Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У тэкстах адыёзнай газэты «Вечерний Могилёв» выявілі прыкметы экстрэмізму


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік міністра інфармацыі Беларусі Павал Лёгкі паведаміў актывісту з Маладэчна Валянціну Цішко аб выніках разгляду ягонага звароту наконт публікацыяў прыватнага выданьня «Вечерний Могилёв». Як перадае сайт «Журналісты за талерантнасьць», экспэртная камісія пры Мінінфарме выявіла прыкметы экстрэмізму ў двух тэкстах выданьня.

Валянцін Цішко прасіў праверыць 14 публікацыяў «Вечернего Могилёва» на тэму ЛГБТ. Два артыкулы, у якіх выяўленыя прыкметы экстрэмізму, застаюцца на момант публікацыі ў адкрытым доступе. Іх распаўсюд стане незаконным толькі тады, калі суд прызнае іх экстрэмісцкімі.

Заключэньне аб прыкметах экстрэмізму цяпер накіраванае праваахоўнікам «для рашэньня пытаньня аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці на падставе артыкулу 17.11 КаАП РБ». Паводле гэтага артыкулу, за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, яшчэ ня ўключаных у адпаведны сьпіс Мінінфарму, пагражае штраф да 20 базавых велічыняў для фізычнай асобы ці ад 50 да 200 базавых для юрыдычнай з магчымай канфіскацыяй тэхнікі.

«Вечерний Могилёв» шмат разоў займаў першыя пазыцыі ў рэйтынгах мовы варожасьці ў байнэце, якія складалі «Журналісты за талерантнасьць». Напрыклад, яшчэ ў 2015 годзе галоўная рэдактарка газэты ставіла ў адзін шэраг п’янства, хуліганства, забойствы і «распаўсюд гомасэксуалізму».

Праваабаронцы, актывісты і «Беларуская асацыяцыя журналістаў» тым часам зьвяртаюць увагу на тое, што размытыя фармулёўкі законаў аб экстрэмізме даюць прастору для злоўжываньняў і абмежаваньня свабоды слова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG