Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швэцыі спынілі справу супраць стваральніка Wikileaks Джуліяна Асанжа


Джуліян Асанж
Джуліян Асанж

У Швэцыі пракуратура абвясьціла аб тым, што спыняе расьсьледаваньне абвінавачваньняў у згвалтаваньні, вылучаных у дачыненьні да заснавальніка Wikileaks Джуліяна Асанжа.

Па словах прадстаўніка пракуратуры, доказы віны Асанжа, сабраныя ў ходзе сьледзтва, недастатковыя для таго, каб перадаць справу ў суд.

Рашэньне аб спыненьні расьсьледаваньня можа быць абскарджана.

Абвінавачваньні супраць Асанжа былі вылучаныя ў 2010 годзе. Сам ён адмаўляў іх, сьцьвярджаючы, што жанчына, якая яго абвінаваціла, займалася з ім сэксам добраахвотна.

Швэцыя тады запатрабавала ад Вялікабрытаніі экстрадыцыі Асанжа. Баючыся экстрадыцыі, заснавальнік Wikileaks схаваўся ў пасольстве Эквадора ў Лёндане. Улады Эквадора далі яму палітычны прытулак. Асанж амаль 7 гадоў жыў у будынку амбасады, а ўвесну гэтага года быў выдадзены брытанскім уладам пасьля таго, як быў пазбаўлены прытулку. Цяпер ён адбывае турэмны тэрмін за парушэньне ўмоў закладу, а таксама чакае рашэньня суда аб яго экстрадыцыі ў ЗША.

Злучаныя Штаты патрабуюць экстрадаваць Асанжа па цэлым шэрагу абвінавачваньняў, зьвязаных з незаконным атрыманьнем і публікацыяй сакрэтных дакумэнтаў Пэнтагона. Яму пагражае працяглы турэмны тэрмін.

Імя заснавальніка Wikileaks згадвалася таксама ў сувязі з публікацыяй дакумэнтаў са ўзламанага сэрвэра Дэмакратычнай партыі ЗША, у выкраданьні якіх спэцпрокурор Робэрт Мюлер абвінаваціў супрацоўнікаў расейскай ваеннай выведкі.

У канцы траўня прадстаўнік ААН па супрацьдзеяньні катаваньняў Нільс Мэльцэр заявіў, што Асанж у турме пакутуе ад псыхалягічных катаваньняў. На думку Мэльцэра, у заснавальніка Wikileaks прыкметная ноткі трывогі і адчуваньне пагрозы з боку ўсіх навакольных яго людзей.

Пасьля таго як Асанжа пазбавілі прытулку ў Эквадоры, у Швэцыі аднавілі расьсьледаваньне па справе аб згвалтаваньні, аднак швэдзкі суд ня стаў запытваць Вялікабрытанію аб экстрадыцыі заснавальніка Wikileaks.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG