Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад паабяцаў сачыць за грэчкай. Ці будзе, як у 2010-м?


Крупы ў краме, ілюстрацыйнае фота
Крупы ў краме, ілюстрацыйнае фота

Слухаючы 29 кастрычніка даклад пра завяршэньне ўборачнай кампаніі, Аляксандар Лукашэнка зьвярнуў увагу на малы ўраджай грэчкі. Урад паабяцаў сачыць за цэнамі. Эканаміст згадвае прычыны «грачанага крызісу» 2010 году і разважае, ці можа такі крызіс паўтарыцца.

Дворнік сочыць

На нарадзе Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ўраджай грэчкі сёлета меншы, чым у мінулым годзе, а ў Расеі «грэчкі няма зусім», перадае БелТА. Ён заявіў, што калі нічога не рабіць, зь Беларусі «ўся гэтая грэчка выцеча ў Расею, і мы застанемся зь мінімумам грачаных крупаў і высокімі цэнамі».

Урад паабяцаў «трымаць руку на пульсе» цэнаў на грэчку. Віцэ-прэм’ер Уладзімер Дворнік адзначыў, што «сытуацыя па грэчцы сёньня мае месца», бо расейскі рынак недаатрымаў каля 20% грэчкі ў параўнаньні зь мінулымі гадамі. Але ў Беларусі «ёсьць той запас дзяржзамовы, які мы сёлета вырабілі, рэшткі мінулага году».

Абноўлена. На наступны дзень Мінгандлю вызначыла максымальныя гандлёвыя надбаўкі на грэчку

Што ў суседзяў

У Расеі, як пішуць «Ведомости», чакаецца мінімальны за пяць гадоў ураджай грэчкі, а пасевы былі самыя нізкія з 2003 году. Цэны ўжо пачалі расьці — пакуль пастаўнікі падвышаюць цэны на 25–50%, а спажывецкія цэны на грэчку з пачатку году вырасьлі на 6,4% (і засталіся амаль удвая ніжэйшыя за пік жніўня 2016 году).

Ва Ўкраіне, піша «Обозреватель», грэчкі пасеялі на 60% менш, чым летась, бо да таго яна пастаянна падала ў цане. Пакуль цэны на грэчку вырасьлі на 19%, да канца году прагназуюць рост спажывецкіх цэнаў на яе агулам на 30–40%.

«Грачаныя крызісы»: рэзкі ў 2010-м, адкладзены ў 2014-м

У 2010 годзе ў Беларусі былі праблемы з ураджаем празь сьпёку — ня толькі з грэчкай, але і са збожжам, бульбай, кукурузай. Восеньню цэны на грэчку літаральна за тыдзень падскочылі ў некалькі разоў, грэчка стала дэфіцытам, затым пачало зьнікаць масла. За год цана грэчкі вырасла амаль у пяць разоў. Міністэрства сельскай гаспадаркі тады рэкамэндавала пераходзіць на макарону, а дзяржаўныя СМІ вінавацілі ў дэфіцыце грэчкі спэкулянтаў.

У 2014 годзе грэчка рэзка падаражэла ў Расеі, але ў Беларусі тады пазьбеглі рэзкага росту. Праўда, цэны пастаянна расьлі ў наступныя гады (і даволі значна, але без такіх скачкоў, як у 2010–м), а фасоўка зьмяншалася з 1 кг да 800 і нават 700 грамаў.

Ураду трэба «ня спаць», тады крызісу можа ня быць, — эканаміст

Андрэй Юркоў, архіўнае фота
Андрэй Юркоў, архіўнае фота

Спэцыяліст у сельскай гаспадарцы, эканаміст Андрэй Юркоў, які называе сябе «байцом на фронце бітвы за ўраджай», мяркуе, што «грачаны крызіс» 2010 году ня быў выкліканы менавіта перакупнікамі — тады была «проста жахлівая сьпёка», «усё пагарэла» і ў Расеі, і ва Ўкраіне, і на ўсходзе Беларусі. Такое надвор’е здараецца даволі рэдка.

«Перакупаў можна, у прынцыпе, у нечым вінаваціць, — разважае ён. — Калі там на рынку не хапае 10% тавараў, то цана можа і ўдвая вырасьці. Але да чаго тут перакупы? Там былі проста законы рынку».

У 2014 годзе, мяркуе ён, праблемы былі выкліканыя ўжо «калгаснай сыстэмай»: ад усіх патрабавалі сабраць «сакральныя 10 млн тонаў» ураджаю, а грэчка дае невялікі і негарантаваны ўраджай, таму калгасы скарачалі пасевы. Зрэшты, так рэзка, як у 2010-м, цэны тады не падскочылі.

Сёлета такіх праблемаў, як у 2010 і 2014 гадах, не было, кажа Юркоў. Цяпер у Беларусі грэчкай больш займаюцца фэрмэры, а яны, «як людзі больш разважлівыя і запасьлівыя, мысьляць больш стратэгічна»: залішніх крупаў не прадаюць, робяць запасы. Хоць год быў не зусім спрыяльны для грэчкі, восень была даволі сухая — ураджай удалося сабраць адносна нармальна.

Цяпер дзяржава павінна проста «ня спаць» і рэагаваць «пры першых жа сымптомах», мяркуе эканаміст, і «грачанага крызісу» можна будзе пазьбегнуць: можна рабіць прэфэрэнцыі па імпарце, шукаць прадаўцоў, карэктаваць прагнозы і сачыць за «празрыстай мяжой» з Расеяй, празь якую могуць «павывозіць».

У верасьні, паводле Белстату, 1 кг грачаных крупаў каштаваў у сярэднім 1,77 рубля (у студзені — на 14 капеек меней). На момант публікацыі беларуская грэчка ў найбуйнейшым сэрвісе дастаўкі прадуктаў каштавала каля 1,99 рубля за 1 кг (фасоўка па 800 г), а расейская — ад 1,74 рубля за 1 кг (фасоўка па 700 г).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG