Лявон Вольскі 26 кастрычніка даў у менскім Prime Hall вялікі 4-гадзінны канцэрт зь песьнямі гуртоў «Мроя», N.R.M. і Zet, а таксама сольнага праекту Volski.
Квіткі на канцэрт пачыналі прадаваць, не анансаваўшы, хто будзе выступаць: перш анансавалі толькі «гістарычную падзею беларускага року». За некалькі дзён да канцэрту ўсе квіткі былі прададзеныя.
«Мроя», N.R.M., Zet… Вольскі выступіў зь песьнямі чатырох сваіх праектаў. ФОТА



«Мроя» была першым гуртам Вольскага. Заснаваная ў 1981 годзе, першы вялікі канцэрт дала 7 лістапада таго году. У савецкія часы «Мроя» грала «заходні» рок. Паступова гурт стаў хэдлайнэрам тагачаснай беларускай рок-сцэны

Для стылю гурту музычны крытык Вітаўт Мартыненка ў 80-я прыдумаў адмысловую назву: stod-rock (стод — тое самае, што ідал), бо чуў у гэтай музыцы паганскія матывы. У 1990 годзе савецкая фірма «Мелодия» выдала на кружэлцы альбом «Мроі» «Дваццаць восьмая зорка». Яшчэ чатыры альбомы выходзілі на аўдыёкасэтах


Пасьля творчага крызісу, частай зьмены гітарыстаў і прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі «Мроя» ў 1994-м вырашыла пачаць новы этап пад новай назвай: «Незалежная Рэспубліка Мроя» або скарочана N.R.M.
Першы час гурт меў даволі панкаўскае гучаньне, але пасьля паспрабаваў сябе ў доўгім шэрагу стыляў, ад рэгей да гардкору

За паўтара дзясятка гадоў N.R.M. з Вольскім запісаў такія гіты, як «Тры чарпахі», «Паветраны шар», «Партызанская» і «Лёгкія-лёгкія», выдаў шэсьць студыйных альбомаў, сабраў шмат узнагародаў і пабываў у «чорных сьпісах» уладаў




У часы N.R.M. існаваў таксама таямнічы праект Zet — вядома, што Вольскі зьвязаны зь ім нейкім чынам, але сьпявак не прызнаецца, якім менавіта. Гурт заўжды выступаў у масках, але многія пазнавалі ў вакале голас Вольскага
Zet выдаў усяго два альбомы — у 2000 і 2006 гадах. Гурт таксама трапляў у «чорныя сьпісы», канцэрты зрывалі нават пад наглядам КДБ. Апошні канцэрт Zet давалі аж у 2008 годзе







