Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у Швэцыі больш ня будзе «Белай Расеяй»

абноўлена

 Чальцы беларускай дыяспары на пікеце ў Стакгольме патрабуюць ад швэдзкага МЗС перастаць называць іхных суайчыньнікаў «беларасійцамі». Кастрычнік 2019.
Чальцы беларускай дыяспары на пікеце ў Стакгольме патрабуюць ад швэдзкага МЗС перастаць называць іхных суайчыньнікаў «беларасійцамі». Кастрычнік 2019.

Ад гэтага часу ўрад Швэцыі ў афіцыйных зносінах будзе называць Беларусь па-швэдзку Belarus замест Vitryssland (Белая Расея). Пра гэта паведаміла міністарка замежных справаў Швэцыі Ан Ліндэ ў сваім артыкуле ў выданьні Dagens Nyheter.

«Гэта прызнаньне беларускай грамадзянскай супольнасьці і людзей, якія даўно хацелі падкрэсьліць нацыянальную ідэнтычнасьць і сувэрэнітэт сваёй краіны», — піша Ліндэ.

Такім чынам Міністэрства замежных справаў адмаўляецца ад тэрміну, які можа можа выклікаць асацыяцыі з Расеяй (Ryssland), бо слова Русь (Rus) не адносіцца да Расеі, піша Ліндэ. Русь — гэта назва земляў ва Ўсходняй Эўропе, якія ў сярэднявеччы былі населеныя ўсходнеславянскімі народамі.

Паведамленьне супадае ў часе зь візытам Ан Ліндэ ў Менск разам зь яе фінскім калегам Пэка Хаавіста.

У МЗС Швэцыі заяўляюць, што тое самае «выпраўленьне» — зь «Белай Русі» на «Беларусь» — раней адбылося сярод іншага ў ангельскай і францускай мовах.

«Я бяру з сабой гэтую навіну, калі сёньня з афіцыйным візытам наведваю Менск. Я еду разам зь міністрам замежных справаў Фінляндыі Пэка Хаавіста як прадстаўніком старшынёўства ў ЭЗ, і буду сустракацца з прадстаўнікамі ўраду Беларусі, а таксама з грамадзянскай супольнасьцю, апазыцыяй і моладзьдзю», паведаміла швэдзкая міністарка.

Ан Ліндэ адзначыла, што Беларусь — гэта краіна, дзе, за выключэньнем Швэцыі і Фінляндыі, рэкордная колькасьць людзей на душу насельніцтва вывучаюць швэдзкую мову.

У рамках візыту Ан Ліндэ з сваім фінскім калегам будуць весьці дыялёг у важных для Швэцыі і ЭЗ пытаньнях. Паводле яе, калі дыялёг грунтуецца на перакананьні, што кантакты заўсёды лепшыя за ізаляцыю — нават кантакты з краінамі, спосабы кіраваньня і палітыка якіх заснаваныя на каштоўнасьцях, якія Швэцыя і ЭЗ не падзяляюць цалкам.

«У мяне ёсьць тры важныя мэсыджы, якія я перадам усім, каго сустрэну ў Беларусі», піша Ліндэ.

Па-першае, яна заявіла:

«Мы не ідзем на кампрамісы ў сваіх патрабаваньнях што да правоў чалавека, дэмакратыі і свабоды слова. Беларусь — апошняя краіна ў Эўропе, якая ўжывае сьмяротнае пакараньне. Працягваюцца перасьлед і затрыманьні апазыцыянэраў, што для нас непрымальна... Паводле міжнародных назіральнікаў, падчас выбараў у мінулыя выходныя былі выяўленыя сур’ёзныя дэмакратычныя недахопы».

Паводле міністаркі, Швэцыя і ЭЗ будуць прынцыпова патрабаваць адмены сьмяротнага пакараньня і пратэставаць супраць парушэньняў правоў чалавека, і будуць працягваць падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў Беларусі.

Па-другое, Ан Ліндэ заявіла пра намер Швэцыі павялічыць супрацоўніцтва ў тых галінах, дзе ў Швэцыі і Беларусі ёсьць агульныя інтарэсы. Сярод іншага яна згадала барацьбу з гандлем людзьмі і прастытуцыяй, супрацоўніцтва ў справе клімату і навакольнага асяродзьдзя ў агульнай для абедзьвюх краін зоне.

Па-трэцяе, швэдзкая міністарка зазначыла:

«Мы выступаем за эўрапейскі рэжым бясьпекі і права дзяржаваў на выбар незалежнай палітыкі бясьпекі. З моманту незалежнасьці ў 1991 годзе Беларусь шукала ўласную ідэнтычнасьць у сучаснай Эўропе, а таксама ў зьнешняй палітыцы. Разьмяшчэньне краіны паміж Расеяй і ЭЗ стварае асаблівыя ўмовы, якія яна імкнулася выкарыстаць у якасьці будаўніка мастоў».

Ан Ліндэ адзначыла канструктыўную ролю Беларусі ў правядзеньні Менскага працэсу і трохбаковай кантактнай групы, накіраванай на дыпляматычнае вырашэньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

«Ізаляцыя не прывядзе да большай дэмакратыі, правоў чалавека і ўстойлівага разьвіцьця. Зьмена назвы Беларусі і мой візыт у Менск — гэта відавочны сыгнал, што Швэцыя хоча больш цеснага дыялёгу зь Беларусьсю: з урадам краіны, апазыцыяй і зь беларускім народам. Каб умацаваць нашу агульную бясьпеку і абараніць асноўныя правы і свабоды чалавека», піша міністарка замежных справаў Швэцыі Ан Ліндэ ў артыкуле ў выданьні Dagens Nyheter.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG