Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая прэс-сакратарка Януковіча расказвае пра Байдэна, Манафорта і «чорную бухгальтэрыю» ўлады


Тагачасны віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і лідэр «Партыі рэгіёнаў» Віктар Януковіч, 21 Ліпеня 2009 году
Тагачасны віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і лідэр «Партыі рэгіёнаў» Віктар Януковіч, 21 Ліпеня 2009 году

Скандалу зь магчымым ціскам Вашынгтону на ўкраінскі ўрад папярэднічаў яшчэ адзін скандал. Пасьля таго, як у Расею ўцёк былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, журналіст Сяргей Лешчанка апублікаваў так званую «Амбарную кнігу», дзе, як мяркуецца, запісваліся фінансавыя выдаткі партыі Яуковіча.

З гэтай кнігі стала вядома, што кампанію «Партыі рэгіёнаў» Віктара Януковіча праводзіў Пол Манафорт, які пазьней быў кіраўніком выбарчага штабу Дональда Трампа. Ад чэрвеня 2018 году Манафорт знаходзіцца ў зьняволеньні: амэрыканскі суд прызначыў яму 7,5 года за ўхіленьне ад падаткаў і фінансавае махлярства.

Аб «Амбарнай кнізе» і выплатах з партыйнай касы журналісты з «Настоящего времени» пагутарылі з Ганнай Герман. Яна была прэс-сакратаркай Віктара Януковіча яшчэ ў тыя часы, калі ён займаў пасаду прэм’ер-міністра, пазьней — ягонай дарадцай, а таксама тройчы была дэпутаткай Вярхоўнай Рады ад «Партыі рэгіёнаў».

Пра Пола Манафорта

Ганна Герман працавала з амэрыканскім паліттэхнолягам Полам Манафортам ва Ўкраіне, калі ён займаўся выбарчай кампаніяй Віктара Януковіча.

— Мы працавалі зь ім. Я шмат навучылася ў Манафорта, ён бліскучы тэхноляг, ён бліскучы стратэг. Гэта быў яшчэ адзін мой унівэрсытэт — праца з ім.

«Амбарная кніга» — гэта быў журнал, у якім рабіліся нататкі аб выдатках партыі на нейкія рэчы: на камандзіроўкі, вось як Тарас Чарнавол, езьдзіў кудысьці там, яму грошы давалі, на рэкляму, на працу з прэсай. Гэта ўсё заплянаваныя грошы, якія партыя траціць падчас выбарчай кампаніі.

— Гэта былі «белыя грошы»?

— Ну вядома ж! Гэта ўсё было, яны рабілі ж справаздачу — гэта ўсё было паводле справаздачы. Калі і былі «чорныя грошы» ў кампаніі, ну дапусьцім, бо рознае бывала... Я не магу сказаць, што такога не было, што ня было «нячыстых грошай». Я не магу гэтага сказаць, бо я ня ведаю, я не займалася фінансавымі пытаньнямі. Але калі такія грошы і бываюць, пра іх ніхто ня напіша ў журнале, гэта таксама вядомыя рэчы.

Я бачыла гэты журнал, дзе запісваюць нейкія дробныя выдаткі на нейкія, ведаеце, мерапрыемствы, на арганізацыю нейкіх акцый. Гэта ўсё існавала. Але подпісу Манафорта там ня было.

— Максымальная сума была — 6 мільёнаў даляраў, калі верыць гэтым старонкам з журналу, і яны выдаваліся розным людзям. $6 млн — гэта службовая выправа?

— Я ня ведаю, былі розныя выдаткі, напэўна. Гэта справа пракуратуры: калі ў іх няма дакумэнтаў, няхай усе партыі правяраюць. Партыі звычайна трацяць велізарныя грошы на выбары. І ў Амэрыцы тое самае. Але калі Гарбацюк пакажа вам подпіс Манафорта там, хоць недзе, я скажу, што гэта праўда.

Сяргей Гарбацюк да 23 кастрычніка гэтага году ўзначальваў спэцупраўленьне ў Генпракуратуры Украіны — ён займаўся расследаваньнем забойстваў на Майдане і справай аб «чорнай касе» «Партыі рэгіёнаў». Ён расказвае, што ў першую чаргу былі праведзены почыркаведчыскія экспэртызы.

«Яны ў многіх выпадках пацьвярджаюць ці почырк, ці подпіс той або іншай асобы. Таксама ёсьць сьведчаньні, даволі шматлікія, якія ўказваюць на тое, што яны сапраўды атрымлівалі сродкі і расьпісваліся за іх атрыманьне ў гэтай кнізе», — кажа Сяргей Гарбацюк.

У «Амбарнай кнізе» «Партыі рэгіёнаў» прысутнічала прозьвішча Пола Манафорта і былі напісаны сумы грошаў да выдачы. На першай апублікаванай старонцы насупраць імені Манафорта стаяў подпіс тагачаснага дзейнага дэпутата — «рэгіянала» Яўгенія Гелера. Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны паведамляла, што сярод прозьвішчаў у сьпісе гэтай «чорнай бугальтэрыі» імя Пола Манафорта напісана 22 разы. Тым ня менш, Ана Герман упэўнена, што Манафорт ніколі не падпісваў ніякіх ведамасьцей.

«Ніколі. Манафорту гэта было непатрэбна. Калі б Манафорту хтосьці даваў гэтыя грошы, то ім гэта таксама не патрэбна. Гэта ўсе прыдумкі. Гэта фэйк. Гэта тое, што сыграла супраць, паспрабавала сыграць супраць Трампа. Трамп не герой майго рамана. Але мы павінны быць справядлівымі і павінны быць абʼектыўнымі», — кажа яна.

Журналіст і былы дэпутат Верхоўнай Рады Сяргей Лешчанка апублікаваў першую старонку з «Амбарнай кнігі» у сакавіку 2016 году, калі Пол Манафорт стаў кіраўніком выбарчага штату кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Дональда Трампа. Ужо ў жніўні 2016 года Манафорт адправіўся ў адстаўку.

Паводле Сяргея Лешчанкі, сьцьверджаньне, што подпісу Манафорта нідзе няма, — дутая сэнсацыя:

«Ніхто ніколі не казаў, што там ёсьць подпіс Манафорта. Подпіс Манафорта ёсьць, напрыклад, у кантракце, які суправаджаў «чорную бухгальтэрыю». Бо ў офісе Манафорта ў 2017 годзе мне перадалі адзін з кантрактаў на тую самую суму, тую самую дату, якая фігуруе ў «чорнай бугальтэрыі», — перавод з кіргіскага рахунку кампаніі з Бэлізу на амэрыканскі рахунак Манафорта на 750 тысяч даляраў ЗША.

Пра Джо Байдэна

Джо Байдэн — адзін з верагодных канкурэнтаў Трампа на сучасных выбарах у ЗША, а ягоны сын Гантэр да нядаўняга часу ўваходзіў у раду дырэктараў украінскай газаздабыўнай кампаніі «Бурысма». Цяпер у Кангрэсе праходзяць слуханьні наконт магчымага націску на Кіеў з боку Трампа. Яго падазраюць у тым, што ён прасіў правесьці расследаваньне ў дачыненьні да сына Байдэна — знайсьці кампрамат на свайго канкурэнта на выбарах, што адбудуцца налета. Падчас Эўрамайдану Джо Байдэн тады віцэ-прэзыдэнт ЗША ў адміністрацыі Барака Абамы — быў адзін з галоўных перамоўнікаў з Кіевам з боку ЗША.

— Скажыце, вы Гантэра Байдэна калі-небудзь асабіста сустракалі?

— Не. Але я бачыла, што [Джо] Байдэн ня раз тэлефанаваў прэзыдэнту Януковічу. Я ведаю, як ён сурʼёзна рупіўся пра Ўкраіну. Ён ніколі не тэлефанаваў па нейкіх асабістых пытаньнях. Гэтыя пытаньні заўсёды тычыліся нейкіх дзяржаўных спраў.

Я памятаю, Байдэн тэлефанаваў і ў абарону Юліі Цімашэнкі. Памятаю і адказ Віктара Януковіча, ён сказаў: «На жаль, гэта справа суду і пракурора. Я не ўплываю на судовую ўладу і на пракурорскую ўладу ва Ўкраіне». Хоць гэта магло быць ня так, але сказаў правільна. Было шмат званкоў. Байдэн вельмі часта званіў. Мне здаецца, ён неяк любіў Украіну. Ён вельмі шмат увагі зьвяртаў на Ўкраіну, і я ня памятаю, прынамсі пры нашай уладзе, каб ён патэлефанаваў па нейкіх асабістых справах. Ён спрабаваў падчас Майдана ўрэгуляваць канфлікт.

Пра Майдан і пра Януковіча

У студзені 2019 году Абалонскі раённы суд Кіева прызначыў Януковічу 13 гадоў пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і пасобніцтве краіне-агрэсару падчас «агрэсіўнай вайны супраць Украіны з боку Расеі». Прычынай гэтаму стаў ліст, які Януковіч напісаў расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну ў сакавіку 2014 года. Ён прасіў Пуціна накіраваць войскі на тэрыторыю краіны «для абароны населеных пунктаў ва Ўкраіне», дзе людзі нібыта «перасьледуюцца» паводле палітычных і моўных прычынаў. У гэты час ён ужо быў адхілены Вярхаўнай Радай ад улады, але сам сябе назваў «легітымным прэзыдэнтам Украіны».

Цяпер Януковіч хаваецца ад украінскага правасудзьдзя ў Расеі.

— Зь Віктарам Януковічам вы ўжо не падтрымліваеце зносіны?

— Амаль што не, амаль што не.

— Калі вы ў апошні раз размаўлялі?

— Недзе гады два таму, перад тым як я выступала ў судзе ў яго абарону. Я сустракалася зь ім. Мяне цікавілі адказы на некаторыя пытаньні, безь якіх я ня магла дакладна і праўдзіва намаляваць у сваёй галаве карціну таго, як усё сапраўды было. Былі некаторыя рэчы, у якіх я не ведала, — яны ўжо без мяне адбываліся.

Калі мы зь ім гутарылі апошні раз, ён ужо быў у верталёце — зьлятаў з Кіева. Ён мяне пераканаў, што не зьбіраецца пакідаць Украіну і што ён едзе на ўсход Украіны каб сустрэцца са сваімі прыхільнікамі там, на ўсходзе Ўкраіны. Мяне цікавіла, чаму ён прыняў гэтае рашэньне — пакінуць Украіну. А без адказу на гэтае пытаньне мне было цяжка выпрацаваць сваю пазыцыю.

Мяне зацікавіў ліст да Пуціна пра увод войскаў. Мяне зацікавіла, як гэта ўсё было. І калі я даведалася і ўбачыла, што былі лісты да ўсіх краін, да лідэраў усіх краін, якія тады падпісалі пагадненьне мірнае падчас Майдану, памятаеце — Францыя, Польшча, Нямеччына і Расея. Расея не падпісала, а тры краіны падпісалі паручніцтва аб тым, што калі Януковіч адвядзе войскі, то Майдан скончыцца мірна. Што калі ён ініцыюе прэзыдэнцкія выбары, то ўлада мірным шляхам пяройдзе ад яго да іншых людзей. Бо ён не зьбіраўся ісьці на гэтыя выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG