У беларускім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, які публікуе Міністэрства інфармацыі, з абнаўленьнем ад 14 лістапада зьявілася некалькі новых пунктаў.
Пад забарону трапіў фільм блогера Паўла Сьпірына пра наркагандаль у Беларусі і жорсткія пакараньні маладых людзей па артыкуле 328 КК РБ. Паўгадзінная стужка ўжо мае 218 тысяч праглядаў на Youtube. Пры тым іншыя відэа блогера ў сьпіс ня трапілі — у тым ліку фільмы пра Аляксандра і Мікалая Лукашэнкаў (пра першага — 977 тысяч праглядаў, пра другога — 259 тысяч).
Пад забарону трапіла і суполка нэанацыстаў у сацыяльных сетках, і суполкі «ЎКантакце» футбольных фанатаў зь Ліды і Слоніма (яны ўжо перабраліся на новы адрас), і некаторыя відэа нэанацысцкай тэматыкі, і асобныя кнігі пра іслам, і відэа тэракту ў Новай Зэляндыі, і сайт «Анархия сегодня», і «видеофайл „Песенка“»…
Акрамя таго, забароненай стала абрэвіятура з чатырох літар, якая мае значэньне «ўсе супрацоўнікі дзяржаўных органаў кепскія» (супрацоўнікаў параўноўваюць з сабакамі), а таксама расшыфроўка гэтай абрэвіятуры на беларускай (але не расейскай ці нейкай іншай) мове. Раней ужо была забароненая падобная англамоўная абрэвіятура, якая характарызуе праваахоўнікаў.
У сьпіс дадаюцца матэрыялы, забароненыя рашэньнямі судоў. За выраб, распаўсюд ці нават перавозку экстрэмісцкіх матэрыялаў (у тым ліку падабайку і рэпост) паводле арт. 17.11 КаАП РБ можа пагражаць штраф да 50 базавых велічыняў (1275 рублёў), канфіскацыя сродку ўчыненьня злачынства (напрыклад, кампутара, зь якога ставілася падабайка) і адміністрацыйны арышт.
Першы па парадку пункт у сьпісе — фільм «Урок беларускай мовы», які расказвае пра прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і вучняў выгнанага беларускімі ўладамі Коласаўскага ліцэю.
Але экстрэмісцкай у Беларусі лічыцца і інфармацыя з прапагандай экстрэмісцкай дзейнасьці або з заклікамі да яе — гэта значыць, можна пакараць чалавека за распаўсюд (або нават перавозку з мэтай распаўсюду) матэрыялу, яшчэ не прызнанага экстрэмісцкім.