPP купіла група кампаніяў «Рапа».

«Яны на нас проста прамацалі рынак»

У Беларусі зь пяцьцю згаданымі брэндамі LPP працавала група кампаніяў «Рапа» (Reserved, Mohito і Sinsay) і кампанія «ТДМ-імпарт» (House и Cropp). У кампаніі «Рапа» адмовіліся ад камэнтароў.

Крама Reserved польскага брэнду LPP у Менску
Крама Reserved польскага брэнду LPP у Менску

Дырэктар «ТДМ-імпарт» (прасіў не называць ягонае імя) расказаў карэспандэнту Свабоды, што ў іх зачыніліся чатыры крамы — у Менску, Берасьці і Горадні. Ён сказаў, што са жніўня LPP спыніла пастаўкі тавараў і напісала заяву пра скасаваньне дамовы.

«Крамы без тавару ня могуць працаваць, таму яны і зачыненыя. Там ужо будуць прадаваць іншыя брэнды, — кажа дырэктар „ТДМ-імпарт“. — Асноўная прычына ў тым, што яны самі захацелі працаваць на беларускім рынку. Спачатку яны ўказвалі, што ў нас запазычанасьці, пісалі нам лісты. Потым прызналі, што гэтага няма. То бок ў гэтым пункце яны прэтэнзіі скасавалі і пачалі абвінавачваць нас у тым, што мы не адкрылі новыя абʼекты, хаця новых абʼектаў мы ня можам адкрываць бязь іх, а толькі зь іхным удзелам.

Мы вялі перамовы з гандлёвымі комплексамі, езьдзілі, выбіралі пляцоўкі. Але ніводную пляцоўку LPP не пацьвердзіла, таму новыя абʼекты не былі адкрытыя. У той жа час яны нас абвінавацілі, што абʼекты не адкрытыя. Надуманыя прычыны, вось і ўсё».

Паводле кіраўніка «ТДМ-імпарт», польскі бок хоча працаваць у Беларусі без пасярэднікаў. Але якія страты прынясе кампаніі закрыцьцё крамаў?

Ліквідацыя крамы Reserved у гандлёвым цэнтры Green City у Менску
Ліквідацыя крамы Reserved у гандлёвым цэнтры Green City у Менску

«Гэта складана палічыць, бо ў нас усё было закладзена на 5 гадоў супрацоўніцтва. Прайшла толькі палова часу. Астатнія 2,5 года плянаваны прыбытак мы ня будзем атрымліваць. І калі б мы адкрывалі крамы самі, без LPP у нас былі б у 2-3 разы меншыя выдаткі на адкрыцьцё. Бо ў іх былі вельмі высокія патрабаваньні наконт і абсталяваньня, і рамонту, і ўсяго. Таму назваць нейкую лічбу я не магу. Але калі б мы адпрацавалі 5 гадоў, на якія быў заключаны кантракт, вядома, мы свае грошы вярнулі б і зарабілі.

Але гэта былі рызыкі. Яны самі не адкрывалі, не ўкладаліся. Яны на нас проста прамацалі рынак, даведаліся яго магчымасьці», — сказаў дырэктар «ТДМ-імпарт».

На пытаньне, ці будзе беларуская фірма судзіцца з LPP, дырэктар «ТДМ-імпарт» адказаў: «Пакуль мы ў роздумах і кансультацыях».

«Гэта дазволіць даць кліентам новыя і больш прывабныя лякалізацыі»

Польскі бок вырашыў не выкупляць адкрытыя на ўмовах франшызы крамы. У LPP Свабодзе патлумачылі, што кампанія плянуе перайсьці ад мадэлі франшызы да продажаў на аснове ўласных салёнаў.

«Беларусь для нас вельмі важны рынак, і мы хочам прадаваць тут свае калекцыі. Больш за тое, плян разьвіцьця сеткі крамаў гандлёвых марак LPP, незалежна ад рэгіёну, у якім мы працуем, цяпер прадугледжвае арыентацыю на яго якаснае разьвіцьцё.

Што да беларускага рынку, то дагэтуль салёнамі LPP займаліся нашыя мясцовыя партнэры. Згодна са стратэгіяй LPP, на рынках з ростам патэнцыялу продажаў — а такім Беларусь для нас акурат і ёсьць — мы вырашаем перайсьці ад мадэлі франшызы да продажаў на аснове ўласных салёнаў. Мы перакананыя, што гэта дазволіць нам неўзабаве даць кліентам у гэтым рэгіёне новыя і больш прывабныя лякалізацыі ў яшчэ шырэйшым фармаце, а значыць, і ў шырэйшай прапанове».

Паводле LPP, такая зьмена вымагае часу як для фармальнага спыненьня супрацоўніцтва, так і падрыхтоўкі новых месцаў для адкрыцьця ўласных салёнаў усіх пяці марак.

«Таму мы пакуль ня можам дакладна пацьвердзіць, дзе будуць створаны новыя крамы, пры гэтым запэўніваем усіх кліентаў у Беларусі, што неўзабаве зьявяцца месцы, дзе яны змогуць скарыстацца нашай прапановай», — паведамілі ў LPP.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG