Грэцыя ўключылася ў барацьбу за грошы багатых замежнікаў і кінула выклік Лёндану, Манака і Люксэмбургу ў спробе выбрацца з зацяжнога эканамічнага крызісу, піша BBC.
Любому жадаючаму выбраць месцам выплаты падаткаў Грэцыю новы кансэрватыўны ўрад гатовы дараваць усе падаткі з заробленага за мяжой у абмен на аднаразовы плацёж у 100 тысяч эўра ў год плюс па 20 тысяч за кожнага чальца сям’і.
Для гэтага дастаткова правесьці ў краіне 183 дзён у год і ўкласьці паўмільёна эўра ў нерухомасьць, грэчаскія аблігацыі або акцыі.
«Падатковыя паслабленьні разьлічаны на тэрмін да 15 гадоў і ўключаюць адмену падатку на спадчыну, атрыманую за межамі Грэцыі», — цытуе Reuters высокапастаўленага грэцкага чыноўніка.
Такім чынам Грэцыя спадзяецца прыцягнуць багатых людзей і ажывіць эканоміку за кошт іх грошай. Усяго некалькі гадоў таму яна апынулася ў магутным крызісе і ўратавалася толькі дзякуючы крэдытам ЭЗ і МВФ на чвэрць трыльёна эўра. Каб аддаваць іх, Грэцыі яшчэ паўстагодзьдзя давядзецца жыць, зацягнуўшы паясы.
Грэцыя сурʼёзна зьбяднела за апошнія дзесяцігодзьдзі. З сераднякоў сярод 28 краін ЭЗ яна спаўзла ў тройку самых бедных.