Паліцыя Ганконгу штурмам узяла кампус політэхнічнага унівэрсытэту, дзе апошнімі днямі хаваліся пратэстоўцы. Паводле СМІ, ёсьць арыштаваныя і параненыя. Іх колькасьць удакладняецца.
Студэнты закідвалі паліцыянтаў бутэлькамі з запальнай сумесьсю. Гэта прывяло да пажараў. У адказ паліцыя выкарыстала сьлезацечны газ, гумовыя кулі і вадамёты. Рэктар унівэрсытэту дамовіўся спыніць апэрацыю, калі студэнты спыняць радыкальныя выступы. Ён прапанаваў навучэнцам пакінуць тэрыторыю ўнівэрсытэту і здацца. Актывісты сьцьвярджаюць, што паліцыя затрымлівала ўсіх, хто спрабаваў пакінуць кампус падчас штурму.
У паліцыі факт штурму і правядзеньне рэйдаў ўнутры кампусу адмаўляюць і сьцьвярджаюць, што затрымлівалі толькі радыкальных актывістаў.
Пратэсты ў Ганконгу пачаліся летам. Спачатку пратэстоўцы патрабавалі адмяніць разгляд законапраекту аб экстрадыцыі ў мацерыковы Кітай. Улады пайшлі на саступкі, але актывісты сталі дамагацца расьсьледаваньня дзеяньняў паліцыі на акцыях, вызваленьня ўсіх арыштаваных падчас пратэстаў, адстаўкі кіраўніка аўтаноміі Кэры Лам і большай незалежнасьці ад Пэкіну.