Дзярждума Расеі на пасяджэньні 19 лістапада прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў закон аб «замежных агентах», згодна з якімі такімі агентамі цяпер могуць быць прызнаныя фізычныя асобы. Напрыклад тыя, хто працуе ў СМІ, ужо прызнаных «замежнымі агентамі» або распаўсюджвае ў інтэрнэце іх публікацыі.
Папраўка тычыцца выпадкаў, калі чалавек за распаўсюд інфармацыі атрымлівае «грашовыя сродкi i iншую маёмасьць» ад замежных дзяржаў або іх дзяржаўных органаў, ад міжнародных і замежных арганізацый, замежных грамадзян або ад замежных СМІ — «замежных агентаў». Папраўка таксама тычыцца пераводаў ад расейскіх юрыдычных асоб, заснаваных замежнымі СМИ — «замежнымі агентамі». У трэцім чытаньні законапраект можа быць прыняты ўжо 21 лістапада.
Закон аб СМІ-«замежных агентах» у Расеі быў прыняты ў 2017 годзе. Пасьля гэтага расейскія ўлады прызналі «замежнымі агентамі» Радыё Свабода, Голас Амэрыкі, тэлеканал «Настоящее время», выданьне «Медуза» і некалькі іншых навінавых кампаній.
Выданьні, якія ўжо знаходзяцца ў рэестры «замежных агентаў», павінны будуць да 1 лютага 2020 году стварыць расейскую юрыдычную асобу і працаваць на тэрыторыі Расеі толькі празь яе, у тым ліку празь яе плаціць заробкі і ганарары журналістам. Публікацыі такіх СМІ павінны будуць суправаджацца ў расейскіх сацсетках і на сайце маркіроўкай «створана замежным агентам».
У Дзярждуму ўжо накіраваны папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія ўводзяць штрафы да 5 мільёнаў рублёў за парушэньне парадку працы СМІ - «замежнага агента». Штрафы дэпутаты плянуюць увесьці ўжо з 1 лютага 2020 году.